Выбрать главу

Салдаты не варушыліся. Адны змрочна маўчалі, другія не хавалі сваёй радасці.

Афіцэры бегалі па дзядзінцы i збіралі пакамечаныя сінія лісткі, выварочвалі салдацкія кішэні, але там ужо нічога не было. Кожны адказваў:

— Падняў на зямлі, прачытаў i кінуў.— I тут жа наіўна пытаўся: — Хто ж цяпер будзе правіць Германіяй?

— Кайзер Вільгельм другі,— агрызаліся афіцэры.

Камендант адчуваў, што трапіў у пастку, што наўкола дзейнічаюць нябачаныя бальшавіцкія сілы, але дзе, хто яны? Няўжо тыя няўлоўныя бандыты, што перапыняюць абозы i раззбройваюць салдат? Мала ім гэтага, дык яшчэ тлумяць галовы салдатам арміі «яго імператарскай вялікасці». Пакуль што ніякіх новых указанняў ад вышэйшага камандавання няма. Значыць, трэба дзейнічаць, як было загадана. Але з вёсак нічога нельга вывезці, значыць, трэба пагрузіць тое, што ёсць у маёнтку. I салдаты пацягнулі з панскіх свірнаў на параконныя фуры i на паходныя двухколкі мяхі жыта i грэчкі, кубельцы з салам, пакацілі з бровара бочкі «шнапсу», з пакояў выцягвалі персідскія дываны i пуховыя падушкі. Рабілі яны гэта весела i спорна.

A Урангелеў упраўляючы, разгублены i перапалоханы Мікалай Мікалаевіч, бегаў па двары ад воза да воза i толькі крычаў: «Was machen Sie»? [14] Камендант з ім гаварыць не захацеў. Ён загадаў усё гэтае дабро пад самым узмоцненым канвоем раніцою адправіць на станцьпо, пагрузіць у вагон i пад аховаю даставіць у Германію. На ноч вакол маёнтка выстаўлялася самая вялікая варта.

A ў гэты час у хаце Архіпа Ляўкова сабраўся ўвесь Рудабельскі рэўком.

— Хопіць агітаваць, таварышы, пара дзейнічаць.— I Салавей расказаў пра ўсё, аб чым даведаўся ў Бабруйску.— Захапіць воласць, не даць немцам вывезці нарабаванае дабро i патрабаваць, каб зараз жа вывелі войска з Рудабельшчыны — такая задача на гэтую ноч i раніцу. Я прапаную такі план: атрад Максіма Ляўкова раззбройвае варту ў валасной управе i займае Карпілаўку, у гэты час атрад Нічыпара Званковіча ідзе на Новую Дуброву, Максім Ус са сваімі хлопцамі зоймуць Лескі. А мы з Анупрэем захопім маёнтак. Паспрабуем дагаварыцца з камендантам. I папярэдзьце хлопцаў, каб абышлося без крыві. У Германіі рэвалюцыя, многія салдаты — левыя сацыял-дэмакраты i камуністы. За што ж ix забіваць? Ды i самім гінуць няма сэнсу. А там, дзе страляюць, куля не пытаецца, хто ты i колькі ў цябе дзяцей.

— Сярод немчыкаў е такія хлопцы, што хоць ты ix у зводныя бяры,— азваўся Максім Ус.— Самі гэтага рудога каменданціка на растанцовым крыжы разапнуць.

— Атрады збіраюцца на Заечым хутары. Узбройваюцца, хто чым можа. Каб відно было, што i мы не з голымі рукамі,— загадаў Пракоп Малаковіч.— А цяпер кожны сваёю сцежкаю — на хутар!

...На той самай паляне сабраліся сотні чатыры мужчын з карабінамі, дубальтоўкамі, драбавікамі, у каго тырчаў наган за папругаю. А дзед Цярэшка пачапіў цераз плячо доўгую стражніцкую шаблю з раменным кутасікам. Каб не цягалася па зямлі i не біла па пятах, прытрымліваў яе рукою. Шапка ў яго з'ехала на адно вуха, рэдзенькая бародка задралася ўгору. Глядзяць на яго маладзейшыя i ўхмыляюцца, а ён пахаджвае ад аднаго да другога, часам высмыкне шаблю i выхваляецца:

— Калі хочаш, пабрыю; на, памацай, як агонь. На трох брусках даводзіў. Запусціў Мініч. Няйначай, стражнічыха кормнікам зелле секла.

— Ты цяпер, дзед, як генерал Скобелеў. Глянуць немцы i — куды каторы,— пажартаваў Ус.

— Няма чаго выскаляцца, Максімка, Тут стараешся, каб як лепей, а яму ўсё смешкі з дзеда Цярэшкі. Гэта ж не абы-якая сашка, гэта, калі хочаш, баявая трахвея. Не ўцэліў тады ў гэтага злыдня сякераю, i ты паленаваўся прабегчыся, каб пераняць рудога сабаку, дык от ускочыў з гарачкі ў яго фацеру i забраў етую мешалку. Трахвей, браце. Бач, i з кутасікам.

Мужчыны дабрадушна смяяліся з гаваркога i заўсёды пацешнага Цярэшкі.

На паляну выйшаў Аляксандр Салавей. На ім быў вайсковы фрэнч, падпяразаны шырокаю папругай, зялёная, яшчэ з мікалаеўскага войска шапка, а на раменьчыку чырвоная стужка, няйначай, Марыльчын каснік.

Гамана адразу сціхла. Усе бліжэй падыходзілі да Салаўя. Абапіраючыся на стрэльбы, курылі i слухалі, што скажа старшыня рэўкома.

— Таварышы партызаны i рэвалюцыйнае сялянства! Нямецкай акупацыі прыйшоў канец. Па дагавору з Савецкім урадам немцы павінны ўжо ачысціць тэрыторыю Беларусі. Але камандаванне адцягвае вывад войск. Відаць, мала яшчэ набраліся ў нашых сёлах. Яны цяпер выграбаюць усё ў панскім маёнтку, забіраюць кароў i коней, каб везці ў Германію. Хіба ж гэта панскае дабро?

— Вядома, наша! — загуло некалькі галасоў.

— Раніцою мы прапануем немцам ачысціць воласць i пакінуць усё, што яны нарабавалі.

вернуться

14

Што вы робіце? (ням.)