Выбрать главу

Скончыліся патроны, i кулямёт замоўк. З прабітай столі валіліся цэлыя пліты тынкоўкі разам з дранкаю, праз аконныя правалы свісталі вецер i кулі стракапытаўцаў. Параненых выносілі на першы паверх, перавязвалі разадранымі гасцінічнымі прасцірадламі i ўціральнікамі. A Краўзе, прытуліўшыся да падаконніка, без промаху етраляў па мяцежніках. Ён перапаўзаў ад аднаго да другога праёма, нібыта га вора чы сам з сабою, камандаваў: «Па бандытах, агонь!» i лаяўся па-нямецку i па-руску. Каманды абаронцаў «Савоя» мяняліся праз кожныя паўгадзіны. Густыя залпы прарэджвалі строй мяцежнікаў. Яны адпаўзалі ў брамы, хаваліся ў пад'езды.

Па гасцініцы зноў уда рыла артылерыя, кулямёты секлі шквальным агнём. Супраціўленне слабела — не было патрона ў, людзі паміралі ад вялікай страты крыві, а жывыя ледзьве трымаліся, знясіленыя голадам i бяссонніцай.

Фрыдрых Краўзе ўсё біў i біў па мяцежніках. Яму прастрэлілі вуха. На шчацэ i на шыі запяклася кроў. Бінтаваць не было калі. Побач з ім, ледзь дыхаючы, стралялі Ланге, Камісараў, Білецкі, Аўэрбах i Бочкін. Параненым i зусім знясіленым было загадана непрыкметна праз двары i завулкі прабірацца да Сожа, ратавапда ў рабочых кварталах горада.

У «Савоі» стрэлы сціхалі. З пад'езда выйшаў высокі бялявы мужчына ў расхлістанай чыгуначнай куртцы. Ён спыніўся i падняў левую руку.

— Хачу гаварыць з камандзірам.

— А хто ты такі?— запытаў афіцэр, які паспеў начапіць пагоны i крыж-накрыж перацягнуцца рамянямі.

— Член павятовага камітэта ад чыгуначнікаў Валодзька.

— Гаварыць гавары, толькі не агітуй, a пікнеш, заткну глотку.— I ён памахаў вялізным маўзерам.

— Вы акружаны Чырвонай Арміяй. Не павялічвайце сваіх злачынстваў, за ix вам прыйдзецца адказваць. Мы спынім супраціўленне, калі вы абяцаеце адпусціць параненых i ўсіх, хто застаўся ў гасцініцы.

— А ты не больна страшчай, камісарык,— вызверыўся афіцэр.— Што ты скажаш, як твая армія стане пад нашы сцягі i — «даёш Маскву». А вы? На халеру вы нам здаліся? Бяззбройных біць бог не вяліць, a ў палон браць — лішняя марока. Вылазьце, не зачэпім. Так, робя?

— Пушчай вылазяць,— гаркнула некалькі п'яных галасоў.

Валодзька, намагаючыся, каб хаця не пахіснуцца, пайшоў у «Савой». Страляніна сціхла. Праз некалькі хвілін, падтрымліваючы адзін аднаго, кульгаючы, абапіраючыся на кійкі ад штораў, выходзілі ўчарнелыя, параненыя, з перабінтаванымі галовамі абаронцы «Савоя» — рэўкомаўцы, работнікі Чэка, камуністы з чыгункі i заводскіх ускраін. Усяго чалавек шэсцьдзесят. Астатнія па адным, па два паспелі пратачыцца праз вузкі завулак у суседнія сады i двары.

Раз'юшаныя бандыты i выпушчаныя стракапытаўцамі з турмы крымінальнікі стаялі па абодва бакі Румянцаўскай вуліцы, за ix спінамі туляліся ашуканыя салдаты з наіўнымі сялянскімі тварамі i літасціва глядзелі на скрываўленых, знясіленых i абшарпаных людзей, што, кульгаючы i трымаючыся адзін за аднаго, выходзілі з гасцініцы. Яны памкнуліся павярнуць на Магілёўскую вуліцу, але той самы афіцэр, што гаварыў з Валодзькам, крыкнуў: «Ацапіць!»

Бандыты абкружылі абаронцаў «Савоя», залязгалі затворамі i пачалі біць прыкладамі i ножнамі шабель па забінтаваных галовах i плячах.

Старшыня Чэка Ланге кульгаў i ледзьве трымаўся на нагах, a крымінальнікі i азвярэлыя салдаты штурхалі i паролі яго штыхамі, білі i лаяліся.

— Апамятайцеся, калі вы яшчэ людзі! Вы здрадзілі народу, рэвалюцыі i нават свайму слову. Што вы робіце?— спрабаваў суняць раз'юшаных мяцежнікаў Камісараў.

Афіцэрык падскочыў да яго i сунуў у твар ручкаю нагана. Па шчацэ пабег струменьчык крыві, а вока заплыло сіняй пухлінаю.

Б'ючы i штурхаючы, ix павялі па Румянцаўскай вуліцы ў турму. З вокан i з двароў баязліва пазіралі людзі, многія крадком выціралі слёзы, іншыя стараліся запомніць адзічэлыя абліччы катаў, каб пазнаць ix, калі ласпрабуюць выкруціцца ад расплаты за здраду.

А к Гомелю падыходзілі чырвонаармейскія часці — з Смаленска прыбыў атрад на чале з губернскім ваенкомам Язэпам Адамовічам, каля Нова-Беліцы пачынала абстрэл мяцежнікаў Бранская дывізія. Салавей ca сваімі байцамі заняў маёнтак Прудок, вярсты за чатыры ад горада. Адсюль відаць дахі i дымкі над камінамі, чуваць гул i страляніна. Да бабруйскага батальёна далучылі рагачоўскі i жлобінскі атрады, пераважна людзей маладых, апранутых вельмі страката: лапці i доўгі шынель, хромавыя боты i кароткія кавалерыйскія венгеркі, флоцкі бушлат i стаўбунаватыя папахі.