Выбрать главу

Вера адчула, што чырванее, пагладзіла па галоўцы сцішаную дзяўчынку i сабралася ісці.

— Можа, малачка возьмеце збанок? — прапанавала жанчына.— На лепшае выбачайце. A кароўка яшчэ трохі доіцца. Калі трэба, прыходзьце. I Фенька можа прынесці.

Вера падзякавала, сказала, што ўжо ўзяла ў гаспадыні, развіталася i пайшла.

Яшчэ ўсё трымцела i калацілася ад страху, перажытага за некалькі імгненняў, пакуль ляцелі коні, пакуль не падбегла да дзяўчынкі. Спакой i разважлівасць Фенінай мамы супакоілі i яе, а тое, што яна расказала, здзівіла i ніколькі не памагло зразумець заўхоза. Яна так i падумала — не Аляксея Іванавіча, а заўхоза, i да драбніц убачыла яго адкрыты, абветраны твар, моцныя рукі i ладную постаць. Дзіўна! Быў у шпіталі, прывёз параненага мужа гэтай жанчыны i цяпер памагае яму, хоць i сам часам крывіцца ад болю, але ніколі не паскардзіцца.

Яна спахапілася, што зноў думае пра яго. Чалавек як чалавек. Відаць, адукаваны, тактоўны i далікатны.

Доўгая хата на дзве палавіны цягнулася з узгорка ў лагчынку, таму Верын пакой стаяў на высокіх падрубах i з высокім стромкім ганкам. Такі ж, толькі на пекалькі прыступак ніжэйшы, ганачак быў на гаспадарскай палавіне. Там жыла сухенькая бабка Трахімаўна, з дачкою-векавухаю. Звалі тую Яўхім'я. Цяпер яна рабіла на таку, вярталася дадому ўся ў асцюках i ў пыле, але, не заходзячы ў хату, хапала на ганку ражку з сечаным зеллем i бегла ў хляўчук, дзе заходзіўся піскам худы, аж гарбаты, парсюк.

Паўхаты ў Трахімаўны яшчэ да вайны адкупіў сельсавет для настаўнікаў. Колькі ix тут перавярнулася за гэтыя гады! Жылі i дзяўчаты i хлопцы. Усіх i не запомніла старая. Некаторыя сталаваліся ў яе. Але тады яна была маладзейшая, ды i жылі раскашней. Вайна ўсё падгрэбла, а потым i падмяла, i цяпер старая з дачкою перабіваліся бульбай, груздамі ды малаком. Малака хапала, хоць кожны дзень насілі на малаканку, выконвалі план.

Пра гэта ўсё Веры ў першы ж дзень расказала Трахімаўна i паабяцала прадаваць ёй па літру сырадою. A калі настаўніца захоча што зварыць, можа прыставіць гаршчочак у іхняй печы.

Так адразу ўсталяваліся адносіны з гаспадыняй, але як будзе сталавацца, Вера яшчэ не ведала i сама. Пры першай жа гаворцы Трахімаўна, хітра ўсміхнуўшыся, сказала:

— Бачу, i ты ненадоўга. Як у той даўнейшай песні: «Прыляцяць увесну гусi, а я ў дарожаньку збяруся». У той бок, адкуль прыляцела. Там тваё шчасце, у горадзе. А тут што? Дзевяць месяцаў зіма, лета блісне — i няма. I хлопца да цябе не дабярэш. Баская вельмі ды белая. А без мужыка бабе ніяк не абысціся. Онь мая Хімка — таўкач таўкачом засталася. Усё выбірала, чакала нечага. На табе, дачакалася! Баб цяпер хоць гаць гаці. Mo дзесяць на аднаго прыходзіцца. За кожнымі, шануючы вас, порткамі бегаюць. Аж брыдка. Колькі ix чапілася да Архіпавага фаціранта, таго, што цябе прывёз! А ён i вухам у той бок не вядзе, усё хаханькамі адбывае. Самастаяцельны мужчына. Дык яны яго манахам празвалі.

Вера слова ў слова прыпомніла ўчарашнюю размову з гаспадыняю, спахапілася, што зноў думае пра Аляксея. Дзіўна. Ніхто не абмінае яго ў гаворцы, Выходзіць, у кожнага навідавоку. I ніводзін благога слова не сказаў. Толькі ён усю дарогу пра сябе i не азваўся.

Каб адбіцца ад гэтых думак, Вера дастала праграму, разгарнула сшытак, прыклала вокладку граматыкі, адлінавала палі, запісала: «Тэма ўрока, мэта ўрока»,— i задумалася. «Якая ж мэта ўрока?» Вокны ў яе пакоі не завешаныя i даўно не мытыя. Відна гразкая вуліца, хаты насупраць, рэдка праходзяць людзі, тады-сяды прагрукоча фурманка. Нават дзяцей мала відно. Устала, выцягнула з чамадана газету i завесіла сю адно акно.

У дзверы пастукалі.

— Калі ласка,— голасна адказала Вера i аж уз^ дрыганула, калі на парозе ўбачыла Аляксея. Ён трымаў у руцэ невялікую вешалку, з кішэні тырчаў малаток. Вера ўстала з-за стала, у суконных тапачках i ў тым жа халаціку, што была ў таежнай хацінцы.

— Дзень добры, Вера Рыгораўна,— весела загаварыў Аляксей.— Дзе тут будзе ваш гардэроб? Анатоль Лаўлавіч загадаў пакуль што прыбіць вешалку, а там, можа, i шафу расстараемся. Я ўжо нагледзеў, дзе можна дастаць.

Вера падсунула табурэтку i запрасіла сесці.

— Расседжвацца няма калі. У мяне ж гаспадарка — конь i два быкі. А ix дагледзець трэба.

Паміж сцяною i грубкаю былі пабеленыя з тоўстымі філёнкамі дзверы. Да ix Аляксей i прыклаў вешалку на шэсць калочкаў.