Выбрать главу

Тупат нарастаў i набліжаўся. Зацокалі падковы па мосце, глуха загрукалі боты. Легіянеры хацелі неспадзеўкі ўскочыць у Рудабелку, заняць воласць, а што рабіць далей, кожны ведаў сам — бізуны былі ca свінчаткаю, шампалы — пры кожным карабіне.

Паперадзе ехалі коннікі. На брылях канфедэратак блішчалі акантоўкі, дзынкалі доўгія зіхатлівыя палаты, рыпелі сёдлы, саплі сытыя коні. На мосце коннікі знялі карабіны. Пехацінцы зрабілі тое ж самае. Абапал дарогі, адразу за ракою, пачынаўся густы ельнік, a трошкі далей — векавы бор. Рассыпацца ланцугом па лесе было боязна, палохала i лясная дарога. Таму, мабыць, неяк самі па сабе нацягваліся павады, запавольваўся крок, вочы пазіралі то ўлева, то ўправа. Камандзір з біноклем на шыі ад'ехаў убок, прапускаючы сваіх салдат i прыспешваючы ix кароткай камандай: «Прэндзэй, панове, прэндзэй!»

Калі прайшла паўз яго апошняя шарэнга пехацінцаў, ён прышпорыў сівага, у яблыкі, каня, але не вельмі спяшаўся на сваё месца наперадзе. Ехаў з боку калоны, узіраючыся ў гушчар. У лесе было ціха, толькі марудна i лена пагойдваліся i ледзь чутна шумелі цёмныя верхавіны хвой. Прыціхлі i легіянеры. Чмякалі каныты i падкаваныя боты, ламаючы храпу i ледзяныя шкельцы лужын на дарозе. Недзе зусім блізка нешта застукала, мабыць, дзяцел. Закугукаў крумкач на сухой яліне. Павесялелі маладыя чырванатварыя ўланы i легіянеры: лес як лес, i дарэмна палохалі ix паручнікі i капралы, што быццам за кожным кустом сядзіць «бандыт».

Пры самай дарозе стаяла некалькі шурак дроў. I раптам з-за ix проста ў лоб калоне ўдарыў залп. Пярэднія коні ўзвіліся на дыбкі i аселі, зляцеў долу адзін, другі, трэці ўлан, заднія наскочылі на ix, заляскалі затворы карабінаў. Але куды страляць, ніхто не бачыў, лупілі ў дровы i проста ў белы свет.

А параненыя ўланы i коні падалі адзін за адным. Легіянеры кінуліся з дарогі ў лес, i тут з абодвух бакоў, з ямак i акопчыкаў, прыкрытых ялінкамі i кустамі, пракаціліся залпы. Валіліся на зямлю забітыя, пазляталі са спуджаных коней жывыя. Адпаўзалі за тоўстыя камлі i несуладна адстрэльваліся.

Ламаючы сучча, па лесе ляцелі ашалелыя коні без седакоў. Здавалася, страляе кожнае дрэва i куст, кулі дзынкаюць аднекуль з зямлі. Конныя i пешыя апынуліся ў вогненнай пастцы. Адзіны паратунак — назад, на мост. Без разбору страляючы ў лясны гушчар, тоичучы сваіх, імчаліся ашалелыя i разгубленыя ўланы да Пцічы. Да моста рынуўся бязладны натоўп пехацінцаў, ix да парэнчаў прыціскалі коннікі. З правага боку засакатаў кулямёт. Легіянеры перапаўзалі ад куста да куста, бліжэй к рацэ. Як толькі коннікі даехалі да сярэдзіны моста, з таго, іхняга боку, паляцелі гранаты. Узвіліся коні, потырч пасталі перабітыя маснічыны, а ззаду перлі i перлі параненыя i смяртэльна перапуджаныя салдаты.

Затрашчалі падгнілыя парэнчы. На парэпаны, набраклы лёд сарваўся конь, чмякнуўся i не ўстаў. Сіліўся, матаў галавою i не мог скрануцца з месца. Пад ім правальваўся сточаны лёд, клекатала чорная вада. Без канфедзраткі i карабіна ўлан, што зваліўся з сядла, папоўз на лёдзе. З-за кустоў на мост упала яшчэ некалькі гранат. Яны рваліся з грукатам i свістам, засцілаючы дарогу дымам. Пастка зачынілася.

Насціл на мосце быў разбіты гранатамі, тлелі парэнчы i прасмоленыя тарцы паляў. Камандзір нешта крычаў на пехацінцаў i махаў бізуном. Салдаты пераламанымі плахамі замошчвалі дзіркі, каб хоць па адным можна было перабрацца на той бок.

Страляніна сціхала. Партызаны шкадавалі патронаў. Варта было з кулямёта касануць па натоўпе на мосце, каб пакласці ўсіх. Але гэта ўжо была б не бойка, а расстрэл.

Салавей са свайго акопчыка сачыў, як гайдаюцца кусты на тым беразе ракі, i радаваўся, што ўжо ніхто не знойдзе тых касарыцкіх хлопцаў, што памагалі ім гранатамі з Гайлісавай кузні.

К паўдню сціхла ўсё. Легіянеры перабраліся на той бок, паставілі каля абгарэлага моста варту.

Партызаны па дарозе i ў лесе назбіралі штук трыццаць карабінаў, шабляў, паздымалі з забітых поўныя патранташы патронаў, палавілі спуцясаных коней, што разбегліся па хвойніку.

Калі змеркла, перанеслі трупы да моста. На кардоне, прымацаваным да слупа, напісалі: «Забірайце сваіх няшчасных ваякаў i не ганіце іншых на пагібель. Дарогу на Рудабелку забудзьце назаўсёды». I падпісаліся: «Рэўком i падраённы камітэт РКП».

У акопчыках i ў густых кустах каля ракі паставілі дазорцаў. Астатнія зняліся i рушылі дадому. На ўланскіх конях ехалі параненыя партызаны Майсей Раговіч, Рыгор Надута i Макевіч Дзяніс. Ix тугімі кужэльнымі спавівачамі паперавязвала Параска. Калі i як яна апынулася ў лесе, ніхто не бачыў. Параска ладна сядзела ў сядле i прытрымлівала Дзяніса з прабітым навылёт плечуком.