Выбрать главу

Наперадзе мільгануў агеньчык семафора, пацішэў грукат, тузануліся вагоны, заляскалі буферы. У цяплушках не запальвалі газовак, каб здавалася, што ідзе сапраўдны таварны састаў.

У святле закуранага ліхтара паказалася постаць дзяжурнага, воддаль стаяла некалькі бандытаў з абрэзамі.

Калі састаў спыніўся, чырвонаармейцы пачалі выскокваць не на перон, а на другі бок цягніка. Нехта з бандыцкіх вартавых стрэліў, каб папярэдзіць сваіх. Дзяжурны патушыў ліхтар i папоўз пад вагон. Ён не адразу ўцяміў, што адбылося, i толькі, калі пачуў тупат соцень ног i кароткія загады камандзіраў, вылез з-пад вагона.

— Таварышы, ix там чалавек трыццаць,— калоцячыся, мармытаў ён,— не бойцеся, ix чалавек трыццаць. Толькі з абрэзамі.

З вагона прасакатаў кулямёт, грымнула «ўра», i чырвонаармейцы пачалі абкружаць будынак з павыбіванымі вокнамі. Бандыты сігалі праз платы, туляліся за пунямі, беглі куды каторы, каб толькі як-небудзь выскачыць у цёмнае поле. Чуліся выпадковыя несуладныя стрэлы i крыкі — п'яныя адразу працверазелі, рызыканты беглі, як зайцы...

Салавей загадаў дзяжурнаму запаліць у вакзале святло. Усе ўбачылі паламаныя лаўкі, лужыны на падлозе. Хоць i былі выбіты вокны, у зале трымаўся цяжкі агідны дух.

Чырвонаармейцы прывялі раснатланую кабету. Яна дыхала густым перагарам самагону, выцвілыя вочы глядзелі дзіка i палахліва. Салавей адразу пазнаў тую, што днём драмала на плячы бэйбуса з пісягом на шчацэ.

— Думалі, бандыт за студняю схаваўся, глядзім, аж баба,— расказвалі чырвонаармейцы камандзіру.

— А можа, казак у спадніцы. Давай праверым,— рагаталі хлопцы.

— Сказылыся, чы шчо? Одарка я. Ішла від сусідкі, аж чую стрыляюць i бэжуць онтоновці, я за колодзеж i схавалася.

— Куды ж уцёк твой ухажор з рассечанай мордаю? — спакойна запытаў Салавей. Адарка залыпала вачыма, шморгнула кірпатым носам, паспрабавала заплакаць.

— Він жа мэне, під ляворвертам сюды прывіў. Ссільнічаў пры всіх, а тэпэр уцік. У яр воны побіглы. Ловыть ix, скажэніх. На Борзну хочуць пробытыся.

Валаводзіцца з п'янаю бабай не было калі. Салавей пакінуў чалавек дзесяць канвойных, здаў ім Адарку, а сам з байцамі выскачыў за дзверы. Далека i зусім блізка чулася страляніна, заліваліся брэхам сабакі, хлюпала пад ботамі гразь.

Чырвонаармейцы абкружылі станцыю i вёску, два ўзводы пабеглі следам за бандытамі ў глыбокі яр.

Неба паружавела на ўсходзе, у парадзелым змроку паказаліся дрэвы, кусты i постаці салдат. Каля яра ляжала некалькі забітых бандытаў. Астатнія, прыціснутыя да ўзгорка, пакідалі абрэзы. Сярод ix быў i «казак» з пісягом праз усю шчаку.

Да Салаўя падбег камандзір узвода Пачуліс.

— Што будзем рабіць, таварыш камандзір?

— Вядзіце на станцыю i здайце канвою. Там гэтага «гайдамака» Адарка чакае.

— Бісава баба! — злосна працадзіў той i цвыркнуў праз зубы слінаю. Чырвонаармейцы звязалі бандытам рукі іхнімі ж папружкамі.

— Чаго крутыш? I так не ўтэчу,— агрызнуўся той жа здаравіла з шрамам на твары. Бандытаў павялі на станцыю, а Салавей з батальёнам рушыў на Шапавалаўку.

Ужо добра вывіднела. Батальён ланцугом расцягнуўся па гразкім полі. Байцы кацілі кулямёты, трымалі пад пахамі зараджаньш вінтоўкі. На ўзгорку паказалася вялікае сяло: соткі з паўтары прысадзістых мазанак стаялі паміж садгсоў i тапалёвых прысадаў. Шапавалаўка, відаць, яшчэ спала — ні дымку, ні жывое дупіы не відаць. Чырвонаармейцы залеглі вакол сяла. Да крайняй хаты падышлі Салавей з Тараевічам. Яны былі ў шынялях i ў замасленых чыгуначных шапках. Што за людзі, ніхто адразу i не здагадаецца. Асцярожна пастукалі ў маленькае акенца. За шыбінаю паказалася сагнутая постаць заспанага дзеда з сівой барадою.

— Відчыні, дзіду,— па-ўкраінску азваўся Салавей.

Ляпнула клямка, з дзвярэй выйшаў ускудлачаны стары ў палатняных сподніках i ў кажушнай камізэльцы.

— Чого тобі? — буркнуў ён.

— Чэрвоных тут не було? — спытаў Салавей.

— А вы хто ж будэтэ?

— Війско батькі Пэтлюры,— адказаў Аляксандр.

— Гэ, булы та сплылы. Всіх пэрэдушылы на станцыі i ў Борзні. I я штук з дэсяць порэшыв.

Тараевіч выхапіў наган. Салавей сціснуў яго руку.

— Адставіць, таварыш Гараевіч.

Стары змікіціў, што сказаў не тое, што трэба, упаў на калені i залямантаваў:

— Брэшу, брэшу, таварышы, нікого я нэ бачыв. Догодыть хотів. Пэрэмішалысь тэпэр i білы, i чэрвоны, i жовты, i сыні. Сын мій, Грыцко, у Шчорса служыць. Пошкадуйтэ старого. Набрэхаў сам на сэбэ, чого i нэ снілося.

— Уставай, стары,— падняў яго за худое плячо Салавей,— i пакажы нам хату атамана.