Выбрать главу

— Паглядзіце, па-мойму,— самае зручнае месца.

— Можна трошкі вышэй. Я дастану.

Аляксей выняў з кішэні некалькі цвікоў, пасоваў вешалку, каб было роўна, i крыкнуў праз дзверы на гаспадарскую палавіну:

— Трахімаўна, не палохайцеся, я тут трохі пагрукаю.

— Грукай, грукай, сынок, але не вельмі, каб з бажнічкі святыя не пасыпаліся,— азвалася з-за сцяны гаспадыня.

Аляксей некалькімі ёмкімі ўдарамі прыбіў вешалку да верхняе ліштвы дзвярэй, адышоўся глянуць, ці роўна.

— Дзверы трэба чым-небудзь запнуць, каб не бралася пабелка да адзежы. Пакуль што хоць бы газетамі.

Вера дастала чахол ад пасцелі i падала Аляксею. Ён прыклаў яго да дзвярэй i папрасіў патрымаць адзін ражок. Калі прыбіваў, Вера не адпускала руку, i незнарок ix далоні дакрануліся, але яна не прыняла сваю, толькі даверліва i ласкава зірнула яму ў вочы...

— А вы сапраўды добры гаспадарнік. Мне здаецца, усё ўмееце i робіце легка i хутка. Вялікае вам дзякуй.

— Ну, як вам спадабаліся новыя калегі?

— Пераконваю сябе, што першае ўражанне памылковае. Хаця ўпэўнена — дырэктар разумны, уважлівы i адукаваны чалавек. A настаўніцы... здаецца, я ix яшчэ не разумею.

— Якія вам далі класы? — перавёў размову Аляксей.

— Пяты, сёмы i восьмы. Як вы лічыце, спраўлюся? Толькі шчыра. Мне ж, апрача вас, няма з кім параіцца...— Спахапіўшыся, удакладніла:— Вы тут мой першы знаёмы. Хоць, шчыра кажучы, нічога не ведаю пра вас. Прабачце. Калі вам непрыемна, можаце нічога не гаварыць.

Аляксей горка ўсміхнуўся.

— Дзяцей я ведаю добра, дзетдомаўскіх асабліва. Яны мне ахвотна памагаюць, давяраюцца i ўсё расказваюць. Кожны з ix — асоба, характар, але з глыбокаю свежаю траўмаю. Выраслі без мацярынскай i бацькоўскай ласкі, бачылі столькі гора i жахаў. Словам, дзеці вайны. Востра адчуваюць боль, незаслужаную крыўду, няшчырасць i несправядлівасць. I пратэстуюць адкрыта, як вожыкі, натапырваюць іголкі. А павераць — палюбяць, аддана i непадкупна, друга не падвядуць ніколі. Будзеце з імі шчырая i справядлівая — пойдуць за вамі, i вы ix палюбіце. Сарвяцеся, незаслужана пакрыўдзіце — кепска будзе i вам i ім.

Вера склала рукі, апусціла галаву i слухала ўважліва, як школьніца.

— Гаворыце, як Макаранка. Вы ж педагог, Аляксей Іванавіч, а стругаеце жэрдкі, прыбіваеце вешалкі, возіце дровы. Ніч-чога не разумею. Упэўнена толькі, што педагог.

— Усё прасцей, чым вам здаецца.— Аляксей усміхнуўся.— Пакуль бывайце здаровы. Шафу я вам прывязу. Калі што спатрэбіцца, кажыце, пастараюся памагчы. Пасуда ў вас якая-небудзь ёсць? Бо купіць тут нічога не купіце. Можа, я дастану што-кольвек.— Ён узяўся за клямку.

Вера падбегла да Аляксея i дакранулася да рукава пацёртай салдацкай ватоўкі.

— Я спадзяюся на вашу падтрымку i дапамогу, калі хочаце, на парады i кансультацыю. У мяне ж ніякага вопыту... i такі клас! Хочацца паспрабаваць свае сілы, паверыць, што i я педагог. Добра? — Яна працягнула мяккую ружовую далонь Аляксею.

Ён далікатна абхапіў яе сваёю загарэлаю шурпатаю рукою i паглядзеў у твар. Вера, апусціўшы галаву, чакала адказу.

— Чым можна будзе, памагу. Але кожная сустрэча можа кінуць цень на ваша добрае імя. Гэта ж вёска...— Ён паціснуў руку i выйшаў за дзверы.

Вера падалася да завешанага газетаю акна i глядзела праз верх, як размахваючы малатком, ішоў па сцежцы Аляксей. Вярнулася да стала i зноў узялася за планы.

Пахла газаю ад бляшанай пяцілінейнай лямпы. На сцяне чэкалі старыя ходзікі, з іржавым замком замсст пры.

Анатоль Паўлавіч гартаў свежыя інструкцыі i загады аблана i райана.

За сцяною прыбіральшчыца Мінадора совала парты, бразгала вядром i хлюпала мокраю анучаю. Часам ціха напявала нешта цягучае i сумнае. Шлёпалі босыя ііогі, i зноў шоргалі парты, барабаніў ножкамі стол.

Чытаў дырэктар інструкцыі, не паглыбляючыся ў сэнс, перагортваў агульную частку, спыняўся на радку «Загадваю...». Дачытваў да канца, прабягаў зрокам наступную старонку, знаходзіў істотнае, але яно было даўно вядомым: «Усімі сродкамі павышаць паспяховасць вучняў, даваць грунтоўныя веды асноў навук. Усе прадметнікі абавязаны змагацца за адзіны арфаграфічны рэжым... Асаблівую ўвагу звярнуць на выхаваўчую работу, разгарнуць дзейнасць піянерскай i камсамольскай арганізацый школ раёна...»

Лёгка загадваць, а паспрабуй усё гэта выканаць. Гэта тое самае, што загадаць «узяць вышыню». А як яе возьмеш, калі не хапае снарадаў, калі ў разліку засталося па два чалавекі?.. I закруціліся свежыя, яшчэ балючыя ўспаміны. Замільгалі твары сяброў, пахавапых пад Вязьмаю i Валакаламскам, налёты авіяцыі.