Выбрать главу

— Яно не зашкодзіць, Гані аж да жыта.

— Но-о! — тузануў Кандрат закудлацелага за зіму коніка. Той увагнуў галаву, напяліся пастронкі, i плуг урэзаўся ў мяккую зямлю. Баразна аж ільснілася за адвалам. Следам за Кандратам пайшло некалькі мужчын. Праз гоні Андрэй папрасіў:

— Дай мне патрымацца.

— Толькі глыбока не бяры, не пацягне, падла,— аддаючы плуг, сказаў Кавалевіч.

Як убачылі жанкі, што Кандрат паехаў з плугам, пахапалі жалезнякі, каб хоць трохі падлубаць сваю палоску.

А мужчыны па чарзе абворвалі добра вылежалы папар. Камбедаўцы на кожным надзеле забівалі калкі i на залысінах ставілі нумары. Пад вечар з вялікай Усавай шапкі кожны цягнуў сваё шчасце.

У рудабельскі маёнтак немцы прыйшлі цёплым дажджлівым ранкам. Па мастку цокалі капыты вялікіх ардэнскіх коней, грукалі зялёныя паходныя кухні, акупанты ўязджалі за высокі мураваны паркан з чырвонай цэглы.

Мокры пясок на дарозе,— як воспаю, збіты цвікамі падкаваных салдацкіх ботаў.

Ужо на дзядзінцы пастаўлены ў козлы вінтоўкі з кароткімі пляскатымі штыхамі. Пыхкаюць доўгія люлькі, гергечуць паважныя i павольныя салдаты. Старэйшыя выглядаюць стомленымі i абыякавымі, маладыя яшчэ жартуюць i завіхаюцца каля кухань, ходзяць па двары i па вялікім садзе, а выткнуцца за вароты пакуль што не адважваюцца: наслухаліся ў Бабруйску i ў Глуску пра «лясных бандытаў» i трывожна азіраюцца на кожны куст.

Дні праз два з узводам нямецкіх салдат конна прыехаў малады гаспадар маёнтка барон Пётр Мікалаевіч Урангель. На ім была калматая бурка, накінутая на паходны, з генеральскага сукна мундзір, маленькія звонкія шпоры, насунутая да самых броваў зялёная шапка з кантамі. Сухі, падцягнуты, нервовы ў рухах гаспадар маёнтка зусім не быў падобны да пана: ён не ведаў, калі трэба араць i скародзіць, малаціць i сеяць, але заўсёды памятаў, што гэты белы палац з калонамі i вялікімі заламі, з ласёвымі рагамі i персідскімі дыванамі — яго ўласнасць, што палі i лясы на дзесяткі вёрст вакол маёнтка належаць яму. Маёнтак усе апошнія гады, аж да самага перавароту, даваў яму такі прыбытак, што ніколі не трэба было думаць пра грошы. Яны самі цяклі ў яго дом. Рудабельекі маёнтак барону Урангелю дастаўся ў пасаг ад камергера царскага двара Міхаіла Васільевіча Іваненкі. Пасля вяселля барон з маладою жонкаю былі тут толькі адзін раз, а потым разам паехалі ў Таўрычаскую губерню, у шыкоўны маёнтак, запісаны на імя цешчы, якую да вянчання барон ужо называў «maman».

Цяпер Урангель хацеў замацавацца ў палацы i на гэтых землях, напомніць мужыкам, хто тут гаспадар. I вось іронія лесу — прыходзіцца разлічваць толькі на дапамогу штыхоў учарашніх ворагаў — кайзераўскіх салдат.

Барона на ганку сустрэў Мікалай Мікалаевіч. Ён за апошні час асунуўся, спахмурнеў i быў падобен на засцянковага шляхціца.

Яны адразу пайшлі ў вялікі кабінет.

— Дакладвайце абстаноўку, дарагі Мікалай Мікалаевіч,— з ветлівай нервовасцю патрабаваў гаспадар, разваліўшыся ў глыбокім крэсле.

— Вымушаны шчыра прызнацца, што становішча самае што ні на ёсць крытычнае, жабрацкае становішча, ваша светласць. Маёнтка, як такога, лічыце, даўно не існуе. Парабкі разбрыліся, нікога не слухаюцца, нічога не хочуць рабіць. Мітынгуюць, падзялілі вашы землі, пад мятлу вымелі збожжа ca свірна. Мужчыны бадзяюцца па лесе са стрэльбамі. Адзіная надзея на волю боскую ды на армію кайзера Вільгельма.

— А вы, баценька, панікёр,— усхапіўся Урангель i спружыніста захадзіў па пакоі.— Гота, думаеце, усё? Думаеце, лапцюжны мужык утрымае ўладу i будзе дыктаваць свае дзікунскія законы? I на немцаў не вельмі спадзявайцеся,— загаварыў ён цішэй.— Рускае афіцэрства жыве i змагаецца. Мы яшчэ ўдарым так, што пыл паляціць i ад бальшавікоў, i ад гэтых часовых «вызваліцеляў». А вы не маеце права сядзець склаўшы рукі. Няўжо тут усе за бальшавіцкую камунію? Хіба заможныя гаспадары на хутарах не разумеюць, што ix чакае пятля, а дзяцей — торба? Што ж яны сядзяць i чакаюць, пакуль прыйдзе нячэсаны дзікун i сярод белага дня абдзярэ да ніткі?

Урангель яшчэ прабегся некалькі разоў з кута ў кут вялікага кабінета, спыніўся пасярэдзіне мяккага дывана і, адсякаючы кожнае слова, патэтычна дадаў:

— Калі б не вялікая місія выратавання Расіі ад гэтай пошасці, я тут навёў бы парадак. Кроў са слязьмі пырснула б з гэтага быдла. А пакуль што трэба ўмела павесці блізкіх нам людзей, самастойных гаспадароў, маладое афіцэрства, якое марыць пра генеральскія пагоны. Пры-ду-шыць,— ён сціснуў жылаваты кулак,— у самым зародку прыдушыць нават думку пра «равенство и братство»... Мужык ёсць мужык, а пан ёсць пан. Улада належыць дужым i разумным абраннікам. А вы тут распусцілі нюні.