Выбрать главу

Вруць Ясеньку з тэй военкі, вруць...

Не хацелася ім падстаўляць галовы пад мужыцкія кулі, рызыкаваць жыццём, бо ніхто з ix толкам не ведаў, за што яны мусяць ваяваць. Сцерагчы панскія маёнткі яны ўмеюць. I пажыць на ўсім гатовым кожны ласы. Вечарамі ў прасторную залу панскага палаца афіцэры прывозілі маладых дзябёлых шляхцянак з суседніх хутароў i засценкаў, шчоўкалі перад імі абцасамі наваксаваных ботаў, звінелі шпорамі, аж да раніцы круцілі ў мазурках i вальсах расчырванелых шыракаклубых часовых нявест i паненак. На ноч выстаўлялі варту вакол маёнтка i спакойна адсыпаліся. Афіцэры — у панскіх пакоях i флігелях, салдаты — у афіцынах i парабкоўскіх стадолах.

Калі паны яшчэ спалі, Раман Салавей зайшоў у кузню да Яніса Гайліса. Стары латыш звекаваў i аглух у панскіх кузнях, увагнуўся ад цяжкага молата, ссівелі галава i вусы ад клопатаў i нястач, i толькі вочы былі ясныя i добрыя, як у дзіцяці. Яніс ведаў Рамана з маладых год: яны разам парабкавалі ў маёнтку Іваненкі, па суседству карчавалі ляды i абодва некалі прыглядаліся да прыгожай вясёлай Луізы. A калі яна не паслухалася бацьку i пайшла замуж за Салаўя, Яніс не раз хацеў сустрэць камлюкаватага Рамана на 'вузкай лясной сцежцы, але ўсё ніяк не выпадала. Хацеў i пазбягаў гэтых сустрэч. Ён сцішыўся толькі, калі ажаніўся сам. I вось Луізы даўно няма на свеце. Павырасталі Раманавы i Янісавы дзеці. Цяпер у кожнага сваё гора. Раманаў Косцік уцякаў з румынскага палону, дапоўз да сваіх акопаў i загінуў у першым жа баі, a Янісаў Данат склаў галаву пад Перамышлем. Стрэнуцца старыя, пабядуюць, паўздыхаюць i разыдуцца. А цяпер не вельмі i сустрэнешся: Яніс — пад палякамі, а Раман на тым баку, у бальшавікоў, дзе ўсім камандуе яго большы сын.

Таму i здзівіўся Яніс, убачыўшы на парозе кузні Салаўя з Марылькаю.

— Лабдзіен.— Абое прывіталіся па-латышску, скінулі свае невялічкія ношкі ў парозе. Раман паціснуў чорную шурпатую кавальскую далонь i адразу ўзяўся за абшмуляны сотнямі мужыцкіх рук кіёк, пачаў раздзімаць вялікі скураны мех. Загуў горан. Яніс ласкава паглядзеў на невысокую зграбную Марыльку. Яна была трошкі цямнейшая за маці, а так — вылітая Луіза. Насупіў бровы i запытаўся ў Рамана:

— Чаго гэта вас прынесла нялёгкая? Убачаць легіянеры i ўсыплюць па «двадзесце пенць».

— Ты ж, можа, не падтыкнеш, адкуль мы? А на лбе ні ў кога не напісана, які ён: чырвоны ці белы. Маршчакі i світкі — адна хворма i тут i там... Гэта ж падгрэблі ў засеку трохі грэчкі ды ў крупадзёрку прынеслі.

Яніс глядзеў на Салаўя i ўсміхаўся ў жоўтыя пракураныя вусы.

— Ты мне, Раман, хоць цяпер галаву не дуры. Мы ўжо старыя, i дзяліць нам няма чаго.

Ён узяў мяшэчак. Ледзьве падняў яго i паважыў у руцэ. Пакруціў галавою i засмяяўся.

Марылька трывожна сачыла за кавалём.

Яніс моўчкі шуфлем разгроб кучу вугалю.

— Усё, што трэба,. можаш схаваць тут, а грэчку нясі на крупадзёрку.

Ён узяў гаечны ключ, выйшаў на двор, пачаў прыкручваць гайкі на старым возе i паглядаць на ўсе бакі.

Раман з дачкою дасталі з мяшэчка восем гранат, усе ix склалі ў адзін мех, зверху прысыпалі грэчкаю, завязалі i прыгрэблі вугалем. Убачыўшы ў акно, што ўсё гатова, у кузню ўвайшоў Яніс.

— Кажы, што далей рабіць.

— Прыйдзе да цябе чалавек з ключом на гэты замочак,— Раман дастаў з кішэні невялічкі замок ад куфэрка,— яму i аддасі. От i ўся твая работа. Ключ падыдзе, значыць, ён.

Салавей аддаў дачцэ ключ i памог ускінуць мяшэчак. Марыля выйшла з кузні i падалася ў суседнюю вёску.

Раман счакаў трохі, падзьмуў яшчэ ў мех, з дзвярэй паглядзеў на ўсе бакі i падышоў да каваля.

— Дзякую табе, Яніс.

— А ты не дзякуй. Не табе ж ласку раблю. Ды якая там ласка? Ну ідзі.— I стары Гайліс ні то абняў,

ні то штурхануў у плячук Рамана.— Калі запыняць, кажы, што быў у жончынага сваяка.

Раман, унурыўшы галаву, пайшоў да зімніка.

2.

Начамі i досвіткамі капалі партызаны акопчыкі i ямкі ў хвойніку каля моста. Уздоўж рэчкі, за альховымі i ракітавымі кустамі мяняліся каразулы. На грудку свежай зямлі ўстанавілі кулямёт, адбіты ў легіянераў бярозаўскімі хлопцамі.

Усе атрады сабраліся ў Карпілаўцы i чакалі загаду Салаўя.

— Чаго нам сядзець? Наскочым на Халопенічы ноччу, i ўсе гэтыя жоўтыя «канарэйкі» аж заляскацяць,— патрабавалі самыя няўрымслівыя. Салавей супакойваў ix, казаў, што няма чаго без дай прычыны падстаўляць галовы пад кулі, пераконваў, што трэба драпежніка заманіць у пастку i даць яму так, каб i дарогу сюды забыўся.

Калі з-за ракі вярнулася Марылька i расказала, што ў Харомцы, Катку i Касарычы падыходзяць новыя атрады легіянераў, старшыня рэўкома сабраў усіх партызан каля воласці, ускочыў на пачарнелыя бярвенні, што ляжалі ля суседняй хаты, падняў руку, спакойна i цвёрда загаварыў: