Выбрать главу

Мяцежнікі ўцякалі на Рэчыцу i Калінкавічы. A ў горадзе расла паніка: мітусіліся, кідаліся з вуліцы ў вуліцу апантаныя салдаты. Было ясна адно: Гомель захапілі чырвоныя, але дзе яны? У завулках ірвуцца гранаты, з ускраін даносяцца страляніна i гулкае «ўра», i яшчэ большы страх апаноўваў мяцежнікаў.

Тараевіч са сваімі хлопцамі ўбачыў каля казармы чатыры гарматы, запрэжаныя коньмі. Чырвонаармейцы з наганамі ў руках i з гранатаю напагатове ўскочылі ў двор. Там нікога не было. Яны асядлалі коней i з грукатам памчаліся насустрач сваім, што наступалі на горад з Прудка.

Гарэла вежа на палацы князя Паскевіча, падпаленая снарадам мяцежнікаў. Высока ўздымаліся клубы дыму, гайдалася злавеснае барвовае полымя. У яго зарыве людзі i коні здаваліся вогненна-чырвонымі ценямі.

Трупа Лагвіновіча прарвалася ў парк. Хвастала пругкае мокрае вецце, ногі коўзаліся па збуцвелай леташняй траве. Чырвонаармейцы беглі к палацу, каб хоць далей не пусціць агонь. Каля ўвахода стаяў вартавы. Убачыўшы людзей, ён падняў вінтоўку i заляскаў затворам.

— Стой, страляйт будэт,— закрычаў ён.

Хлопцы спыніліся. Ліха яго ведае, можа, стаіць ачмурэлы стракапытавец i смальне не думаючы.

— Імем рэвалюцыі, рукі ўгору! — скамандаваў Лагвіновіч.

Вартавы паставіў вінтоўку і, хістаючыся, пабег насустрач чырвонаармейцам.

— Тафарыш, страляйт не нада. Я — Ваня,— плаксіва заенчыў ён.

Хлопцы ўбачылі невялічкага кітайца з чырвонай зоркаю на шапцы. Як ён трапіў сюды, хто яго паставіў?

— Сафет паставіў, сафет снімайт. Хілеб, хілеб, тафарыш,— ён прыкладаў худыя пальцы да вуснаў,— Ваня кушы, кушы хочыт.

Усе ca здзіўленнем глядзелі на яго.

Высветлілася, што перад самым мяцяжом гомельскі гарнізон выставіў тут вартавога, i ён прастаяў без сну i ежы некалькі сутак. Чырвонаармейцы давалі яму хлеб, прыгаворваючы: «Маладзец, Ваня»,— а ён усміхаўся нейкай вінаватай усмешкаю, адшчыпваў глёўкі мякіш i павольна жаваў.

Хлопцы з групы Лагвіновіча пачалі тушыць вежу палаца. З суседніх дамоў прыбеглі людзі з вёдрамі i сякерамі, аднекуль прыцягнулі даўжэзны бусак, драбіну i пажарную кірку. Полымя пакрысе цямнела i захлыналася дымам, a ўнізе, па бруку, грукаталі двухколкі: на бераг Сожа прабіваліся групы мяцежнікаў. Над горадам стаяў гул, чуліся несуладная страляніна i крыкі.

Да групы чырвонаармейцаў падбег сівавусы чыгуначнік.

— Браткі, хутчэй у турму, там забіваюць таварышаў!

Лагвіновіч з узводам байцоў цёмнымі вуліцамі кінуліся да турмы. Яна гула сотнямі галасоў. Свяціліся закратаваныя вокны. Чырвонаармейцы прыкладамі збілі замкі. Ледзьве трымаючыся на нагах, з камер выходзілі скрываўленыя i змардаваныя людзі.

— Членаў рэўкома некуды павезлі.

— Мабыць, на Палескі вакзал.

— Ратуйце ix! — гаварылі толькі што вызваленыя вязні.

Але ратаваць ужо не было каго. На Палескім вакзале пасля доўгіх катаванняў стракапытаўцы расстралялі Білецкага, Камісарава, Ланге, Сундукова, Аўэрбаха, Бочкіна, Песіна i яшчэ некалькіх абаронцаў «Савоя». Забітых пазнавалі толькі па вопратцы. Чырвонаармейцы перанеслі ix у халодны гулкі вакзал. Паставілі ганаровую варту.

Бранскія, бабруйскія i магілёўскія часці абкружалі i даганялі злачынцаў. Аляксандр Салавей ca сваімі людзьмі захапіў бронецягнік, на паравозе паставіў чырвонаармеўцаў i рушыў следам за бандытамі на Рэчыцу.

У святле туманнага вільготнага рання на адхонах чырвонаармейцы ўбачылі трупы голых скрываўленых i знявечаных людзей — на спінах павыразаны пяцікутныя зоркі, павыколваныя вочы, грудзі навылёт прабітыя штыхамі. Няшчасных палонных мяцежнікі на хаду скідалі з цягніка. Гэта быў жахлівы крывавы шлях. Многія маладыя чырвонаармейцы, не саромечыся камандзіраў, выціралі слёзы, да крыві кусалі губы.

— Што яны нарабілі! Біць ix, гадаў! Жыўцом здзіраць скуру!

Салавей змрочна маўчаў, толькі перакатваліся на шчоках тугія жаўлакі, i думаў, што ў гібелі гэтых няшчасных, нікому не вядомых байцоў ёсць i ix віна — недзе прамарудзілі. Каб не валэндаліся з тым ротным ды не ўгаворвалі, a прарваліся ў горад адразу, жылі б i рэўкомаўцы i гэтыя пакутнікі. Хацелася хутчэй нагнаць мяцежнікаў, ударыць так, каб ад ix толькі пыл закурэў, знайсці завадатараў i спагнаць з ix за ўсё. Але хто завадатар? Стракапытаў? Наўрад у яго хапіла б смеласці на такі бунт. Не, імі хтосьці кіруе, нейкая сіла штурхае ў пекла злачынстваў. Усе мяцяжы i паўстанні, усе пятлюры i калчакі, кулацкія бунты i банды крымінальнікаў — работа адных рук.