Выбрать главу

Апошні грукатаў на рэйках бронецягнік. Ім камандаваў Аляксандр Салавей. Ён прытуліўся да халоднай мулкай сцяны. Ныла ўсё цела, як пасля цяжкай работы, самі заплюшчваліся вочы, i здавалася, яго ахутвае вільготны, вогненна-аранжавы туман. Выплываюць знаёмыя твары, бязгучна ўзрываюцца гранаты, а ляскат колаў уяўляецца бясконцаю кулямётнаю чаргой.

Ён то прачынаўся, гаманіў i жартаваў з камандзірамі i байцамі, то зноў правальваўся ў туманную мітусню ўспамінаў i сноў.

Раніцою прыбылі ў Гомель. На Палескім вакзале, дзе нядаўна быў штаб мяцежнікаў, чырвонаармейцаў сустракаў старшыня павятовага камітэта таварыш Хатаевіч. Ён толькі што вярнуўся з VIII з'езда партыі. Мяцеж пачаўся i быў ліквідаваны, калі ён быў у Маскве. Разам з Хатаевічам прыйшлі перабінтаваныя змучаныя абаронцы «Савоя», якім пашанцавала вырвацца жывымі. Яны віталі чырвонаармейцаў i дзякавалі за вызваленне горада.

Камандзіры акружылі Хатаевіча.

— Ну, як там у Маскве?

— Што гаварыў на з'ездзе таварыш Ленін?

Ён коратка адказаў на пытанні. Потым горача i ўсхвалявана загаварыў:

— Стракапытаўскі мяцеж — не выпадковы бунт былых царскіх афіцэраў. Гэта толькі адно звяно ў ланцугу вялікай варожай змовы. Мяцяжы i пагромы па загаду контррэвалюцыйнага цэнтра адначасова пачаліся ў розных мясцінах краіны. Па суседству з намі, у Барзнянскім павеце Чарнігаўскай губерні, разгарэлася кулацкае паўстанне. Яго паднялі зсэры, a бандамі камандуе царскі палкоўнік Сякіра. Наш рэвалюцыйны абавязак дапамагчы чарнігаўскім таварышам ліквідаваць кулацка-эсэраўекае паўстанне. Вы стомлены баяMi з мяцежнікамі. Але час не чакае. Жыццё барзнянскіх камуніетаў, рабочых i сялян у небяспецы. Бандыты паляць вёскі, расстрэльваюць бальшавікоў i вясковых актывістаў.

Салавей падняў руку i зычна скамандаваў:

— Бабруйскі батальён i прыдадзеныя да яго атрады, па вагонах!

Праз гадзіну цягнік з чырвоным сцягам на паравозе адыходзіў на Бахмач.

13.

Лясы адбягалі далей i далей. Яны здаваліся блакітнымі рысачкамі паміж звільжэлаю зямлёй i шэрым небам. Недзе далека пры палявых дарогах тырчалі адзінокія таполі, мільгалі хутаркі i доўгія сёлы з беленькімі цэркаўкамі.

Усё часцей за вокнамі ў павуцінні голых садкоў праплывалі мазанкі пад чарацянымі стрэхамі, у ярах паблісквалі азярынкі веснавое вады. Пачыналіся зацягнутыя сіняватай смугою стэпы. Там-сям, нібы купкі снегу, бялелі чароды гусей, каля самай чыгункі спутаныя коні грызлі сухое бадылле леташніх траў. Стэпы дыхалі гаркавата-п'яным чадам вясны i вільгаццю набрынялай зямлі. Прасторы павольна плылі, як вялікая карусель, мяняючы колеры i краявіды. Часам прабівалася сонца, i ў вокны вагона ўрываліся шырокія снапы пыльнага святла, падсіненага воблачкамі тытунёвага дыму.

Чырвонаармейцы драмалі, дзе хто прымасціўся. А Салавей не адрываўся ад акна. Яго трывожылі i клікалі пахі вясны, бязмежныя прасторы ледзь-ледзь зарунелай зямлі — усё тое, што ён так любіў з маленства. Але не толькі захапленне цягнула яго да акна — ён ні на хвіліну не забываўся, што адказвае за кожнага байца свайго батальёна, што недзе ix чакае бандыцкая засада i трэба быць гатовым у любую хвіліну рынуцца ў бой.

Цягнік спыніўся на невялічкай станцыі Макашына. «Няўжо не хапіла дроў ці вады?» — падумаў Салавей i выскачыў з вагона. Каля паравоза стаяў доўгі, як тычка, дзяжурны i нешта гаварыў машыністу. Аляксандр падбег да ix.

— Прыехалі, таварыш камандзір,— спакойна сказаў сівавусы машыніст.

— Куды прыехалі? Нам жа трэба на станцыю Доч,— гарачыўся Салавей.

— На гэтую Доч ужо ўссеў сукін сын Антонаў.

Пачцівы дзяжурны ў пенснэ стаяў навыцяжку.

— Мы прытрымалі ваш цягнік, каб папярэдзіць, што мінулай ноччу Доч занялі бандыты. А яны здатныя на ўсё.

— Многа ix там?

— Пэўна не ведаю. Але з раніцы па тэлефоне мацюкаюцца i пагражаюць. Нядаўна з Бахмача прыйшоў цягнік. Машыніст казаў, што ў вакзале не засталося ніводнае шыбіны, на пероне расклалі вогнішча, скубуць гусей, б'юцца i скачуць «казакі» Антонава, рабуюць пасажыраў. Дык глядзіце самі. Мы павінны папярэдзіць.

Салавей прыкусіў ніжнюю губу, насупіў бровы, Маўчалі дзяжурны i машыніст.