Выбрать главу

— У вас жа не будзе поўнай нагрузкі.— Наталля Іванаўна разгарнула вялізны ліст раскладу i сказала:

— Будзеце весці пяты, сёмы i восьмы класы. Пяты выключна дзетдомаўцы...— Яна памаўчала, спадылба зірнула на Веру.

— Але вы справіцеся з імі,— азваўся дырэктар.

— Там большасць другагоднікі. Ну, i дысцыпліна... самі разумееце...

— Калі не спраўлюся, папрашу вашай дапамогі.

Дырэктар устаў з-за стала, нячутна прайшоўся па пакоі.

— Значыць, так, таварышы,— Вера Рыгораўна бярэ пяты, сёмы i восьмы класы. Аўдоцці Мітрафанаўне даём два шостых. Гэта дванаццаць гадзін. Маляванне ў пятых i шостым класах тры гадзіны — пятнаццаць, i тры гадзіны чарчэння. Якраз нагрузка. Ну, праверка сшыткаў, класнае кіраўніцтва. Па-мойму, крыўдзіцца няма падстаў. A ўсё астатняе застаецца па-ранейшаму.

— Што я буду мець з гэтае нагрузкі з вашым чарчэннем i маляваннем? — зардзелася высокая жанчына з колкімі вачамі, што нядаўна так пранізліва глядзела на Веру.— Няхай малюе, хто ўмее. А я не ўмею.

Анатоль Паўлавіч нахмурыўся, памаўчаў i памяркоўна сказаў:

— Ну, паставіце, скажам, збан. Няхай малююць. Потым у збан — галінку. Хопіць на два ўрокі. А вы сядзіце сабе i правярайце сшыткі. Абы не крычалі. Ніхто ад вас не патрабуе выхаваць Рэпіных.

— Не трэба мне вашай ласкі. Дайце мне, што належыць,— раскрычалася Аўдоцця Мітрафанаўна.

Вера Рыгораўна ўстала.

— Прабачце, Анатоль Паўлавіч. Мне вельмі няёмка, што ў некага забіраю нагрузку. Я магу аддаць адзін клас, а сама дагрузіцца другараднымі прадметамі.

— Я ведаю, што раблю. Вы чалавек новы, нашых умоў не ведаеце. Зацвердзім нагрузкі i расклад на педсавеце. Пакуль адпачывайце да сямі гадзін. А вы, Вера Рыгораўна, на хвілінку затрымайцеся.

Жанчыны ўсталі, пачалі збіраць журналы, сшыткі з планамі.

Наталля Іванаўна згарнула расклад.

— Закончу дома. Пайшлі, бабанькі.

За ёю рушылі ўсе. Патаптаўся, папоркаўся нечага на этажэрцы маўклівы Міхал Іванавіч i ціха выйшау. Дырэктар зірнуў у акно, убачыў, што ўсе мінаюць двор, сеў на крэсла насупраць і, нібы просячы прабачэння, ціха загаварыў:

— Не прымайце толькі ўсё да сэрца. Я тут працую другі год. Бяда, што працаваць няма з кім. Завуч у 1936 годзе скончыла педтэхнікум. Муж яе да вайны быў тут дырэктарам. Яна i ўкаранілася камандзірам. Аўдоцця Мітрафанаўна некалі ледзьве-ледзьве скончыла восем i педкурсы, а выкладае мову i літаратуру. Талковы настаўнік Міхал Іванавіч, але занадта ціхі, вядзе матэматыку i больш нічога ведаць не хоча. Адным словам, працаваць пакуль што цяжка. Былі тут, кажуць, некалі добрыя настаўнікі. Многія не вярнуліся з вайны, некаторыя яшчэ служаць, а моладзь сюды пакуль яшчэ зацягнуць не ўдаецца. Ды i мала яшчэ выпускаюць. Усе мае спадзяванні на вас. Вы маладая, адукаваная і, калі сапраўды любіце дзяцей i школу, не ігакінеце нас так хутка. A дзеці? I тут ёсць здольныя i нават таленавітыя. гэта так, для інфармацыі. Скажыце, як вы ўладкаваліся. Толькі шчыра. Пакой вялікі, хоць i не вельмі ўтульны. Дрывамі забяспечым, на пачатак можам даць трохі бульбы з прышкольнага ўчастка, а там, можа, i мэбляю якою разжывёмся. У крайнім выпадку пазычым у дзіцячым доме. Дык як?

— Вы ж самі ведаеце маю кватэру. На першым часе трэба было б хоць трохі газы, якую-небудзь тумбачку i хоць бы самую прымітыўную вешалку.

— Добра. Скажу заўхозу, i ён, чым зможа, забяспечыць. Пакуль адпачывайце, a ў сем гадзін прашу на педагагічны савет. Першы ў вашым жыцці.

Вера паднялася, падзякавала за шчырасць i выйшла з настаўніцкай. Яна павольна спускалася з ганка, глядзела на ўсе бакі, ды Аляксея не было. Каля завози! стаяла абструганая жэрдка, валялася ружовая кара.

З узвышша школьнага двара Вера ўглядалася ў наваколле. За аселіцаю на грудку ў полі бялелі тонкія бярозы ў залацістым лісці. Відаць, могілкі. А далей, куды ні зірнеш, зжатае поле, амёты саломы, пажоўклыя пералескі акантавала густая тайга. Такіх сакавітых i яскравых фарбаў Вера ніколі не бачыла. Аж сэрца зайшлося ад прыгажосці. Зблізку відны галіны, лісты, калматае вецце лістоўніц i елак. Вера запаволіла крок, зачараваная прыгажосцю наваколля. Раз i другі азірнулася, потым адагнала думку пра Алякеея, спрабавала апраўдацца звычайнай цікаўнасцю да нейкай загадкавасці гэтага чалавека. А ён, відаць, чалавек разумны, разважлівы i шчыры.