Выбрать главу

- Яна самая! – дзяжурны таксама дазволіў сабе нясмелую ўсмешку. – Брыгадзір –Алаф Свенсан, аператар – Лэслі...

- Вельмі добра!

Скрайф зноў націснуў клавішу і твар дзяжурнага знік.

- Вось бачыш – усё ў парадку! – Скрайф пазяхнуў, потым устаў, як бы паказваючы гэтым, што размова закончана. – Хутка яна зноў забудзе, што калісьці жыла ў палацы. Хутка яна зноў стане ранейшай паслухмянай рабочай жонкай...

“Напіцца б зараз! – тужліва падумалася яму. – Не так, як заўсёды, а па-сапраўднаму! Да парасячага віскату... да адключкі! Каб толькі ні аб чым гэтым не думаць... каб ні аб чым, наогул, не думаць! Ну, чаму ты яшчэ тут сядзіш, Холін?! Ідзі! Уставай і ідзі! “

Але Холін працягваў сядзець, і Скрайфу нічога іншага не заставалася, як толькі зноў апусціцца на ранейшае сваё месца.

- Што яшчэ? – суха спытаў ён.

- Ды ўсё тое ж! – Холін уздыхнуў. – А што, калі яна ўспомніла не толькі той факт, што калісьці жыла ў палацы?

- Ды што б яна там не ўспомніла – хутка яна ўсё зноў забудзе! Магчыма, гэта ўжо адбылося... – Скрайф замаўчаў, у раздражненні барабанячы пальцамі па адпаліраванай паверхні стала. – Ведаеш, Максіміліян, у мяне шмат спраў, так што...

Але Холін нават не паварушыўся.

- Гэта “дзікая кошка”, Скін! – Зноў ён назваў Скрайфа Скінам, гэта хоць штосьці ды значыла. – Ты што, не разумееш, што гэта “дзікая кошка”?! І калі яна ўспомніла хоць невялікую частку свайго былога “я”...

- Тры рамонтнікі плюс муж... – пачаў было Скрайф, але Холін толькі адмоўна трасянуў галавой.

- Рамонтнікі не справяцца з ёй, Скін!

Злосць прайшла. Скрайфу раптам стала смешна.

- Там – Алаф Свенсан, былы космадэсантнік! – сказаў ён. – Там – Каратышка Джон, урэшце рэшт! Ты ніколі не бачыў, як ён завязвае вузлы на сталёвай арматуры? А як ён робіць ланцужкі з цвікоў на хуткасць? Не бачыў?

- Бачыў! – адазваўся Холін. – Але я бачыў і другое! – у голасе Холіна зноў загучала трывога і яна, трывога гэтая, міжволі перадалася і Скрайфу. – Я бачыў “дзікую кошку” ў справе!Хочаш паслухаць?

Больш за ўсё Скрайфу хацелася выпіць. Але, разумеючы, што ад Холіна так проста не адвязацца, ён нейк неакрэслена кіўнуў галавой. Няхай расказвае і вымятаецца, колькі ўжо можна!

- Гэта было некалькі гадоў таму, - пачаў Холін. – Я вяртаўся тады... а ў рэшце рэшт, якая розніца, адкуль я вяртаўся тады і куды накіроўваўся!На адной з планет у мяне была перасадка. Лайнер спазняўся, часу ў мяне было зашмат, і я зайшоў у бар мясцовага космапорта перакусіць… ну і перакуліць пару кілішкаў. Вось там я яе і ўбачыў...

Холін змоўк і нейкі час проста сядзеў моўчкі. Нарэшце Скрайф не вытрымаў.

- І ты што, адразу зразумеў, што перад табой “дзікая кошка”? – з сарказмам спытаў ён. – А можа, вы пазнаёміліся, і яна сама паведаміла табе аб гэтым?

- Нічога я не зразумеў! – Холін ці то не заўважыў сарказму, ці то проста не звярнуў на яго аніякай увагі. – Я, наогул, не заўважаў яе спачатку... у бары было даволі шмат народу… тым больш, што яна сядзела адна, збоку, каля самай сцяны. І ў гэты час у бар увалілася нейкая кампанія падвыпітых грамілаў...

- Космадэсантнікі? – спытаў Скрайф.

Холін паціснуў плячамі.

- Магчыма! Але, хутчэй за ўсё, гэта былі піраты...

- Піраты? – здзівіўся Скрайф. – Але ж піраты... яны па-за законам! Усюды... у любой часткі Федэрацыі!

- Толькі не там, дзе гаспадарыць ФІРМА! – Холін крыва ўсміхнуўся. – На гэтых планетах піраты адчуваюць сябе ў поўнай бяспецы. У адрозненні ад мясцовых жыхароў, якія, на сваё няшчасце, з імі там вымушаны кантактаваць...

Ён змоўк. Скрайф таксама маўчаў, паглажваючы пад сталом левай рукой халоднае шкло бутэлькі. Ну, давай жа... расказвай хутчэй і вымятайся!

- І што было потым? – спытаў ён, калі агульнае маўчанне зноў пачало пагрозліва зацягвацца.

- Потым? – Холін усміхнуўся. – Потым было, як звычайна. Іх было чалавек шэсць, і яны адразу ж пачалі дэбашырыць. Зневажалі мужчын... заляцаліся да жанчыны... калі хто з мужчын ўзаступаўся за іх–адразу ж атрымліваў па фізіяноміі...

- Уяўляю! – Скін са шкадаваннем паклаў левую руку на стол. – Табе таксама перапала?

- Ды не! – Холін, чамусьці, па-ранейшаму поўнасцю ігнараваў саркастычныя падначкі свайгосубяседніка. – Дакладней, магчыма б, і перапала... але, на маё шчасце, яны заўважылі гэтую дзяўчыну – нельга было не заўважыць такую прыгажуню – і ўсім кагалам рушылі да яе століка...

- Ну і... – Скрайфу раптам стала цікава, ён нават пра бутэльку забыўся. – Што было далей?

Холін устаў, павольна падыйшоў да адчыненага акна, нейкі час глядзеў кудысьці ўніз, потым зноў павярнуўся да Скрайфа.