Выбрать главу

Нехаця, нібы саромеючыся адзін аднаго, няўмела браліся чыноўнікі, купцы першых гільдый i былыя ўраднікі за рыдлёўкі i дзеркачы, закасвалі рукавы i калошы штаноў i пачыналі вымятаць i скрэбці чорную, заваленую смеццем i брудам падлогу.

A ў Салаўя клопатаў было па самую шапку: чалавек дваццаць яго салдат зусім босыя — ад ботаў засталіся толькі халявы, a ступакі абкручаны караўкамі, хто ў падвязаных аборамі старых галёшах, хто ў разбітых лапцях. З ордэрам павятовага камітэта ён паслаў групу чырвонаармейцаў на рынак i ў шаведкія майстэрні горада. Яны тлумачылі шаўцам i гаспадарам крам, што многія чырвонаармейцы разутыя, i прасілі дапамагчы батальёну абуткам. Адны ўпіналіся, іншыя аддавалі без слова, хто пару, а хто i дзве — ботаў, пашытых на продаж. Пад вечар хлопцы прынеслі паўсотні пар новенькіх юхтовых i хромавых чобатаў. Яны блішчалі наглянцаванымі перадамі i халявамі, пахлі свежай скураю.

— А гэта для вас, таварыш камандзір,— сказаў мала ды венгр з сінімі парахавымі плямамі на твары i падаў Салаўю зграбныя хромавыя боты з «рыпам».

— Мае яшчэ з месяц вытрымаюць. Аддай ix лепей онь таму хлопцу, што ходзіць у атопках. Яму i пафарсіць не пашкодзіць — малады.

Падабутыя, паголеныя салдаты новага батальёна рассяляліся ў чыстай, хоць i халоднай казарме. У дальнім кутку паставіў свой ложак i Салавей.

— Мы для вас, таварыш камандзір, гэтую баковачicy пабелім i столік знойдзем,— угаворвалі салдаты.

— Чаго ж гэта мне аднаму жыць? З людзьмі цяплей i весялей. Разам жыць i разам ваяваць.

Салавей не расставаўся са сваімі салдатамі, еў з імі з аднаго катла, пісаў пісьмы за тых, хто яшчэ сам не навучыўся, расказваў пра рэвалюцыю i пра бальшавікоў. А то падсядзе увечары да хлопцаў на ложак i зацягне:

Вихри враждебные веют над нами... Темные силы нас злобно гнетут.

I цягнуцца да песні, як да агеньчыку, байцы з усяе казармы. I ўжо звонкія i прастуджаныя галасы падхопліваюць:

В бой роковой мы вступили с врагами, Нас еще судьбы безвестные ждут.

Калі замоўкне песня, сцішаныя чырвонаармейцы пазіраюць на свайго камандзіра. А ён сядзіць задумёны, па-хатняму свой. Потым паднімае адно брыво:

— Эй, хлопцы, як бы мне хацелася сустрэцца з вамі гэтак гадоў праз пяць або дзесяць. Паглядзець, якія вы станеце.

— А чаму ж не? I сустрэнемся. Я адсюль блізенька жыву. Нас тут колькі? Чалавек дваццаць падрэцкіх. От i прыязджайце, з усімі i пабачыцеся,— пачаў запрашаць Салаўя Сцяпан Герасімовіч.

— Отвоюемся, к нам на Волгу припожалуйте. Сядем на зорьке в камышах, а там уток — туча темная. Приволье, степи. Рыбу только ленивый не берет,— загаварыў асіплым голасам аддзялком Паласухін.

На Салаўя пазіралі дзесяткі сініх, шэрых i чорных, як вугаль, вачэй. Каго толькі не было ў яго батальёне! Саратаўцы i масквічы, венгры i латышы, палякі i кітайцы, сотні са дзве добраахвотнікаў з бабруйскіх майстэрань i з суседніх вёсак. Трэба было ix навучыць хадзіць строем, страляць з вінтоўкі, перапаўзаць пад варожым агнём, днём i ноччу ахоўваць горад, склады, масты i абодва вакзалы. Вось i матляўся цэлымі днямі камандзір то на пляцы перад казармаю, то правяраў каравулы, a ў вольны час любіў уголас памарыць пра будучае, каб кожны ведаў, за што ён ваюе.

— Пабіць мы ix паб'ём. Хоць i галодныя i разутыя, але паб'ём. Нас мільёны, лічы, уся Расія з бальшавікамі, у Германіі рэвалюцыя, адтуль яна, глядзі, пакоціцца i ў другія землі. Адваюемся, i такое ў нас жыццё пачнецца, што i не снілася ніксму. Зямля — наша, заводы — нашы. Саху з сявенькаю — на сметнік. Машыны будуць араць i сеяць. Вучыцца ўсе пойдуць. Прыеду ў твой Саратаў i спытаю, а дзе тут прафесар таварыш Паласухін? Тады i я, можа, на агранома выб'юся. З маленства люблю зямлю. Хочацца, каб ніхто не быў жадзён кавалку хлеба.

Часам да камандзіра прыходзіў яго бацька. Невялікі каржакаваты дзядок у пацёртым рудым кажушку. Прыносіў у торбачцы гасцінцы з дому — жытнія куханы, засушаны сырок, рукавок падсмажаных гарбузінаў, рукавіцы з двума пальцамі, каб можна было страляць, i рудабельскіх навін на ўсю ноч.