Выбрать главу

Потым Салавей паведаміў, што ў тую нядзелю ў Гатавіцкім лесе, каля «цудатворнай» капліцы, будзе вялікае набажэнства. От там можна i сабрацца ўсім камандзірам атрадаў, узводаў i партыйцам-бальшавікам.

...Як толькі наступаў маладзік, да крынічкі, над якою стаяла замшэлая каплічка, з'язджаліся i сыходзіліся людзі за дваццаць i за трыццаць вёрст. Ішлі калекі i сляпыя са сваімі немачамі, жанчыны i дзядзькі, старыя i дзеці. Вакол капліцы рассаджваліся барадатыя лірнікі i абшарпаныя жабрачкі. У царкве правілі аж тры папы: спявалі, хрысцілі, свянцілі ваду, з пратэсамі хадзілі вакол крыніцы. Збіраліся сюды хлопцы i дзяўчаты. Пастаяць трошкі ў царкве i разыходзяцца купкамі па лузе ды па дубняках. Пасля гэтых набажэнстваў i траплялі кашэвіцкія дзяўчаты замуж у Карпілаўку ды ў Курын, a рудабельскія — у Ляскавічы ці ў Забалацце.

Пры немцах каля капліцы ўжо не было ранейшых кірмашоў, не прадавалі ні ружовых пернікаў, ні доўгіх цукерак з кутасамі. А народу збіралася шмат. Адны — каб памаліцца за душу «убиенного раба божия», другія — набраць святой вады ад ліхаманкі ці ўроку, іншыя — пабачыцца з братам ці сватам, пагаварыць з кумам, якога даўно не сустракаў. А маладыя, як казалі вясковыя бабулькі,— каб пакруціць хвастамі.

Апошні час да капліцы хадзілі «недавяркі» i «кааператыўшчыкі», лузалі гарбузікі, смяяліся, пілі свянцокую вадзічку i бадзяліся па лесе.

У гушчар ляснымі сцежкамі прыходзілі Салавей з Ляўковым, Пракоп Малаковіч з Лявонам Адзінцом. Вакол ix лажыліся на траву хлопцы з Каткі i Зубарэвіч, Шкавы i Завалёнаў. Для прыклепу ставілі пляшку, раскладалі лусты хлеба з салам, каб часам якінебудзь Каленік не расшалопаў, што i тут сабраліся «рэўкомшчыкі», або калі наскочыць нямецкі афіцэр з патрулямі,— няхай усэ выглядае, як у людзей.

Камандзіры ўзводаў расказвалі, хто яшчэ запісаўся ў партызаны, колькі ёсць вінтовак i дубальтовак. Але ўсе ў адзін голас жаліліся, што мала патронаў i пораху.

Хлопцы за пазухі расгііхвалі свежанькія лістоўкі, аддрукаваныя ў Смаленскай i Бабруйскай друкарнях ці адціснутыя на шапірографе. Збіраліся невялічкімі кампаніямі i разыходзіліся хто куды. У розныя бакі ішлі рэўкомшчыкі. Начаваць ім на адным месцы не выпадала: Харомнае, дзе Аляксандраў бацька арандаваў зямлю, было гняздом лютых шляхцюкоў, там кожны гатоў быў Раманавага сынка жыўцом падсмажыць на ўласным мезенцы. Таму Аляксандр дзе дняваў, там не начаваў. Толькі Марылька i ведала братаў прыстанак. Прыходзіла часам да яго, прыносіла чыстую кашулю, a калі-нікалі i скварку.

Пад восень разам з Цімохам Валодзькам на кааператыўнай фурманцы Аляксандр паехаў у Бабруйск. Пропуск яму выдаў валасны стараста Міхал Званковіч i сказаў:

— Тут, браце, усё па форме. Хоць да самога Вільгельма едзь, ні адзін сабака не гаўкне.

I праўда, ехалі як мае быць. Разы са тры спынялі нямецкія патрулі. Гляне каторы на вялікую сінюю пячатку з арлом, ткне назад цупкую карталюшку, буркне: «Fahr!» [12] — i зноў ляскочуць колы па выбоінах i лужынах шляху.

У Бабруйску Цімох паехаў на склад да Ліакумовіча, а Салавей злез каля знаёмай чайной. За сталамі сядзела некалькі вясковых дзядзькоў са сваімі торбамі. Пілі чай гаманкія бабруйскія рамізнікі i мурзаты чыгуначны качагар. З баковачкі зіркнулі прыгожыя чорныя вочы тае самае Розы, якую Аляксандр бачыў i тут i ў кнігарні старога Агала.

Яна спачатку па дышла да качагара, паставіла перад ім талерку бульбы з селядцом, потым пачала змятаць крошкі са стала, за якім сядзеў Аляксандр. Яна ледзь прыкметна ўсміхнулася яму i шапнула:

— Каля могілак на Інваліднай вуліцы, у доме чатырнаццаць, спытайце, ці не трэба дровы. Калі пацікавяцца, якія, адкажыце — грабовыя.— А праз хвіліну прынесла дзве шклянкі цыкорыі, сунула ў кішэньку маркі i знікла за шырмачкай.

Аляксандр выпіў абедзве шклянкі горкай цыкорыі, выйшаў з чайной i падаўся ўніз па Скобелеўскай вуліцы. Каля лазні завярнуў на глінішчы i нарэшце выбіўся на вузкую брудную вулачку. Як толькі ён увайшоў у цёмныя сенцы, дзверы з хаты адчыніліся, i Аляксандр адразу пазнаў рудаватую чупрыну Барыса Наймана. Ён стаяў з намыленай шчакою i з брытваю ў руцэ. Аляксандр узрадаваўся яму, як роднаму брату.

— Калі прывёз грабовыя дровы,— садзіся,— паціснуўшы руку, пажартаваў Барыс.— Навіну чуў? У Германіі рэвалюцыя. Так, так, рэвалюцыя. Самая сапраўдная. Вільгельм уцёк некуды за мяжу. Берлін бурліць, дэманстрацыі, мітынгі, створаны саветы, армія развальваецца. А тут генералы трымаюць гэтыя весткі ў сакрэцз ад салдат.

вернуться

12

Едзь! (ням.)