Выбрать главу

— Мне начальніка пагранічнай Чэка, таварыша Рэвіна,— спытаў незнаёмы.

— Адразу падавай яму начальніка. А радавыя вам не трэба? — буркнуў у адказ гаспадар.— Ну, я Рэвін. Кажы, што далей.

— Тут усё напісана.— I чалавек падаў сіні пакет.

Рэвін яго акуратна расканвертаваў, дастаў аддрукаваную на машынцы паперку, прачытаў, паклаў пакет у кішэньку гімнасцёркі i загаварыў лагодна i ветліва:

— Распранайцеся, сядайце, таварыш Серабракоў, я зараз.

Ён знік за дзвярыма, завешанымі шырмай. Чуваць было, як стукае абдас аб падлогу, бразгае спражка. Праз некалькі хвілін Рэвін выйшаў прычэсаны, туга зацягнуты папругаю, у начышчаных ботах.

— Значыць, так,— пачаў ён, нібы працягваў даўно пачатую гаворку,— дакументы патрэбныя для вас ёсць. Запомніце, Пётр Міхайлавіч.— Цяпер вы — Павел Міхайлавіч Балашоў, слесар чыгуна-ліцейнага завода пана Вітушэўскага, мешчанін горада Бабруйска.

— Добра, што хоць бацькі аднолькава зваліся, а да астатняга прывыкну. Бабруйск ведаю добра, больш года праслужыў там у аўтамабільнай роце.

— Таварыш Кнорын абы-каго не пашле. I правільна, што яму даручылі арганізацыю партыйнага падполля на акупіраванай тэрыторыі. Ён-то добра разумев, што адных немцаў трэба біць куляю, a другіх — словам. Старым салдатам надакучыла ваяваць i бадзяцца на свеце, яны рвуцца к сваім сем'ям, хочуць хутчэй вярнуцца да станка або да плуга. Многія спачуваюць нам i «не заўважаюць», калі мы пасылаем сваіх людзей, калі адпраўляем літаратуру, а часам i зброю. На такіх немцаў у падпольшчыка павінен быць асаблівы нюх. А гад сустрэнецца — ніякай літасці яму! Усё гэта вам, мабыць, гаварылі ў Смаленску?

— З абстаноўкаю ў Бабруйску пазнаёмілі, патрэбныя адрасы помню. Толькі б дабрацца туды. Спадзяюся на вашу дапамогу.

— Білет да Бабруйска дастанем. A перайсці на той бок — раз плюнуць. Бывае, праўда, што прычэпіцца каторы салдат, пачне «цурукаць», а ты яму дзесятак марак у зубы — i адразу змоўкне. Тут нядаўна мы адпраўлялі ў Бабруйск газеты — «Правду», «Звезду», пачкі лістовак, «Rote Fahne», спецыяльна аддрукаваную ў Смаленску. Зверху, вядома, усё прыкрыта паркалём, хусткамі, таранамі, пачкамі тытуню. Здае гэты «тавар» таварыш Катловіч у багаж, a таможніку нешта стукнула ў галаву — прычапіўся: адкрывай кашы. А што значыць адкрыць кашы? Заваліць у сю справу i самому пайсці пад палявы суд. Выручыла мікалаеўская залатая пяцёрка — сунуў яе Катловіч таможніку, той i размяк. Загадаў салдатам пагрузіць кашы ў вагон. Вам якраз i прыйдзецца ехаць з таварышам Катловічам. Пад вечар ён будзе тут. Вязе новы тавар. Запомніце, прозвішча яго Антонаў. Антонаў Іван Ціханавіч. За ім, як за мураванай сцяною: трохі балбоча па-нямецку, нюх на небяспеку, як у добрага ганчака, праточыцца ў любую шчыліну. Ён вас звяжа з бабруйскімі таварышамі. А цяпер расказвайце, што там новага ў Маскве i ў Смаленску.

— Вясёлага мала. Галадае Масква, але працуе. Масы ідуць за Леніным, даюць бой меншавікам i «левым» камуністам. У Смаленску вераць, што акупанты доўга не пратрымаюцца, збіраюць сілы. Ды вы ж тут газеты чытаеце, не горш за мяне ведаеце, што робіцца на франтах i ў Маскве,— стомлена адказаў Серабракоў. Яму хацелася спаць. Галава была цяжкая, як бязмен, а наперадзе — напружаная ноч i доўгая дарога.

Рэвін кінуў на каналу маленькую падушачку, на стол паклаў два тараны, тоўстую лусту наздраватага хлеба з асцюкамі, паставіў пляшку з алеем на донцы.

— Перакусіце i да вечара адпачывайце, а я схаджу на станцыю. Работы ў нашага брата па самыя вушы: лезе ўсялякая погань з кантрабандаю i контррэвалюцыяй, от i прыходзіцца яе працэджваць.

Ён накінуў скуранку, сунуў у кішэню наган, папярэдзіў, што хутка прыйдзе гаспадыня, i выйшаў з пакоя.

Серабракоў пагрыз тарана, памачаў у алей хлеб, жменяю сабраў крошкі i расцягнуўся на цвёрдай кароткай канапцы. Вочы заплюшчыліся, a ў галаве стукала: «Павел Міхайлавіч Балашоў, Павел Балашоў, Павел Міхайлавіч Ба-ла-шоў».