Выбрать главу

— Біць гадаў трэба! А вы цацкаецеся з імі, просіце ды ўгаворваеце. Прадаліся германцу, таварышы камісары, немчуру шкадуеце,— закрычаў, праціскаючыся з натоўпу, малады кучаравы матросік.— Калі баіцеся, я павяду. Хто за мною, мужчыны? — Ён расплікнуў бушлат, паказваючы паласатую цяльняшку, выхапіў наган, гатовы адразу рынуцца ў бой.

— Заткніся, ваяка,— згроб матросіка за плячук ледзь не ўдвая большы за яго Максім Ус.

Партызаны глядзелі, што з гэтага будзе.

— I адкуль ты такі сыскаўся, што трашчыш, як старыя порткі? — падышоў да яго, трымаючыся за шаблю, дзед Цярэшка.

— Цішэй, мужчыны,— супакойваў Салавей.— Тут таварыш Ступень кажа, што мы прадаліся немцам...

— Ат, балбоча дурань абы-што. Няма чаго слухаць,— загуў Мікодым Гошка.

— Яму хочацца страляць, абы кроў лілася. А мы хочам жыць на вольнай савецкай зямлі. I нямецкія салдаты няхай жывуць. Яны ж такія рабочыя i сяляне, як i мы. Дома ў ix дзеці. i жонкі. У Германіі адбылася рэвалюцыя, Вільгельма болей няма, Сярод салдат ёсць сацыял-дэмакраты i камуністы. У каго ж мы будзем страляць? У каго будуць страляць яны? Зброю мы не выпусцім, але яна павінна быць у разумных руках. Прымусяць страляць, будзем страляць. Але не забывайцеся, што ў ix кулямёты, вінтоўкі, гарматы. А што ў нас? Толькі мы тут гаспадары, за намі праўда i сіла. Страляць толькі ў крайнім выпадку. А цяпер слухайце.— Салавей выцягнуў з кішэні аркуш паперы i пачаў чытаць:

— «Загад № 1 Рудабельскага валаснога рэвалюцыйнага камітэта. 2З лістапада 1918 года.

У дзве гадзіны ночы на 24 лістапада атраду Максіма Ляўкова выступіць у Карпілаўку, абяззброіць ахову валасной управы i ўстанавіць Савецкую ўладу. Атрад Максіма Уса зойме вёску Лескі. Атрад Нічыпара Званковіча — Новую Дуброву. Атрадам Драпезы i Салаўя заняць маёнтак барона Урангеля.

Ba ўсіх вёсках устанавіць Савецкую ўладу i арганізаваць камітэты беднаты, якія павінны падзяліць панскую i шляхецкую землі».

I адразу ўсе загаманілі.

— От ета справядліва.

— Так даўно трэ было.— Цярэшка падступіўся да Івана Кавалевіча.— Забярэш цесцеў футар i раскашавацца будзеш.

— Хай ён задушыцца тым футрам,— адказаў Іван.

Атрады пачыналі разыходзіцца. Мужчыны, стукаючы лапцем аб лапаць, ботам аб бот, хаваліся за разлапістыя яліны ад сівернага ветру, што працінаў сухім холадам i гнаў на небе сівыя хмары з белымі грабянцамі.

Не ведаў толькі крыклівы матросік Ступень, да каго прыткнуцца. Яму самому хацелася камандаваць. Але што адзін зробіш?

— Станавіся, Аляксей. Пойдзем на Лескі.

Матрос паслухаўся Уса i моўчкі стаў у строй.

Атрады зніклі ў лесе. Толькі шаргацела пад нагамі мёрзлае лісце, патрэсквала ды хвастала па спінах яловае вецце. Паляна апусцела.

...Ноччу ўсхадзіўся вецер. Карпілаўка спала глыбокім сном, толькі сям-там брахалі сабакі ды рыпелі над студнямі вочапы. У цемені мігцеў i калыхаўся адзіны агеньчык. На яго асцярожна рушыла з паўсотні партызан на чале з Ляўковым. Астатнія абкружылі вёску, каб часам з яе не выскачылі патрулі i не паднялі трывогі.

На ганак валасной управы ўзышоў стараста i пагру» каў у дзверы.

— Wer ist hier? [15] — пачулася з сярэдзіны.

— Адчыні, гэта я, стараста. Ну, Міхал Званковіч. Хіба не ведаеш? Камендант паслаў.

За дзвярыма прагрукалі падкаваныя боты, зарыпела завала, незадаволена забурчаў спрасоння салдат. Як толькі дзверы адчыніліся, у калідор ускочыў Максім Ляўкоў з наганам у руцэ i ўхапіў салдата за папругу. Вінтоўка яго стаяла прыпёртая да стала. Немец спалатнеў i пачаў паднімаць рукі ўгору.

— Не бойся, камрад. Wir sind Kommunisten. Sie fahren nach Hause nach Deutschland [16],— спакойна загаварыў Максім, падбіраючы нямецкія словы, якія ён трохі помніў з школьных часоў. Следам за ім зайшло чалавек восем мужчын з карабінамі i стрэльбамі. Маленькі i жвавы Цімох Валодзька адразу падбег да стала i ўхапіў карабін. Немца пасадзілі ў кут. Ён больш за ўсё здзівіўся, што сярод «бандытаў» убачыў прадаўца з крамы, увішнага i ветлівага хлопца з доўгім носам i чорненькімі мышынымі вачамі. Пазнаў ён яшчэ некалькіх хлопцаў, якіх сустракаў на вечарынках, i крыху супакоіўся.

— Прымай, таварыш Ляўкоў, воласць. Здаю ў поўным парадку,— сур'ёзна сказаў Званковіч.

Неўзабаве партызаны прывялі яшчэ чатырох раззброеных немцаў i пасадзілі побач з валасным каравулыіым.

Іван Кавалевіч аж захліпваўся, расказваючы пра сваю першую баявую аперацыю:

— Стуліўся ён, небарака, пад Марцінавым гумном, каўнер наставіў i дрэмле. А мы ці-і-і-хенька падкраліся, за ветрам яно не чутно, наставілі чатыры рулі ды як гаркнем: «Здавайся!» Ён так i сеў.

вернуться

15

Хто тут? (ням.)

вернуться

16

Мы камуністы. Едзьце дахаты, у Германію (ням.)