- Ну ўсё, разбіраем апаратуру! – загадаў Свенсан. – Зацягнем яе зноў на кацер... здаецца мне, што працаваць сёння тут нам ужо не давядзецца! – гэта быў жарт, але ніхто нават не усміхнуўся і тады Свенсан дадаў, ужо на поўным сур’ёзе: - І варушыціся, чорт бы вас пабраў!
Рамонтнікі пачалі, нарэшце, варушыцца, брыгадзір таксама...
- Ты зноў мне шмат пакідаеш! – запратэставаў Каратышка Джон. – Ды тут нават больш, чым я валок сюды!
- Ну, ну... не бурчы! – Лэслі спыніўся. – Добра, я вазьму яшчэ вось гэта!
- І гэта таксама!
- А гэта ўжо не маё!
- Ды тут усё тваё! – аж абурыўся ад такога нахабства Каратышка. – Лічы, што я проста дапамагаю табе валачы твае прычындалы! Брыгадзір, ды скажы ты яму!
- Ды хопіць вам! – прымірэнчы сказаў Свенсан. – Я сам астатняе забяру!
Ён нахіліўся, каб падабраць рэшткі апаратуры, але ў гэты самы час заягонай спіной тонка рыпнулі дзверы. Імгненна зрэагаваўшы, Свенсан павярнуўся ў бок дзвярэй. Лэслі і Джон таксама павярнуліся ў той жа бок, праўда, абсталяванне яны пакуль што не кінулі і па-ранейшаму трымалі ў руках.
- Чорт пабяры! – гучна вылаяўся Лэслі. – Гэта ж яна!
Каля дзвярэй, якія вялі ва ўнутранныя пакоі, стаяла высокая маладая жанчына ў ладна падагнаным плямістым камбінізоне і высокіх чаравіках на шнуроўцы. Густыя, колера пазалочанай медзі, валасы жанчыны ў прыгожым беспарадку рассыпаліся па плячах, вялікія блакітныя вочы без усялякага страху або хвалявання разглядвалі рамонтнікаў.
- Гэта яна? – Свенсан паглядзеў на Лэслі. – Ты не памыляешся?
Той не зусім упэўнена кіўнуў.
- Яна, здаецца...
- Нічога не разумею!
Падсвядома, Свенсан уяўляў сабе гэтую жанчыну зусім інакш: збітай, скрываўленай, няшчаснай. Яна не павінна была разгульваць зараз па дому... зараз яна павінна была, забіўшыся ў які-небудзь цёмны завулак вялікага гэтага будынку, ціхенька там затаіцца, дрыжучы ад страху і асуджана чакаючы такога непазбежнага пакаранне. А пакаранне за забойства мужа магло быць толькі адно – уранавыя руднікі! Гэта было тое ж самае смяротнае пакаранне, толькі расцягнутае ў часе на некалькі доўгіх і пакутлівых месяцаў, а, магчыма, і гадоў...
Жанчына каля дзвярэй не выглядала ні няшчаснай, ні, тым больш, спалоханай. Спакойна і з нейкай незразумелай іроніяй разглядвала яна аслупянеўшых ад некананага яе з’яўлення мужчын, разглядвала доўга і ўважліва, павольна пераводзячы позірк з аднаго на другога. Потым вусны яе раптам скрывіла нядобрая нейкая ўсмешка, і яна, усмешка гэтая, адразу ж вывела рамонтнікаў з аслупянелага стану.
- Ты, сучка! – Лэслі хутка апусціў на падлогу апаратуру, зрабіў крок наперад, сціскаючы кулакі. – Ты разумееш, што нарабіла?! Як ты пасмела ўзняць руку на свайго мужа! І хопіць ужо ўсміхацца! Зараз я сцяру гэтую нахабную ўсмешку з тваіх вуснаў, дрэнь!
Ён кінуўся было да жанчыны, але Свенсан паспеў перахапіць аператара, адным штуршком адкінуць яго назад.
- Астынь, Лэслі! – Свенсан усё глядзеў і глядзеў на дзіўную гэтую жанчыну, глядзеў і ўсё ніяк не мог адвесці погляд. – Не трэба самасуду! Мы даставім яе на станцыю, а там... там няхай вырашае начальства!
- Начальства?! – Лэслі пагардліва сплюнуў. – Што яно разумее, гэтае тваё начальства?! Што трэба яму, акрамя прыбытку! Яны сатруць з яе памяці ўсе гэтыя падзеі і зноў выставяць на продаж у якім-небудзь іншым месцы! І новы небарака, які набудзе гэтую поскудзь, не западозрыцьнават, якая небяспека яго чакае! Ты гэтага хочаш, брыгадзір?!
- Ты ж ведаеш, што гэтага не будзе! – змрочна буркнуў Свенсан, усё яшчэ не ў сілах адвесці погляд ад жанчыны. – Ты сам ведаеш, што яе чакае далей!
- Нічога я не ведаю! – закрычаў Лэслі злосна. – Я нават не ведаю, існуюць у сапраўднасці гэтыя самыя руднікі, ці гэта проста адна з чарговых баек, якімі нас частуюць зверху! А можа яно ўжо забівала кагосьці раней? – прагаварыў ён раптам зусім іншым тонам, такім, ад якога ў Свенсана нават мурашкі па скуры пабеглі. – Яна забіла – ёй сцерлі гэта... і вось яна зноўку ўзялася за сваё!
Ён змоўк і нейкі час усе маўчалі.
- А ведаеш брыгадзір, у гэтым штосьці ёсць! – прагаварыў Каратышка, таксама апускаючы на падлогу абсталяванне. – Не тое, каб я ў гэта канчаткова паверыў, але... – ён змоўк, заўзята пачухаў патыліцу левай рукой, - у ягоных разважаннях штосьці такое ёсць...