Выбрать главу

...Катловіч-Антонаў быў падобны на бойкага маладога купчыка: цэлулоідны каўнерык з загнутымі ражкамі, пікейная манішка, добры гарнітур у палоску i чаравікі з гетрамі выклікалі давер i павагу. I гаварыў ён так, што любы вушы развесіць.

— У нашым тарговым дзеле што глаўнае? Нюх. Цыкорыі няма, даставай цыкорыю, сахарын трэба —вязі сахарын, мыла, тараны — усё надавай. З рукамі адарвуць. Кушаць кажны жалаець. Вот i прыйшлося кармільцам галоднага вобчаства стаць. Благароднае дзела. Праўду я кажу?

Серабракоў слухаў вясёлага балагура, які аціраўся сярод мяшэчнікаў, палінялых буржуйчыкаў, i часам не верыў, што гэта — бальшавік i вопытны канспіратар. Ён дзівіўся, бачачы, як вялікія кашы «бабруйскага камерсанта», крэкчучы, цягалі ў вагон насільшчыкі пад самым носам чыгуначиай жандармерыі.

Перад пасадкаю паджары немец з густа засеяным буйнымі вяснушкамі тварам i з белымі парасячымі брывамі праверыў даволі пацёртае пасведчанне Балашова, буркнуў кароткае «geh!» [6] i ўзяўся за чарговы дакумент. Каля цягніка ўжо ціснуліся i штурхаліся людзі. На пероне ў двух цьмяных ліхтарах гарэлі газнічкі. Ледзьве былі асветлены i вагоны — здавалася, у цемені ночы нехта прарэзаў мутна-аранжавыя вокны ў яшчэ далёкае світанне. Пахла паравозным дымам i мокрым бэзам» Балашоў спыніўся каля вагона i напружана глядзеў на адчыненыя дзверы вакзала: «бабруйскага камерсанта» не было. Балашоў занепакоіўся, пастаяў яшчэ некалькі хвілін i знік у натоўпе мяшэчнікаў, што з крыкам i лаянкай перліся ў вагон.

У самым канцы ён знайшоў незанятую верхнюю паліцу, ускінуў на яе маленькі фанерны чамаданчык i пачаў умошчвацца на начлег.

Тройчы блямкнуў станцыйны звон, раўнуў, зачухкаў паравоз, тузанула вагон, i ён пакаціўся ў цемень ночы. Цягнік грукаў, рыпеў i калываўся, як стары нямазаны воз, спыняўея на кожным паўстанку. Вагон гаманіў, спрачаўся, хрон, кашляў, задыхаўся ад густота цяжкага духу.

У Шклове, Магілёве i Жлобіне немцы правяралі дакументы, свяцілі ў твары ліхтарыкам, нібыта некага шукалі, выпорвалі з-пад лавак заспаных пасажыраў. Яны, ачмурэлыя ад цяжкага сну, доўга чухаліся i не разумелі, чаго ад ix хочуць, потым поркаліся ў запазухах, шукаючы свае білеты i мікалаеўскіх часоў пашпарты. Немцы чмыхалі насамі, бурчалі: «Es ist Schweine Gestank» [7], лаяліся адборнымі рускімі мацюкамі, иекага валаклі, штурхалі i ссаджвалі. Пасведчанне на імя Паўла Міхайлавіча Балашова, відаць, было беззаганнае, ды i выгляд яго ўладальніка не выклікаў ніякіх сумненняў.

Неўзабаве нехта яго пастукаў па назе. Павел Міхайлавіч падняўся i ўбачыў на праходзе Антонава.

— Пара ўставаць, землячок, скора будзем дома,— сказаў i пайшоў у тамбур. Балашоў, счакаўшы трохі, выйпіаў за ім. За акном пачынала світаць, прабягалі лясы i вёскі ў сіняй смузе, круціліся палі, мільгалі i знікалі рэчкі.

Антонаў стаяў каля акна i прагна курыў.

— Я трывожыўся, ці не адсталі вы ад цягніка. Як выйшаў з вакзала, так i згубіў вас.

— Ca мной такога яшчэ не здаралася,— усміхнуўся Антонаў i шчыльней прычыніў дзверы.— Слухайце: у Бабруйску мы з вамі ке знаёмы. Ідзіце проста ў чайную. Пароль ведаеце. Вас паставяць на кватэру i звядуць з патрэбнымі людзьмі. Дзяўчыне, якая прынясе вам есці, шапніце: «Антонаў кланяўся вашаму тату». Гэта абавязкова.— I, памаўчаўшы, растлумачыў: —Трэба, каб мой тавар адразу трапіў да «пакупніка».

Ён моцна паціснуў Балашову руку i выйшаў з тамбура.

Раніцаю Балашоў у чайной каля рынку еў селядца з бульбаю i піў густую горкую цыкорыю. Тут далі адрас яго будучай кватэры. Прыгожай дзяўчыне ён перадаў прывітанне ад Антонава, заплаціў за снеданне i пайшоў шукаць патрэбны яму дом на Сталыгіінскай вуліцы.

Праз некалькі дзён тым жа цягніком у Бабруйск прыехаў нямецкі камуніст Густаў Шульц. I ён заходзіў у чайную да Розы Агал, а потым зрабіўся вялікім «кнігалюбам» i часта ў кнігарні купляў паштоўкі, старыя гравюры, паперу i кніжкі. Густаў служыў у гарадской камендатуры, насіў спічастую каску i ладна падагнаны мундзір, часам у яго воку пабліскваў манокль, на руцэ целяпаўся кароценькі стэк. Хоць i быў ён у гадах, але заўсёды выглядаў франтам. У кнігарні старому Ёселю Агалу Шульц пакідаў акуратна запоўненыя пашпарты, з якімі ездзілі падпольшчыкі ад Оршы да Брэста, папярэджваў, калі i каму трэба знікнуць, a ў салдацкіх казармах усё часцей з'яўляліся аддрукаваныя на тоненькай паперы нумары газет «Rote Fahne» i «Roter Soldat», лістоўкі з заклікамі хутчэй вяртацца на радзіму, скінуць дынастыю Гогенцолернаў, стварыць новую сацыялістычную Германію.

Часам у магазіне «Книжная торговля и писчебумажные принадлежности» Павел Балашоў перадаваў Густаву Шульцу заданні i даручэнні падпольнага павятовага камітэта, забіраў пашпарты i бланкі прапускоў, выслухоўваў i запамінаў самыя свежыя навіны, планы нямецкага камандавання.

вернуться

6

Ідзі! (ням.)

вернуться

7

Свіны смурод (ням.)