Выбрать главу

— Запамінайце дарогу,— гаварыў ён ,— па ёй нам наступаць.

А пакуль што сілы былі няроўныя. Трэба берагчы кожнага салдата i кожны патрон, каб не пусціць пілсудчыкаў далей, каб сыны вярнуліся да мацярок, мужы — да жонак, бацькі — да дзяцей.

Салавей ведаў, як цяжка траціць блізкіх, шкадаваў кожнага байца, як роднага брата. Ён разумеў, што Мінск ім ужо не ўтрымаць, але i нельга ворага пускаць далей. Эх, каб сюды сотні са дзве рудабельцаў, пушак ды снарадаў хоць трохі, яны б ворагу паказалі, куды яму бегчы.

Баі ўжо ішлі на вуліцах. Легіянеры занялі вакзал i выйшлі на ўскраіну. Салавей адвёў рэшткі палка ў защитны гай каля Лапіч. Полк перадаў свайму земляку i другу Сцяпану Жынко, а сам ушчаміўся на нейкую платформу з рэйкамі i паехаў у Асіповічы. Ён спадзяваўся папоўніць батальён камсамольцамі.

Але гарадок быў амаль пусты: там-сям сноўдаліся бабулькі ды сівенькія дзядкі, з-за веснічак паглядалі прыцішаныя дзеці. У ваенкамаце чалавек з дзеравяшкаю замест нагі пхаў паперы ў вялікі мех з-пад солі.

— Нічым памагчы не магу. Каго мог, адправіў,—адказаў ён.— Загадана ўсё адвезці ў Бабруйск.

На дзвярах валаснога камітэта камсамола вісеў кавалак фанеры з размытым хімічным надпісам: «Усе пайшлі на фронт».

У полк Салавей вяртаўся адзін. Імжыў цёплы дожджык, шапацелі даспелыя аўсы, а недзе на захадзе вуркатаў гром. Прыслухаўся. Не, не гром — біла артылерыя.

4.

Жыта даспела рана: толькі налілося i адразу запалавела, пайшло гайдацца сівымі хвалямі. У нізінах пацяжэла, сагнулася, а на буі ды на пясочку тырчалі каласы, як тыя макаўкі. Камунары завіхаліся на жніве. Павыцягвалі панскія жняяркі, прыладзілі да косграбелькі i з ранішняй расою клалі напрост супольна пасеянае жыта. У камуну папісаліся спрадвечныя панскія парабкі. Заводзіць сваю гаспадарку ніяк не выпадала, не было за што рукі зачапіць: ні кала ні двара, ні ступы ні таўкача. А тут усё на месцы: i коні, i плугі, i жняяркі асталіся. Жні i звозь у свіран — усё агульнае, усё наша.

На мураваным шуле вісеў «Дэкрэт аб арганізацыі савецкіх гаспадарак». Ён абавязваў усе арганізацыі «аказваць садзеянне i дапамогу сельскагаспадарчым вытворчым камунам, таварыствам i суполкам, якія перайшлі да сумеснай апрацоўкі зямлі, працоўным арцелям i іншым аб'яднанням». Дэкрэт падпісалі старшыня Савета народных камісараў У. Ульянаў (Ленін), кіраўнік спраў Саўнаркома У. Бонч-Бруевіч, сакратар Саўнаркома Л. Фоціева 15 лютага 1919 года.

Рудабельскія камунары ведалі на памяць гэты дэкрэт: сам Ленін загадваў памагаць ім. Калі што трэба было, ішлі ў рэўком да Максіма Уса, i ён пад распіску з панскіх пакояў выдаваў камунарскай сталоўцы буфеты, крэслы, сталы, талеркі i лыжкі. Абедалі ўсе разам, з дзецьмі, з жонкамі. Здавалася, сабралася адна вялікая сям'я, вясёлая i працавітая. У «панскіх» талерках з пазалочанымі беражкамі боўталася сівенькая зацірка, грудкамі ляжала прасяная каша з гарбузом, у блакітныя кубачкі кухар разліваў густое халоднае малако.

— Што гэта за мерка ў цябе? — абураўся Цярэшка.— Поп на прычасці i то болей дае.

— Можа, пан Цярэшка загадае падаць смажанага рабчыка, цвібель-клопс i шампанскае,— пацешна схіляўся перад ім колішні панскі падкухцік.

— Жары тых клопаў сам, а чалавека накармі, каб гэтая злыбяда не боўталася ў чэраве, бы ў пустой біклазе.

— От каб дзед так у работу ўлягаў, як каля місы,—уставіла Параска.

— А хто ж пад бабкаю будзе лапці сушыць?

Усе весела смяяліся, а дзед тупаў на сваё месца, не перастаючы бурчаць.

Потым камунары ўставалі з-за сталоў i гаманкой талакою ішлі ў поле. Дзеці круцілі перавяслы, кабеты вязалі снапы, Цярэшка спрытна складаў ix на воз. Рыпелі колы на палявых дарогах, раслі тарпы ў доўгім свірне, на таку гула конная малатарня, i спорным дажджом сыпалася цёплае зерне. Жанчыны, завязаўшыся да самых вачэй хусткамі, адкідалі салому i адграбалі збожжа.

У свіран прыйшоў Максім Ус. Ён быў загадчыкам прадуктовага аддзела рэўкома i цэлымі днямі ездзіў па былых маёнтках, засценках i хутарах рэквізаваць муку, крупы i сала для Чырвонай Арміі. Сам адвозіў у Ратміравічы i ў Бабруйск, здаваў каптэнармусам часцей, a ў рэўком прывозіў так-сяк накрэмзаныя распіскі.

— Максім занудзіўся без работы,— жартавала Параска.— Можа, хоча ў прывод падпрэгчыся, а то Буланы прыстаў.

— Ці не па табе, удавіца, ён сохне, што прыляцеў сюды,— намагаўся перакрычаць малатарню Мікіта Падута.

Максім толькі ўсміхнуўся i падміргнуў Парасцы, ссунуў на патыліцу вайсковую шапку з цёмнымі плямамі поту, насупіў густыя бровы, аж вочы зрабіліся вузенькія, бы шчылінкі.