Выбрать главу

- Пальцам, кажаш! – рыкаў О’Ніл, неміласэрдна збіваючы нагамі нерухомае цела жанчыны. – У палацы, кажаш!

Вось так, у мінулым годзе, сарваўшыся з-за дробязі, О’Ніл да смерці збіў папярэднюю сваю жонку, а затым горка шкадаваў аб гэтай сваёй нястрыманасці. Каб купіць новую жонку, яму прыйшлося залезці ў даўгі, і толькі зусім нядаўна ён поўнасцю з імі разлічыўся.

Думка пра тое, што ён зноў рызыкуе застацца без жонкі, крыху ахалодзіла ваяўнічы парыў фермера, але ніколькі не зменшыла яго злосці. Перастаўшы таптаць жонку нагамі, О’Ніл сарваў са сцяны віты скураны бізун. Гэты сродак утаймавання непаслухмяных жонак быў не менш дзейсным, але куды менш рызыкоўным.

- Вось табе палац! – праз зубы цадзіў О’Ніл кожны раз, калі бізун са свістам упіваўся ў аголенае жаночае цела. – Я навучу цябе, як трэба размаўляць з мужам! Я і так вельмі доўга быў цярплівым з табой, дрэнь!

Апамятаўшыся нарэшце, О’Ніл з жалем адкінуў убок размякшы ад крыві бізун і, не дакрануўшыся больш да сняданка, выйшаў з пакою, з усяе сілы грукнуўшы за сабой дзвярыма. На сваю рабочую жонку, якая нерухома і бездапаможна ляжала ў лужыне ўласнай крыві пасярод пакоя, ён нават не зірнуў.

Апынуўшыся на двары, О’Ніл, хоць і не адразу, паступова пачаў супакойвацца. Таропка зірнуўшы па баках і не ўбачыўшы паблізу анікога з дасужых суседзяў, ён нарэшце супакоіўся ўжо канчаткова і, цяжка ступаючы, накіраваўся ў бок вялікага памяшкання з акруглым бліскучым дахам. Гэтае памяшкання было кароўнікам, побач з ім, на агароджанай пляцоўцы, стаялі і звычна паглыналі сумесь торфу, саломы і апалай лістоты, паўсядзённую сваю ежу, сорак пяць кароў. На самой справе гэтыя мясцовыя жывёлы каровамі не з’яўляліся, але фермеры Аграполіса празвалі іх так па аналогіі з зямнымі жывёламі, якія таксама давалі людзям малако. Тут, на планеце, зямных кароў амаль не было, толькі асобныя фермеры-аматары маглі дазволіць сабе падобную раскошу. О’Ніл неяк аднойчы змог пабачыць сапраўдных кароў, і нават пакаштаваў іхняга малака. Зямное малако О’Нілу не вельмі спадабалася, як, дарэчы, і самі каровы, невялікія, разы ў тры меншыя за мясцовых. Да таго ж, па словах фермера-гаспадара, гэтыя экзатычныя стварэнні былі вельмі ўжо пераборлівыя ў ежы, а малака давалі – кот наплакаў....

Нейкі час О’Ніл стаяў нерухома і заклапочана назіраў, як аўтаматызаваная лінія дастаўкі бесперапынна падае ў кармушкі ўсё новыя і новыя порцыі корма... потым ён падыйшоў да цыстэрнаў, куды, гэтак жа бесперапынна лілося малако. Тут таксама ўсё было ў поўным парадку і сапсаваны настрой фермера значна палепшыўся. Але прыкрая думка аб тым, што ён, магчыма, крыху перабаршчыў з чарговым “выхаваннем” рабочай жонкі, усё ніяк не пакідала О’Ніла. А што, калі і гэта жонка таксама памрэ ад пабояў, як і папярэдняя!

Гэтая рабочая жонка была ў яго ўжо пятай па ліку. Ці, можа, усяго толькі пятай… гэта, як паглядзець. Бо сярод знаёмых О’Ніла былі і тыя, хто дзесяткі гадоў задавальняўся адной і той жа рабочай жонкай, і тыя, што змянялі сваіх жонак па некалькі разоў на год. Сустракаліся сярод фермераў і такія арыгіналы, якія трымалі адначасова не адну, а дзве, або нават тры рабочыя жонкі , але іх было нешмат. Фермеры – людзі ў асноўным ашчадныя і кансерватыўныя, трымаць больш за адну рабочую жонку, з іх пункту гледжання – недазволеная раскоша і нічога больш. Былі, праўда, на Аграполісе людзі, якія мелі дзесяткі, і нават сотні жанчын, але не сярод фермераў. Гэта былі ўладальнікі бараў, рэстаранаў і гатэляў, і жылі яны ў адміністрацыйнай сталіцы планеты, горадзе Агра, а таксама ў гарадах і мястэчках паўночнага курортнага ўзбярэжжа. Ну а такую вялікую колькасць рабочых жонак гэтыя прадпрымальнікі трымалі, вядома ж, не толькі для сябе, а, у першую чаргу, для сваіх гасцей і наведвальнікаў. Гэта быў бізнес і нічога больш…

Першую сваю жонку О’Ніл атрымаў у падарунак ад бацькі на сваё дваццацігоддзе. Дваццаць гадоў – гэта якраз той узрост, калі юнак становіцца ўрэшце самастойным сталым мужчынам і, адначасова з гэтым, атрымлівае ўсе правы свабоднага грамадзяніна планеты Аграполіс. З гэтага ж узросту ён мае права завесці ўласную сваю фермерскую гаспадарку, што О’Ніл зрабіў амаль адразу ж...

Мясцовы фермерскі камітэт выдзеліў яму пэўную грашовую субсідыю, а таксама беспрацэнтную пазыку, бацька таксама дапамог… і ўжо праз якісьці год-паўтара О’Ніл цвёрда ўстаў на ногі, неяк непрыкметна прымусіўшы, нягледзячы на малады свой узрост, лічыцца з сабой усіх бліжэйшых суседзяў. Вось толькі з першай рабочай жонкай яму крыху не пашанцавала.