Выбрать главу

Калі ўскочылі ў лес i брычку затузала на выбоінах i карэннях, барон адно крычаў фурману: «Паганяй!» Замыленыя коні толькі сцішыліся, калі праехалі халопеніцкі мост. Барон азірнуўся назад, з палёгкаю ўздыхнуў, нібы выскачыў з пасткі. Яму шкода было пакідаць маёнтак, але не хацелася рызыкаваць жыццём, неабходным «для выратавання Расіі».

Ён пераначаваў у Харомецкім маёнтку. Там яго чакалі Казік Ермаліцкі i Парфір Плышэўскі. Пра што яны гаварылі, ніхто не ведаў. Раніцою баронава брычка паехала па дарозе на Бабруйск.

Болей у Рудабелцы барона Урангеля ніхто не бачыў. Толькі Максім Ус доўга яшчэ шкадаваў, што выпусцілі яго жывым.

9.

Пры немцах Андрэй Ермаліцкі нарэшце сыскаў дачку на фальварку і, нібы блудную авечку, прыгнаў на хутар. Хацеў адхвастаць ляйчынаю, але старая коршакам кінулася да яго, упала на калені, накруціла вяроўчыну на рукі ды як залямантуе:

— Лепш мяне, калі хочаш забі, a дзіця не дам няславіць. Хто ж яе возьме пасля такой сараматы? От пабачыш, сам будзеш прасіць, каб хоць Іван узяў.— I ўмаліла-такі. Адступіўся стары. Дні тры пратрымаў Гэльку ў каморы i выпусціў: трэба ж некаму даіць кароў, секчы свінням зелле, палоць проса, i канюшыну касіць пара.

Ад сына, відаць, ужо помачы не чакай: скруціўся з дому, разлайдачыўся, распіўся. Недзе па загальскіх хутарах з такою ж хеўраю, як i сам, сабакам сена косіць. Бунтуе, усё некаму грозіць. З карабінамі ды з наганамі ездзіць, не наваяваўся яшчэ! Андрэй гатоў быў аставацца пад германцам, абы толькі жыць спакойна давалі. Дык не, трасца ix матары, тухлая немчура! Прыгнала ix нялёгкая, аж сюды дапялі — жыта выграблі са скрыні, кумпякі паздымалі ў клеці. Колькі не бажыўся, што не бальшавік ён, а яны лыпаюць вачыма, як тыя совы на світанні, гергечуць, ды толькі зубы выскаляюць. Казік бы ім паказаў, каб са сваімі хлопцамі прыскочыў. Шукай ветру ў полі: гарцае недзе па ўдовах, як маладзенькі кныр.

Але ж i немцы трасцу спажылі. Кажуць, Салаўёва банда ўсё падчыстую адабрала.

Ад гэтых думак яшчэ большая нуда i злосць разбірала старога Ермаліцкага. Бальшавікоў ён ненавідзеў смяртэльнаю нянавісцю, можа, не так ненавідзеў, як баяўся ix парадкаў. «От пойдуць, бронь божа, немцы, тады зноў гэтыя Салаўі ды Ляўковы ўсходзяцца забіраць зямлю, абразаць хутары, каб ix разачка рэзала. Няўжо Казік з Плышэўскім дапусцяцца, каб ix бацькоў гэтыя антыхрысты з торбаю пусцілі? У ix жа сіла! A Плышэўскі — галава, вучыцель яшчэ мікалаеўскі».

Трывожыла старога Ермаліцкага i Гэлька. Ён гатоў нават узяць прымака, але каб толькі шляхецкай пароды. Выгадней, канечне, прымака, можна пасагу не даваць i мець лішняга работніка. Абы толькі не гэтага злыдня!

А Гэлька стала рахманая i маўклівая, як авечка,— ад відна да цямна таўчэцца ў аборы i на полі, ды яшчэ i ў лес адскочыць, прыхваткам чарніц поўнае вядзерца набярэ. Маці не нарадуецца i не нахваліцца ёю.

Падаіла яна неяк досвіткам кароў, абула маршчакі, ухапіла вядзерца i кажа:

— За Гарэлым балотам ягад аж чорна, збегаю — пазбіраю.

I пайшла.

Але ні ў абед, ні на вячэру не дачакаліся Ермаліцкія дачку. Кінулася старая ў куфар, аж там — ні белага плацця, што яшчэ летась к вялікадню пашылі, ні чаравікаў на гузіках няма. Так i села каля куфра Анэта.

— Едзь, бацька, шукай. Ці не замуж гэтая дурніца збегла.

Але Гэлю ўжо нельга было вярнуць.

Даўно яна прыхавала пад вываратам клунак з падвянечным плаццем i хромавымі чаравічкамі, a калі ўвайшла ў лес, паклала яго ў вядро i пабегла ў гушчар. Абрасілася па высокім папаратніку i багунніку, зайшла за ядлоўцавыя кусты, сцягнула прапацелую кофтачку, скінула спаднічку. Азірнулася — ці часам не бачыць хто. Колкая галінка казытнула па голых плячах, ранішнім халадком абдало ўсё цела. На яе глядзелі замшэлыя вывараты i дуплаватыя дубы. Слёзы заказыталі ў горле — не падружкі i не маці адзяюць яе i заплятаюць пад вянец, не качаюць каравая i не спяваюць вяеельных песень. Толькі сосны шумяць ды яшчарка з трухлявага пня пазірае на маладую. Гэля нацягнула цеснаватае белае плацце, зграбныя чаравікі сціснулі растаптаныя за лета ногі. Склала свае транты ў вядзерца i пайшла да павароткі, туды, дзе стаяла разбітая маланкаю хвоя. Ішла, крадучыся i азіраючыся, як злодзей. Так яно i было — яна крала сваё каханне ў лютага бацькі, у азвярэлага брата, што асіраціў Анікеевых дзетак, што рабаваў i забіваў ні ў чым не вінаватых людзей i туляўся па лясах i глухіх хутарах, як кручаны воўк. От, здаецца, свае кроўныя, а як яны агорклі ёй лютасцю i прагай, як ix ненавідзела i баялася Гэлька. Яна бегла па густым чарнічніку, высока паднімаючы прыпол сукенкі, каб часам не запырекаць яго пераспелымі ягадамі. Слёзы самі каціліся па гарачых шчоках. Гэля ix не выцірала, a толькі час ад часу лавіла перасохлымі губамі.