Выбрать главу

Не ўсе немцы аднолькавыя. Сярод салдат ёсць рабочыя i сяляне, ім абрыдла вайна, i яны хочуць скінуць кайзера Вільгельма. Яны не толькі спачуваюць, але i дапамагаюць нам. Пастарайцеся такіх перацягнуць на свой бок. Нямецкія камуністы перадалі нам сваю газету «Ротэ фанэ», што значыць «Чырвоны сцяг». Трэба яе непрыкметна распаўсюдзіць сярод салдат. I яшчэ адно я вам хачу параіць. Солі, газы, мыла купіць у вас няма дзе. A ў Бабруйску ўсё ж дастаць можна. Праз валаснога старасту папрасіце каменданта, каб дазволіў вам сарганізавацца ў кааперацыю. Ваш надзейны чалавек будзе ездзіць у Бабруйск i прывозіць усё што трэба.

— A сярнічкі там ёсць? — запытаў Цярэшка.— I каб хоць трохі дзёгцю, а то перады, як сабачая скура, трашчаць.

— Будуць сярнічкі i дзёгаць, дзядзька Цярэшка,— супакоіў старога Ляўкоў. А Пракоп Малаковіч хадзіў сярод людзей i раздаваў кожнаму большыя i меншыя лісткі. На адных было напісана буйнымі літарамі: «Ко всем гражданам оккупированной Белоруссии». Меншыя былі засеяны дробнымі, вельмі ж пакручастымі літарамі. Няйначай, нямедкімі. Гэтыя трэба было падсоўваць салдатам.

Тут жа Пракоп абвясціў: хто хоча запісацца ў бальшавіцкую партыю, няхай падае заяву яму.

— А як я не ўмею пісаць? — запытаў Цярэшка.

— Папрасі граматнага, а потым i самога навучым.

— Вучыць вучы, толькі на грэчку, Пракопка, не стаў,— не сунімаўся стары.

Партызаны смяяліся з Цярэшкавых кепікаў, усміхаліся i рэўкомаўцы.

— А як пісаць, таварыш Малаковіч? — запытаў Іван Кавалевіч.

— Яшчэ i ты, смаркач, у парцію лезеш,— ускочыў Цярэшка.— Трымайся лепш за шляхцянчыны кумпякі, дык, можа, Ермаліцкі табе галагуцкага пеўня ў пасаг дасць.

Іван пачырванеў i апусціў галаву. Некаторыя засмяяліся, бо прывыклі смяяцца, што б ні сказаў Цярэшка, другія засыкалі на старога, каб змоўк.

Салавей нахмурыў бровы, яго тугія загарэлыя шчокі пачырванелі, нібы дзед не Івана, а яго папракнуў шляхцянкаю.

— A ці ведаеце вы, дзядзька Жулега, што тая шляхцянка выраклася багацця, кінула засценак i бацькоў. Брат — бандыт, а яна горнецца да нас. Пішы, Іван, заяву. Абедзвюма рукамі галасую за цябе. А там i першае савецкае вяселле .згуляем.

Пракоп раздаў аркушы паперы ў касую лінейку, агрызак хімічнага алоўка.

Грамацеі, прымасціўшыся хто да нянька, хто, падклаўшы стосік лістовак, пачалі пісаць заявы ў Рудабельскую ячэйку РКП бальшавікоў ад сябе i «за няграматнага... па яго лічнай просьбе».

Праз паўгадзіны Пракоп Малаковіч сабраў дваццаць восем заяў, напісаных насліненым хімічным алоўкам, падпісаных дзе прозвішчамі, дзе крыжыкамі.

— Таварышы, лістоўкі пастарайцеся да раніцы расклеіць на прысадах i платах, газеты падкіньце нямецкім салдатам. Гэта першае заданне маладым бальшавікам,— сказаў Салавей.— А цяпер разыходзьцеся па адным, па двох. Пашукайце грыбоў, пашчыпайце чарніц, каб ніводзін сабака не ведаў, дзе вы былі i каго бачылі.

Мужчыны бралі свае кошыкі, каробкі i аброці i разыходзіліся па лесе.

А на Заечым хутары яшчэ доўга раіліся рудабельскія рэўкомаўцы з Платонам Фёдаравічам Равінскім. Ён прыехаў сюды з пропускам, выпісаным Густавам Шульцам на імя Фёдара Раеўскага.

Ён тлумачыў, як павінна дзейнічаць кааперацыя, казаў, што ў Бабруйску трэба звяртацца да таварыша Ліакумовіча, а ён ужо забяспечыць усім, што трэба. A галоўнае — ствараць i ўзбройваць партызанскія атрады, перацягваць нямецкіх салдат на свой бок, а кайзеравых служак узяць у такія абцугі, каб яны i хадзіць баяліся па гэтай зямлі.

— Сувязь з павятовым камітэтам трымайце праз чайную i кніжную краму. I мы будзем час ад часу наведваць вас. Любы дакумент i пропуск вам дастанем. Так што, таварышы, вышэй галовы. Да поўнай перамогі застаецца нядоўга. А там пачнецца новае жыццё. Глядзіце, каб ні немцы, ні свае не расцягвалі i не руйнавалі маёнтка. Там жа ўсё зроблена рукамі вашых дзядоў i бацькоў i належыць вам.

— Туды нядаўна, Платон Фёдаравіч, прыехаў малады пан, барон Урангель, i спаганяе з мужыкоў усё, што забралі з яго свірнаў,— перабіў Равінскага Ляўкоў.— Грозіцца, што будзе страляць тых, хто не паслухаецца яго загаду.

— Сам ён нічога не зробіць, а немцы наўрад ці згодзяцца быць панскімі катамі. Можа, варта яго пужануць, каб гэты барон паляцеў вон.

— Прыстукнуць яго, гада, трэба. Гэта ж такі выжлятнік: свет абыдзі, другога не знойдзеш. Каб даў яму волю, ён бы тут нарабіў... — загуў густым басам Максім Ус.