Выбрать главу

Вера выйшла за вароты i пачула гулкі тупат. З палявой дарогі ў вузкую выгарадку паміж школьным дваром i платамі гародаў імчаўся табун маладых, неаб'езджаных коней. Гарэзлівыя, выгуляныя за лета жарабяты ціснуліся адзін да аднаго, задзіралі галовы, угіналі шыі, насядалі на пярэдніх, з-пад капытоў ляцелі камякі гразі. Праляталі ўспененыя храпы, грывы ў калючках дзядоўніку, здзічэлыя вялікія вочы. Вера прытулілася да плота, прыціснутая спуджанай віхурай шалёных коней.

Раптам з-за канцавой хаты ў сіняй доўгай сукеначцы маленькая дзяўчьшка выскачыла наперарэз табуну.

— Ай-й! — прарэзліва, не сваім голасам закрычала Вера i кінулася за коньмі. Яны ляцелі проста на дзяўчынку. Яшчэ раз мільганула сіняя сукеначка i знікла ў пырсках гразі, за нагамі i крупамі табуна. Вера сілілася крычаць, але ніводзін гук не вырваўся з яе вуснаў. Усё было як у сне — бязгучны крык i гэтае жахлівае відовішча.

Калі прамільгнуў апошні конь, пасярод дарогі стаяла заляпаная гразёю, напалоханая дзяўчынка i брудным кулачком расцірала слёзы. Вера кінулася да яе, агледзела з ног да галавы, але нідзе — ні крывінкі, ні драпінкі. Настаўніца цяжка дыхала, ногі ледзь яе трымалі. Яна ўзяла за руку дзяўчынку i адвяла на сухое. Усё здавалася неверагодным: пранёсся такі табун i не крануў дзіця.

Коні тым часам перабеглі вуліцу i зніклі за доўгім свірнам у прырэчнай лагчыне.

Вера не магла вымавіць ні слова. A дзяўчынка падняла брудны прыпол сукеначкі i зарумзала галасней:

— Усю сукенку заляпалі... Цётачка, скажыце маме, што гэта не я, а Федзькавы жарабяты.

Вера дрыготкаю рукою гладзіла шорсткую рудую галоўку.

— Не плач, усё добра, усё добра,— нарэшце яна авалодала голасам.

— Добра, до-о-бра! Вунь як сукенку ўрабілі!..— зарумзала дзяўчынка.— Мамка будзе біцца...— заплакала галасней.

— Як цябе завуць? — нагнулася Вера.

— Фенька.

— Дзе ты жывеш?

— Тутака,— паказала пальчыкам у вуліцу i адразу сціхла.

Вера ўзяла дзяўчынку за руку, i яны пайшлі разам. Падсохлая сцежачка была вузкая, Фенька пабегла паперадзе, толькі мільгалі заляпаныя гразёю босыя ножкі. Вера ледзьве паспявала за ёю. Сустрэчныя саступалі дарогу, віталіся i, не тоячыся, разглядалі ноиую настаўніцу.

Дзяўчынка прывяла Веру ў вялікі, закіданы трэскамі двор. На дзвярах у хату клямка замест замка заткнута драўлянаю лыжкаю.

За хатаю на градах з пасохлаю націнаю гарбузніку і агурэчніку корпаецца маладая высокая жанчына. Яна выпрасталася, відаць, хацела накінуцца на дачку, але ўбачыла незнаемую дзяўчыну, сумелася i загаварыла мякчэй:

— Дзе гэта цябе носіць нялёгкая? Усё гулі табе! Бяры нож ды абразай буракі.— Глянула на брудную сукенку, пляснула рукамі.— А божа ж ты мой! Дзе ж ты так выкачалася? Ну, пачакай... Я табе пакажу, як лётаць, неслух.

— Я да дзядзі Лёшы бегла,— адказала дзяўчынка.

Жанчына падышла, павіталася з Вераю. Тая адразу заступілася за Феньку.

— Не сварыцеся. Яна не вінавата. Табун коней яе ледзь не растаптаў. Я ўжо думала... Аж стаіць, толькі сукеначку трохі запэцкалі.

— Хоць ты прывяжы яе...— ужо мякчэй азвалася маці.— Коні перадам ніколі чалавека не зачэпяць, а дзіця i подаўна. Соннага заўсёды абмінуць. Ра-азумная скаціна... Вы, можа, гэта i ёсць тая новая настаўніца? Бабы казалі ў сяльпе, што прыехала. Свежага чалавека ў нас усе бачаць. Многа ў той школьнай кватэры перавярнулася. Зіму павучаць —толькі ix i бачылі. Глуха, кажуць, у нас. А мы лепшага не ведаем, дык i тут добра. Дзякаваць богу. Гітлера таго дабілі, дык, можа, цяцер хоць уздыхнем трохі. Зямля наша без гною родзіць. Пшаніца, як гай, шуміць, a ў вайну i мы набедаваліся. А куды дзенешся? Трэба было фронт карміць i з тылам дзяліцца. Там, пад немцам, страху пад бомбамі нацярпеліся, а тут адны бабы пласталіся дзень i ноч ды над пахаронкамі галасілі.— Горка ўсміхнуўшыся, дадала:—Мужыкі цяпер, як пеўні, адзін на чараду... А вы ж здалёку?

— Да вайны жылі каля Гомеля. У вайну з мамаю заехалі за Яраслаўль. Там i вучылася... На дзевачку толькі не вельмі сварыцеся. Яна i так перакалацілася. А сукенка адмыецца.

— Каторы год таго мыла ў вочы не бачылі. Сіняю глінаю рукі мыем, ды ў жлукце лугам з попелу бялізну парым. А як там жывецца?

— Дзе прайшлі немцы, засталіся адны галавешкі ды магілы. Наступалі — нішчылі ўсё, адступалі — яшчэ горш.

— Мой казаў, колькі гора прынялі. Увесь пабіты вярнуўся, але, дзякуй богу, хоць жывы. Жалеззе i цяпер у ім сядзіць. Але ўжо так-сяк з кіёчкам клыпае.

Дай яму бог здароўя, хазяйсцвеннік школьны Ляксей Іванавіч прывёз яго нехадзячага дадому. На хронце i ў лазарэце яны сільна падружыліся. I прыехалі разам. У таго, беднага, нікога i нічога пасля германца не засталося, дык ён тут неяк прыжыўся. Вучаны чалавек. Але дыплома вытрабаваць не можа. Кажа, згарэла ўсё. Дык з канём ды з быкамі петуецца. Нам трохі памагае. Залаты чалавек.