Выбрать главу

— Зараз жа трэба арфаваць i хутчэй везці ў Бабруйск. Чырвоная Армія б'ецца з легіянерамі, а хлеба няма.

— Няўжо да Бабруйска дапяла гэтая зграя? — спалохана спытала Параска.

— Бабруйск пакуль што наш, от ён i просіць есці.— I Максім падаў ІІарасцы паперку.— Бярыся, таварыш камбед, спаўняць загад рэўкома. А прыйдзе старшыня, аддасі яму гэтую цыдулку.

Параска адышлася ўбок, паклікала свайго Васілька, каб пачытаў. На вялікай сіняй паперцы было напісана:

«Камуністычная партыя (бальшавікоў). Рудабельскі валасны камітэт.

8 жніўня 1919 года.

Старшыні камуны ў маёнтку Рудабелка.

Валасны рэўком прапануе вам адпусціць i даставіць у горад Бабруйск не пазней 10 жніўня 50 пудоў жыта, 20 пудоў мукі, З пуды солі для вайсковых часцей Чырвонай Арміі.

Падстава: адносіна Бабруйскага аддзела забеспячэння ад З жніўня 1919 года № 1451.

Старшыня рэўкома М. Ляўкоў,

Заг. аддзела харчавання М. Ус».

Параска пастаяла з хвіліну, зняла хустку, выбіла з яе пыл, падвязала «бабачкаю» i шпарка пабегла па дварах.

— Бабанькі, памажыце трохі пакруціць арфу, жыта конча трэба,— прасіла яна кожную, з кім сустракалася.

— Нашто яно табе так спатрэбілася? — пыталіся кабеты і, пачуўшы Парасчын адказ, ішлі да свірна i да поўначы арфавалі збожжа для «бедных салдацікаў».

Параска круціла корбу, засыпала ў кош, адцягвала поўныя мяхі, а з галавы не выходзіў Аляксандр. «Як ён там? Ці жывы хаця? Пабачыць толькі, i то лягчэй было б. Можа, i яму перападзе луста нашага хлеба. Хай бы хоць успомніў, падумаў. От сказаў бы толькі слова, у вір пайшла б за ім. Але дзе там! Хіба такі скажа?» Яна задумвалася i ўжо не бачыла ні мяхоў, ні кучы жыта, не чула, як тарахціць арфа i гудзе малатарня.

Ноччу мужчыны на чатырох фурманках павезлі «салдацкі паёк» у Бабруйск.

Пад самым горадам ішлі баі, Бабахалі гарматы, за Бярозаю гарэлі сёлы, па вуліцах везлі параненых чырвонаармейцаў. Салаўя ў горадзе рудабельцы ўжо не знайшлі. Казалі, ён разам з ваенкаматам выехаў недзе аж пад Смаленск фарміраваць новыя часці. Вяртаючыся дадому, падводчыкі яшчэ доўга чулі гул бою, бачылі злавесна-барвовае зарыва на небасхіле. Хутчэй паганялі коней, каб адарвацца ад вайны, каб не чуць яе грукату, не бачыць полымя пажараў. Але хіба ж уцячэш. калі яна коціцца следам? Няўжо дапрэ i ў ix лясны край? Зноў прыйдзецца брацца за стрэльбы, бараніць адваяваную зямлю, i так ужо густа палітую крывёю.

Прыехаўшы дадому, падводчыкі пра ўсё расказалі Максіму Ляўкову. Той моўчкі слухаў горкія навіны i адразу ўвечары сабраў камуністаў i членаў рэўкома, камбедаўцаў i былых партызан. Прамова яго была кароткая i простая. Ён гаварыў, што ўзброеныя Антантай банды Пілсудскага занялі Мінск i падышлі да Бярэзіны. У баі пад Бабруйскам снарадам забіла нашага земляка, камандзіра батальёна Сцяпана Жынко. Пачуўшы гэта, стары Цярэшка, не здымаючы шапкі, перахрысціўся: « Царства яму нябеснае».

— У нябеснае царства, дзед, вароты шырокія, а за зямное яшчэ біцца трэба,— сказаў Максім Ус.

— Усё ты мяне падсякаеш, як таго печкура на верхаводцы. Біцца дык біцца, каб ix паралюш разбіў. Чаго ім, злыдням, тут трэба?

— Каб ты зноў парабкам быў,— ужо лагодна адказаў Максім.

— А выхвараюць яны! Паспытаўшы салодкага, горкае i калом не ўваб'еш. Цяпер i дурань ведае, за што яму стаяць.

— Дык што будзем рабіць, мужчыны? — запытаў Ляўкоў.

— Бараніцца,— загулі мужчынскія галасы.

— Станем сцяною на Пцічы — i ні з месца!

Ляўкоў прыплюшчыў вочы.

— Каб так лёгка рабілася, як гаворыцца. Чырвоная Армія не ўстаяла пад Мінскам, мабыць, ужо здала i Бабруйск. Можа, i ненадоўга, але здала. А як бараніцца з дубальтоўкамі?

Падскочыў малы, юркі Цімох Валодзька.

— У мяне ад «каперацыі» тры вядры патронаў асталося, скрынка піраксіліну i паўмяха гранат. Вінтоўкі i карабіны, лічы, у кожнага пад страхою тырчаць. На першым часе адаб'ёмся, а там i ў панкоў разжыцца можна будзе.

— Праўду кажа Цімох,— падняўся шыракаплечы Лявон Адзінец. Пра яго сілу ведала ўся воласць: мядзведзя паборае, учэпіцца за біла — конь ні з месца. Пакладзе на калёсы Лявон дзеравіну — вязі смела, не падужае — лепш i каня не запрагай. Як усе дужыя людзі, ён быў заўсёды лагодны i спакойны. А тут разышоўся: «Лепш памерці, а не аддаць тое, што столькі год заваёўвалі. Ці, можа, зноў ісці ў парабкі да Урангеля? Ён цяпер за атамана ў белых, a барані божа, прыедзе, скуру да касцей здзярэ. Я думаю, таварышы, трэба сёння ж падзяліць усіх на атрады, выбраць камандзіраў, а як толькі паткнуцца сюды легіёны, біць, не шкадуючы ні ix, ні сябе. Мы загінем, хай хоць дзеці нашы па-людску жывуць. Хто за камандзіраў будзе,— пытаецеся? Ігнат Жынко i Андрэй Пуцята чым не камандзіры? A ўзводнымі Максіма Уса i Цімоха Валодзьку назначыць. Па сёлах разведчыкаў адправіць. Каго? Хоць бы Марыльку Салаўёву. Гэтую дзеўку чорт i ў мяху не спаймае. Падшыванцаў да радні пусціць, няхай прынюхваюцца. Калі што якое, сюды перакажуць. Ну, a Максім Ляўкоў усім верхаводзіць будзе.