- Не ведаю! – сказаў ён суха. – Магчыма, і не! Таму яны павінны быць са зброяй і, наогул, у поўнай баявой экіпіроўцы!
- Вось нават як?!
Скрайфу вельмі хацелася ляпнуць зараз кулаком па стале... з усяе сілы ляпнуць, а затым паказаць гэтаму нахабніку на дзверы! Няхай займаецца сваімі канцэлярскімі справамі і не лезе ў ягоную, Скрайфа, кампетэнцыю! Скрайф ужо нават узняў кулак над сталом, але штосьці ўсё ж стрымала яго. Магчыма, нічым не прыхаваная трывога Холіна нейкім чынам перадалася і самому Скрайфу, бо, зусім нечакана нават для сябе самога, ён толькі згаджальна кіўнуў галавой.
- Рабі, як лічыш патрэбным! – сказаў ён стомлена і, калі Холін, павярнуўшыся, накіраваўся ўжо да дзвярэй, дадаў: - Ведаеш... калі ў іх па нейкай прычыне проста не спрацавала сувязь – нас падымуць на смех!
- Нічога! – адказаў Холін, нават не павярнуўшыся. – Як-небудзь паспрабую гэта перажыць!
Ён выйшаў і падкрэслена-шчыльна зачыніў за сабой дзверы. А Скін, вылаяўшыся ў думках, выцягнуў, нарэшце, з-пад стала прыхаваную там бутэльку і прагна да яе прыпаў...
Глава 5
- Чорт! – Каратышка Джон сутаргава сглытнуў, стараючыся па магчымасьці не глядзець у той бок пакоя, дзе звешвалася са сцяны скрываўленае і знявечанае амаль да непазнаваемасці цела фермера. – Можа, здымем?
- Не трэба нічога тут чапаць! – рэзка абарваў Каратышку Свенсан. Ён зноў паспрабаваў звязацца з дзяжурным - і зноў безвынікова... нейкія незразумелыя перашкоды поўнасцю забівалі эфір. – Штосьці глушыць нашы перадатчыкі, толькі я ніяк не магу зразумець, што гэта такое?!
Каратышка Джон толькі недаўменна развёў рукамі і запытальна паглядзеў на Лэслі.
- Можа, нейкае электроннае абсталяванне? – выказаў меркаванне той. – Фермеры любяць стаўляць у сяберозныя такія штуковіны...
-Якія штуковіны? – спытаў Свенсан.
- Розныя! – Лэслі зірнуў у бок знявечанага трупа на сцяне і дадаў: - Гэтаму ўжо ўсё роўна...
- Небарака! – Каратышка зноў сударгава зглытнуў. – Як лічыце, ён доўга мучыўся?
Ніхто яму не адказаў, і нейкі час рамонтнікі стаялі моўчкі, як бы аддаваючы даніну павагі нябожчыку. Потым Лэслі злосна сплюнуў.
- Трапіла б яна мне зараз, гэтая сучка!
- І што б ты з ёй зрабіў? – пацікавіўся Каратышка.
Лэслі нічога не адказаў.
- Не разумею толькі, як яна змагла з ім справіцца! – задумліва прагаварыў Каратышка, ні да каго канкрэтна не звяртаючыся. – Ён жа вунь які здаравяк!
- І я не разумею! – сказаў Свенсан. – Нешта ва ўсім гэтым загадкавае... і, ведаеце, гэта мяне пачынае крыху трывожыць...
- Ды нічога загадкавага тут няма! – Лэслі зноў сплюнуў. – Схавалася за дзвярыма... нечакана ўрэзала па патыліцы чымсьці цяжкім! А з беспрытомным чалавекам можна зрабіць усё, што пажадаеш!
- Вось яна і зрабіла! – дадаў Свенсан і ўздыхнуў.
- Не разумею толькі, навошта было так здзеквацца?! – зноў прамармытаў Каратышка Джон. – Дапускаю, што ў яе маглі быць важкія прычыны, каб ненавідзець мужа... але чаму было проста не забіць...
- Ды заткніся ты! – нечакана вызверыўся на сябра Лэслі. – Прычыны... прычыны! Паслухай, начальнік, - умольна звярнуўся ён да Свенсана. – Давай самі знойдзем гэтую сучку! Яна ж дзесьці тут, я гэта адчуваю! Хаваецца, падлюка... але мы знойдзем...– ён змоўк, не зводзячы са Свенсана умольнага позірку. – Ну як, брыгадзір, згода?
Але Свенсан толькі адмоўна таргануў галавой.
- Цяпер гэта не наша ўжо справа! – падтрымаў брыгадзіра Каратышка Джон. – Для гэтага існуе ахова! Трэба іх выклікаць!
- Дык сувязі ж няма! – сказаў Лэслі. – Забыўся?
Замест адказу Каратышка толькі гучна вылаяўся.
- Усё адно да аднаго! – дадаў Лэслі і ўздыхнуў. – Як знарок!
“А, можа, і на самой справе – знарок? – працяла раптам галаву Свенсана трывожная думка, але ён адразу ж пастараўся адагнаць яе прэч. – Глупства! Проста нейкі прыбор у доме ці каля дома працуе і стварае гэтыя перашкоды... толькі і ўсяго...”
- Пайшлі да кацера! – сказаў ён, звяртаючыся да падначаленых. – Звяжамся адтуль, даложым сітуацыю... Тады і вырашым, што рабіць далей!
- А, можа, усё ж... – пачаў было Лэслі, але брыгадзір адразу ж яго абарваў.
- Гэта загад! – сказаў ён рэзка і першым выйшаў з пакоя.
Па вузкім цемным калідоры рамонтнікі зноў вярнуліся ў кухоннае памяшканне. Тут усё, і сцены, і падлога, былі заляпаны падсохлай ужо крывёю... тут яны ўпершыню адчулі, штосьці нядобрае, і таму, пакінуўшы ўсё абсталяванне, пачалі абследваць дом, пакой за пакоем, аж пакуль не наткнуліся на знявечаны труп гаспадара...
Абсталяванне і зараз ляжала на падлозе, ніхто нічога тутне чапаў. Нейкі час Свенсан моўчкі яго разглядваў, разважаючы, што лепш: пакінуць абсталяванне пакуль тут альбо аднесці яго адразу ж на кацер. Апошняе разважанне падалося яму больш слушным, тым больш, што апаратура каштавала даволі нетанна, а адказваў за яе цэласнасць менавіта ён, брыгадзір.