Выбрать главу

Вайну Анатоль Паўлавіч прайшоў у артылерыі, ад падносчыка снарадаў да наводчыка. Нашывак за рапенні ў яго больш, чым ордэнскіх планак. Ёсць «Чырвоная Зорка» i «Айчынная» другой ступені. Выразна ўспомніліся медсанбаты, пах карболкі i ёдаформу, санітарныя цягнікі пад бамбёжкай.

Ён сціснуў скроні далонямі, сіліўся адагнаць успаміны, але адна жахлівая карціна змяняла другую. Ратаваў яго невысокі рост. Але ўсё ж асколак трапіў. Пакуль выцягнулі ды залячылі, i вайна скончылася. Перамогу адзначалі ў шпіталі. Плакалі сляпыя i бязногія, а ён на мыліцах скакаў «Падгорную» ў цесным праходзе палаты. Потым вярнуўся ў сваё Калыванава. А два браты не вернуцца ніколі. Толькі пажоўклыя здымкі пад шклом вісяць каля бажніцы ды дзень пры дні ціха плача ссівелая i здрабнелая маці. Здаецца, каб плакала ўголас, было б лягчэй, а то аплывае i чахне, як свечка. Не вытрываў болю i жалобы ў матчынай хаце, яшчэ з кіёчкам паехаў у Новасібірск, знайшоў свой факультэт, нават сакратарка яго пазнала, аформіў перавод на апошні курс завочнага гістфака. I вось табе — дырэктар. Загад «узяць вышыню». А з кім? Вайна праглынула настаўнікаў, якімі некалі ганарылася Біязінская школа, эвакуіраваныя ў гэтую глушэчу не даехалі, вось і... Але ёсць i першая ластаўка. Сапраўды ластаўка. Як яе толькі зберагчы, утрымаць тут? Хоць i настаўніцкі, але ўсё ж інстытут, свежыя веды, адчуваецца выхаванне i такт. Стварыць умовы? Але як? Нічога ж няма. Хоць бы атуліць увагай i клопатам. А тут яшчэ падсунулі такі клас. Хоць бы не сарвалася ў першы ж дзень. Можа, схадзіць з ёю на ўрок? Пагаварыць асобна з дзецьмі? Мяне ж яны слухаюцца. Можа, таму, што дырэктар, што франтавік, што часам расказваю пра вайну. Як яны тады слухаюць! Ніхто не варухнецца, толькі часам уздыхне.

На калідоры пачуліся цяжкія крокі. Анатоль Паўлавіч зноў прачытаў «Загадваю...». У настаўніцкую ўвайшла Наталля Іванаўна. У доўгім, адглянцаваным за многія гады плацці, у жакеціку, перашытым з мужчынскага пінжака, i гумовых ботах, канапляная хустка з'ехала ледзь не на патыліцу.

Яна села за доўгі стол i разгарнула свае паперы, расклад, перапісаны на двух склееных аркушах у клетку.

— Прыйшлося вам у панядзелак i ў чацвер паставіць па дзве фортачкі. Іначай не выпадала. Ды i на ўрокі вам трэба хадзіць часцей да маладых настаўнікаў.

— Мне ўсё роўна сядзець тут ад цямна да цямна. Так што можна i фортачкі. А маладых у нас толькі адна. Пакуль што хадзіць да яе не варта. Няхай прывыкне, адчуе ўпэўненасць, авалодае клаеам. Я не збіраюся i вам не раю.

— Маладых i трэба якраз з першых крокаў папраўляць. Фанабэрыі ў ix многа, ды толку мала. А гэта Барышава, відаць, стрэмка добрая. Глядзіце, каб не села на шыю i вам. Дарадчык у яе ўжо ёсць. Хітры, як чорт.

Анатоль Паўлавіч аж здзівіўея ад нечаканасц:,

— Што вы гаворыце, Наталля Іванаўна?

Ёй здалося, што ў пытанні, поўным папроку i перасцярогі, прагучала звычайная цікаўнасць, i жанчына пасыпала, як з малатарні.

— Знюхалася з гэтым вашым хвалёным саўхозам. Ноч удваіх начавалі ў старожцы. Што, вы думаеце, яны ў карты гулялі ці чыталі байкі Крылова? I ночы было ім мала — прыехалі ў паўдня. A бачылі, хто яе сустрэў, як ішла ў школу? Як яны ўсміхаліся каля завозні! Ужо збегала пазнаёміцца да бабы яго дружка, да Паранькі Усцігавай. А чаго, як думаеце?

Дырэктар здзіўлена паціснуў плячыма i развёў рукамі.

— Эх, Анатоль Паўлавіч, малады вы i нічога не бачыце. Дзе ім сустракацца? У Архіпа ён спіць на ўслончыку, у яе — у кожнага навідавоку. От i будуць хадзіць да Усцігава. А той за свайго дружка гатовы ў вір галавою. Разумееце?

— Нічога не разумею! — з абурэннем сказаў Анатоль Паўлавіч.

— Зразумееце, як пачнуць нашу школу скланяць у раёне за бытавое разлажэнне. А чый недагляд? Наш. Дазволілі маладому спецыялісту з першага дня скаціцца ў балота.

— Наталля Іванаўна, вы ж жанчына, маці.

— Таму i гавару! Гадзіну назад сама бачыла, як бег ад яе i азіраўся, а яна газеткай завесіла акно i паглядала ўслед.

Анатоль Паўлавіч перапыніў яе:

— Гэта я пасылаў заўхоза прыбіць вешалку. Трэба ёй яшчэ дастаць шафу, завезці бульбы, дроў. Так што не дзівіцеся, калі яго там яшчэ не раз убачыце. A ў хацінку хіба ніколі вас не заганяла непагадзь?

— Што вы раўняеце! — ускочыла Наталля 1ванаўна.— Яны ж былі ўдваіх. Удваіх, разумееце!

— А вы ведаеце, што на фронце нам даводзілася спаць пад адным шынялём i з радысткамі i з санітаркамі? Мы ix аберагалі, як сясцёр.

— Добрыя сябры пад адным шынялём! — зларадна засмяялася Наталля Іванаўна.— То фронт, а тут зусім іншае. Гэты хлышч на селавых баб i глядзець не хоча, а гэтую ружовую «падушачку» прыбраў адразу. Вы як хочаце, а мой абавязак папярэдзіць. Каб пасля ўсім не было сорамна, як пачнуць скланяць.