Выбрать главу

Анатоль Паўлавіч выйшаў з-за стала, прабегся па настаўніцкай, ускудлаціў чубок светлых валасоў, стаў насупраць Наталлі Іванаўны i, стрымліваючы хваляванне, загаварыў выразна, нібы дыктаваў кожны сказ:

— Наталля Іванаўна, я вас вельмі прашу, вельмі. Няхай тое, што вы сказалі, назаўсёды застанецца тут, паміж намі. Каб вашых неабгрунтаваных здагадак больш не чула ніводная душа. Вы нікому больш не казалі? — утаропіўся ў яе дырэктар.

— Я ж там не была. А мне ўжо тры чалавекі казалі. Бачылі, як ён выходзіў ад яе.

— Вы разумееце, што робіце? Працаваць няма каму. Прыехала першая адукаваная дзяўчына. Замест таго каб хоць трошкі прытуліць яе, стварыць мінімальныя ўмовы, падтрымаць, мы адразу... Як ёй тут заставацца? Плюне i паедзе. А паспяховасць будзе ўзнімаць Аўдоцця Мітрафанаўна? Наце,— ён падбег да стала, ухапіў некалькі паперак, паклаў перад завучам,— чытайце апошні загад аблана. Хіба вы не ведаеце сваіх кадраў? Адзіная, на каго можна абаперціся, а вы яе бэсціце...

— А мы хіба зломкі? Дзесяць гадоў стажу i чатыры падзякі райана — гэта вам не за карыя вочы. I Варвара Іванаўна, хоць i без дыплома... Вопыт... вопыт не забывайце, Анатоль Паўлавіч. А гэтыя з дыпломамі паспытаюць нашага хлеба i самі лататы дадуць...

— I пра заўхоза вы дарэмна. Я ўпэўнены, што ён партызаніў, ваяваў, не раз паранены. Прывёз зусім бездапаможнага таварыша, памагаў, пакуль той не стаў на ногі. Нарэшце, ён вельмі адукаваны чалавек, несумненна, педагог. А што дыплома няма — не вялікая бяда. Веды не ў кішэні i не ў папцы, a ў галаве павінны быць. А там, у ix не толькі дакументы,— гарады сцерлі з зямлі. Адновіць дыплом, i будзем рады працаваць з ім, калі захоча.

— Ну-у-у, тут вы мяне зусім здзівілі, Анатоль Паўлавіч. Невядома чаго прыбіўся сюды, a строіць з сябе ліха ведае што.

— Думайце што хочаце, гэта ваша справа, толькі, калі ласка, Веру Рыгораўну прашу нават поглядам не зневажаць. I жанчын пераканайце, што ўсё гэта паклёп, што нехта злосна пажартаваў.

— Ну глядзіце, Анатоль Паўлавіч, я папярэдзіла.— Наталля Іванаўна рэзка села i ўткнулася ў расклад.

У пакоі спахмурнела. Зашыпеў, а потым бомкнуў старасвецкі гадзіннік у шкляным футарале. Стрэлкі паказвалі палову сёмай.

— Наталля Іванаўна, напішыце, калі ласка, расклад званкоў для тэхнічак. Вялікі перапынак дзесяць хвілін, звычайныя — пяць. I так баюся, ці хопіць газы праводзіць усе ўрокі. Апошнімі ставім вусныя прадметы. Гісторыю, літаратуру i батаніку з горам папалам можна расказваць i ўпоцемку. А на будучы год калгас абяцае паставіць рухавік i генератар. Тады зажывём.

На фронце ў Анатоля Паўлавіча выпрацавалася тонкае адчуванне. Ён азірнуўся ў акно. ІІраз двор ішлі настаўніцы на педсавет. А насустрач ім заўхоз верхам гнаў каня. Мабыць, пасвіць.

Аляксея нешта гнала з двара. Ён упершыню так балюча занудзіўся па любімай рабоце, па званках, па школьным тлуме. Распірала жаданне расказачь пра ўсё, што ведаў, хацелася ўліць душу ў кожнае слова, натхнёна чытаць вершы, каб ніхто нават не паварушыўся, слухаючы радкі вечнай паэзіі.

Яшчэ раз азірнуўся на асветленае акно настаўніцкай, а конь сам павярнуў на паскоціну i ходка пайшоў, матаючы галавой. У змроку звінелі i бразгалі «боталы» на конскіх шыях, хрумстала сталочаная дробная траўка, тупалі спутаныя капыты. Неба загусла i замігцела нізкімі зіхатлівымі зорамі, з нізін пасмамі паўзлі халодныя подыхі ядранай ночы, a з-за кустоў часам наплывалі павевы дёплай вільгаці. Аляксей павярнуў у дробны алешнік, на мякчэйшую i не так збузаваную траву. Ехаў i ўсю дарогу думаў, што яму рабіць, куды падацца. Пакуль дабярэшся на родныя папялішчы, паўзімы міне. Куды там прыткнешся? Яшчэ на непагадзь смыляць i ныюць раны. А тут неяк пераб'ешся на хлебе i бульбе з малаком, a прыціснуць маразы — i скаромнінаю разжывешся, акрыяеш — не сорам знаёмым будзе паказацца, каб не войкалі i не спачувалі. Ды i Мішу зімою прыйдзецца памагчы дрыўмі i сенам.

Аляксей спутаў каня, закінуў на плячо аброць, прайшоў некалькі крокаў i наступіў на лоўжык сухога ламачча. Ён з маленства любіў сядзець у апусцелым асеннім полі каля маленькага трапяткога агеньчыка. Пры хісткім святле добра думаецца, успамінаецца i марыцца. Пра што марыць? Вядома, пра будучае.

Але трэба перацярпець да вясны, загартавацца пасля шпітальнай лежкі, надыхацца смольным духам тайгі. Да таго ўсё збольшага ўсталюецца, хто застаўся жывы, вернецца на сваё селішча.

Аляксей прыкурыў цыгарку, прыгнуўся, падаткнуў запалку ў сушняк маленькага лаўжа. Затрашчала, скруцілася пажоўклая ігліца, ухапілася полымем сухое лісце папараці, аранжавыя язычкі пабеглі па тонкім суччы, загуў, затрапятаў агонь, рассунуў настылы змрок, дыхнуў белым дымком i цяплом на рукі i твар, выхапіў з цемры конскія спіны i кусты алешніку. Усё здалося чырвоным i хісткім, а за кругам святла прасціралася цёмнае асенняе поле i бязмежная тайга. Прыткнуўся Аляксей на аблыселы, паточаны шашалем пяньчук, прасцёр рукі да кастра. Здалося — пасля паходу на «жалезку» грэецца недзе ў гушчары Сінягоўскага бору. Прыпомніўся камандзір брыгады Сцяпан Ларыёнавіч Сямашка, з чорным колцам непаслухмянага чуба, з круглымі арлінымі вачамі i шчарбінкаю на пярэднім зубе. Дзе ён цяпер? Калі жывы, пэўна, вялікім начальнікам стаў. Вайсковым наўрад ці. Сеяць i будаваць, лашчыць далонню рубчастую пшаніцу, падлічваць у коласе зярняты, узвышаць людскія душы — яго талент. Сакратар райкома. Сапраўды першы. Першы ва ўсім.