Выбрать главу

— А зямлю хто дзяліцьме? — запытаў Іван Кавалевіч.

— Камбед у нас ёсць: Мікодым Гошка, Параска, i вось дзядзьку Цярэшку дамо ім у помач.

— Увесь век бяда мною камандавала, а цяпер, трасца яе матары, я ёю пакамандую,— папраўляючы шаблю, ускочыў Цярэшка.

— Ён за каморніка будзе,— пацяшаліся мужчыны.

За акном пачуўся конскі тупат. Нехта саскочыў з каня. У асветленую дзвюма лямпамі зборню ўвайшоў i аж заплюшчыўся заляпаны граззю хлопец у залатаным паўкажушку. Салавей адразу пазнаў Сымона Вежаўца, таго самага, з якім яны падпілоўвалі мост каля Ратміравіч. Сымон быў партызанскім вокам на станцыі — пра ўсё, што там рабілася, пераказваў Салаўю або Ляўкову. Увайшоў, сказаў «добры вечар».

— Які там вечар? Зараз пеўні баб пачнуць будзіць,— азваўся нехта з цёмнага кута.

Сымон падышоў да Салаўя.

— Ну, дык мы ўсё зрабілі, як вы казалі. Два вагоны адчапілі. А што ў ix, не ведаем, пломбы вісяць. Немцы толькі паўлазілі ў поезд, не паспеў машыніст свіснуць, як мы з Амяльянам — пад вагон. Крук слабкі-слабкі буў, мы яго скінулі i стаім. Зачахкаў паравоз i паехаў. Кажуць, у гэтыя вагоны ўсяго навалаклі з Халопеніч, з Харомцаў i што па сёлах назбіралі.

— А на каго ж ты кінуў вагоны? — запытаў Салавей.

— Амяльян з нашымі хлопцамі вартуе. Дык от прыехаў, каб забіралі ці што рабілі.

— Пашлём туды Лявона Адзінца. Гэта па яго часці. Дазнаецца, што чыё, раздасць людзям, а гханскае — у вобчы кацёл. Ты пачакай трошкі, Сеня. Зараз дадзім табе некалькі паперак. На станцыі i ў сёлах налепіш, каб людзі ведалі, што ў Рудабелцы Савецкая ўласць i ва ўсіх вёсках Саветы.

— Толькі каб з пячаткаю былі.

— Будзе i штамп i пячатка, таварыш Вежавец,— супакоіў Сымона Салавей.

За сталамі сядзелі Ляўкоў, Адзінец i Гашынскі i на аркушах тонкай паперы пісалі адозвы валаснога рэвалюцыйнага камітэта.

— Стаўце, хлопцы, штамп i пячаткі, каб усё было па форме,— параіў ім Салавей.— А ты, Лявон, бяры з сабою чалавек пятнаццаць добрых хлопцаў i смаліце ў Ратміравічы. Там Сымон з Амяльянам адчапілі ад нямецкага цягніка два вагоны з нарабаваным дабром. Разбярыся, што чыё. Людское раздай людзям, а панскае вязі ў камбедаўскі склад, пакуль што да Цімоха ў краму.

Раніцою партызаны з мандатамі i лістоўкамі валрэўкома раз'ехаліся па сёлах, ачышчаных ад акупантаў. Яны збіралі сялян, расказвалі, што ў Рудабельскай воласці адноўлена Савецкая ўлада, з мясцовых партыйцаў-бальшавікоў стваралі кіруючыя тройкі, выбіралі камітэты беднаты.

Над саламянымі стрэхамі зноў затрапяталі чырвоныя сцягі. Хто жартам, а хто i ўсур'ёз гэты раён на палескай зямлі называў «Рудабельскай Саведкай Федэратыўнай Рэспублікай».

A ў любы бок, кіламетраў за трыццаць ад Рудабелкі, яшчэ стаялі немцы. Яны былі ў Бабруйску i ў Мінску, Гомелі i Калінкавічах, у Рэчыцы i ў Мазыры. Ездзілі па вёсках i маёнтках, стралялі кормнікаў i надворных парсюкоў, выграбалі засекі, нават забіралі ручайкі з напрадзенаю воўнай.

Ва Урангелевым маёнтку Максім Ус пераважваў жыта i грэчку, перапісваў кароў i цялушак у вялікую прашнураваную кнігу, бо панскі аканом, Мікалай Мікалаевіч, папаліў усе паперы i некуды знік у тую ж ноч, як адступілі немцы. Мужчыны з Максімавага атрада наводзілі парадкі ў Парэччы, Бярозаўцы, Харомцах i Халопенічах: ставілі сваіх загадчыкаў, перадавалі ім ключы ад усяго дабра, што не паспелі захапіць паны i не далі вывезці немцам.

Было клопату ўсім. Да ваенкома Пракопа Малаковіча прыйшоў з Касарыч той самы Кастусь Пінчук, пра якога казаў Салаўю Найман. Пінчук служыў у Смаленскім ЧК i па заданні штаба Заходняга фронту прыехаў у сваю вёску: Чырвонай Арміі трэба былі свежыя сілы, маладыя байцы.

Кастусь Пінчук дабіраўся да Бабруйска праз Оршу тою ж дарогай, што i ўсе падпольшчыкі. Начаваў у Рэвіна, памагаў грузіцца «камерсанту Антонаву», а з Бабруйска з паперкаю, выданаю Густавам Шульцам, прыехаў дадому «на папраўку пасля хваробы». Першых ён адправіў у Смаленск зусім яшчэ маладых хлопцаў Фаму Каберніка i Міколу Юневіча, а за імі з Касарыч i Заракушы знікла яшчэ чалавек пятнаццаць добраахвотнікаў. У бабруйскай чайной ім давалі «прапускі» да Оршы, а там — толькі перайсці з вакзала на вакзал, абмінуць патруля, i праз некалькі дзён хлопцы ў абмотках i ў такіх-сякіх шынялях з мікалаеўскіх складаў, з бляшанымі чырвонымі зоркамі на шапках ужо маршыравалі па смаленскіх вуліцах i з прысвістам спявалі «Чубарыкі-чубчыкі» i «Вы не вейцеся, чорныя кудры».

З «Рудабельскай рэспублікі» трэба было адправіць на фронт маладых i адважных хлопцаў, i не адзін дзесятак. Дачуліся ў Рудні, Кавалях, Лаўстыках, у Смыковічах i ў абедзвюх Дубровах i пайшлі да ваенкома з торбачкамі сталыя мужчыны i хлапчукі,