Выбрать главу

Не тое, каб яна была непрыгожай – непрыгожых жанчын ФІРМА, наогул, ніколі не прапаноўвала – але штосьці ў ёй было такое... штосьці, зусім не ў гусце О’Ніла. Ды і ўзрост! Хоць дакладны ўзрост сваіх рабочых жонак наўрад ці ведае хоць хто з жыхароў Аграполіса... хіба толькі прыблізны – але з самага першага погляду бачна было, што рабочая жонка маладога фермера значна старэйшая за свайго гаспадара і ўладальніка.

О’Ніл і зараз яшчэ памятае, як адчайна камплексаваў ён з гэтай нагоды, як зайздросціў самай чорнай зайздрасцю сваім больш сталым суседзям, рабочыя жонкі якіх, нібыта знарок, былі ўсе, як на выбор, вельмі маладымі і здаваліся тады маладому фермеру проста казачна прыгожымі. Дзіўна, але, амаль што ўзненавідзіўшы гэтую першую сваю жонку, ён нават пальцам яе не крануў ані разу. Магчыма, яна чымсьці напамінала О’Нілу яго ўласную маці, якой ён зусім не памятаў, але пра якую ён часта думаў маленькім хлопчыкам, нават плачучы, ўпотай ад сяброў і выхавацеляў, і наіўна марачы, што прыйдзе дзень і маці зноў вернецца. А, можа, мяккасць О’Ніла са сваёй першай жонкай тлумачылася проста ўласнай ягонай маладосцю?

А потым хтосьці з суседзяў падказаў маладому фермеру, што звычайна робяць у такіх выпадках. Аказваецца, ФІРМА ахвотна абменьвае такіх вось надакучыўшых альбо пастарэўшых жонак на іншых, больш маладых, з невялікай, праўда, даплатай. О’Ніл назаўтра ж адвёз сваю рабочую жонку ў мясцовае аддзяленне ФІРМЫ і вярнуўся на ферму ўжо з іншай жанчынай, маладой і вельмі прыгожай. Ён выбраў яе больш чым з дзесяці прэтэндэнтак і ніколі аб гэтым потым не шкадаваў.

З гэтай, другой па ліку рабочай сваёй жонкай, О’Ніл пражыў амаль дзесяць гадоў... і гэта былі, без усялякага перабольшвання, самыя лепшыя гады ягонага жыцця. О’Ніл і гэтую сваю жонку не крануў нават пальцам за ўсе дзесяць гадоў іх сумеснага жыцця, але прычына была ўжо зусім іншая – напэўна, ён і сапраўды кахаў яе, калі толькі само гэтае слова, “каханне”, можна аднесці да ўзаемаадносін рабочай жонкі з яе гаспадаром. Магчыма О’Ніл і далей жыў бы з гэтай сваёй жонкай, але так здарылася, што яна зацяжарыла і, згодна з законамі Аграполіса, прыйшлося паведаміць пра гэта ў аддзяленне ФІРМЫ. Жонку адразу ж ізалявалі, а калі нарадзіўся сын, О’Нілу выплацілі кампенсацыю і паведамілі адрас дзіцячага дома, у якім да дваццаці гадоў будзе выхоўвацца хлопчык. Адначасова яму паведамілі ў якія дні магчымы сустрэчы з сынам.

Аб далейшым лёсе другой сваёй рабочай жонкі, якая адначасова з’яўлялася і маці адзінага ягонага сына, О’Нілу не паведамілі, а сам ён, зразумела ж, не стаў аб гэтым распытваць. Кампенсацыя дазволіла фермеру адразу ж абзавесціся новай жонкай, праўда, замена гэтая выйшла не зусім раўнацэнная... і доўга яшчэ О’Ніл з сумам і нават пяшчотай успамінаў другую сваю жонку, асабліва ў час паездак да сына, які, чым старэйшым станавіўся, тым усё больш і больш нагадваў маці. Звычайна, вярнуўшыся з чарговай такой паездкі, О’Ніл усю сваю злосць і раздражненне спаганяў на трэцяй сваёй жонцы. Праўда, да асабліва жорсткіх экзекуцый справа ніколі не даходзіла.

Што, наогул, адбываецца з рабочымі жонкамі, якія з-за ўзросту ці па якой іншай прычыне аказваюцца незапатрабаванымі і зноў трапляюць ва ўласнасць ФІРМЫ, пра гэта О’Ніл нічога не ведаў, ды, прызнацца, асабліва гэтым і не цікавіўся ніколі. Аднойчы, праўда, ягоны сусед-фермер, знаходзячыся ў добрым падпіцці, пачаў раптам рассказваць О’Нілу аб нейкіх жудасных падземных уранавых рудніках на адной з суседніх планет і аб тым, што менавіта там і закончваецца жыццёвы лёс усіх без выключэння рабочых жонак. Яшчэ ён шэптам паведаміў пра нейкія тайныя медыцынскія цэнтры, у якіх былыя рабочыя жонкі, быццам бы, знаходзяцца ў якасці доследных жывёлін да таго, як іх перашлюць, і ўжо канчаткова, на руднікі... але ці мала якія плёткі ходзяць часам сярод фермераў! О’Ніл адразу ж перавёў размову на нешта іншае... на гэтым справа і скончылася. Калі хоць частка з усёй гэтай пьянай балбатні – праўда, ды й тады навошта яму, скажыце, ведаць тое, аб чым ведаць неабавязкова, ды і небяспечна для простага фермера!

Трэцяя жонка О’Ніла была самай звычайнай рабочай жонкай і нічога больш з сябе не ўяўляла, таму і сам фермер адпаведна да яе адносіўся. Біў ён жонку даволі рэгулярна, але заўсёды ведаў меру і ўмеў своечасова спыніцца. Гуманнасць тут была ні пры чым – проста паступова разрасталася гаспадарка фермера і любая, нават самая кароткая, часовая непрацаздольнасць рабочай жонкі балюча ўдарыла б па інтарэсам самога О’Ніла. Ды і сама жонка неяк не давала ніколі яму асаблівых падстаў для раздражнення і гневу... выключэннем, праўда, былі рэдкія паездкі да сына, дакладней, само вяртанне з гэтых паездак. Жонка спраўна вяла гаспадарку, ніколі не спазнялася са сняданкам альбо вячэрай, ды і ва ўсіх іншых адносінах яна яго задавальняла, дакладней, амаль задавальняла. Магчыма, яна б і дагэтуль вяла фермерскую гаспадарку, калі б не трагічны выпадак. У пазамінулым годзе трэцяя рабочая жонка О’Ніла загінула, неасцярожна дакрануўшыся рукой да аголенага электрычнага кантакту на пульце кіравання падачай кармоў. Смерць у выніку няшчаснага выпадку была відавочнай, страхавыя ўзносы О’Ніл выплочваў рэгулярна, таму ён адразу ж змог набыць сабе новую, чацвёртую ўжо па ліку, рабочую жонку.