Выбрать главу

Чырвонаармейцы асадзілі коней, спусціліся ў нізіну i пачалі абкружаць Парэчча. Партызаны паўзлі да гародаў, кароткімі перабежкамі пракрадваліся паміж кустоў, што раслі на куп'істым поплаве, каб з тылу прарвацца на вуліцу i заткнуць зяпу кулямёту, які прыкрываў адыход сваіх. Легіянеры, нібы з дзіравага меха, сыпаліся з другога канца вёскі i знікалі ў хвойніку. Дарогу ім перарэзала чырвоная конніца, засвісталі клінкі, загрымелі стрэлы.

Па разорах да царквы паўзлі Карп Жулега i Апанас Раговіч. Яны ўскочылі на цвінтар i залеглі за бэзавымі кустамі. Грымнулі два гранатныя выбухі, i кулямёт змоўк. Партызаны палезлі праз платы, пабеглі па садках i гародах на вуліцу. Яшчэ сям-там з-за хлявоў i хат адстрэльваліся жаўнеры.

Дзед Цярэшка ніяк не паспяваў за маладымі. Ссунуўшы на вуха аблавушку, ён выскачыў з-за высокага агрэставага куста i ўбачыў за адрынаю жоўты мундзір.

— Стой, пся крэў! — крыкнуў стары, падхапіў вінтоўку, але з-за вугла грымнуў стрэл. Дзеда штурханула, ён закруціўся на месцы, ухапіўся за твар i павольна пачаў асядаць на цвёрдую граду з мсрзлымі храпкамі ссечанай капусты.

Яго знайшлі пасля таго, як скончЫўся бой. На рэдзенькай бародцы запяклася кроў, незаплюшчаныя вочы глядзелі ў халоднае шэрае неба.

Разгром партызанамі i чырвонай конніцай парэцкага гарнізона нагнаў страху на белапалякаў. Па вёсках папаўзлі чуткі, што з Гомеля прарваўся полк Чырвонай Арміі i разам з рудабельскімі партызанамі вызваляе цэлыя воласці i гарады, вось-вось прыйдзе сюды. Людзі чакалі вызвалення, мужчыны па адным, па два знікалі з вёсак.

Белапольскае камандаванне занепакоілася: адкуль узялася чырвоная конніца? Можа, з гэтай небяспечнай палескай зоны пачынаецца планамернае наступление чырвоных? Па тым, што расказвалі некалькі ўцекачоў з Парэчча, цяжка было хоць што-кольвек зразумець: у страха вочы лупатыя i лыжка здаецца лапатаю.

Паляцелі трывожныя тэлеграмы ў Бабруйск i ў Мінск. У адказ на ix прыбывалі часці ўланаў i пяхоты, палявая жандармерыя i артылерысты. Яны спыняліся ў Глуску. Заходзілі ў хаты па тры, па пяць чалавек, заганялі гаспадароў у запечча, a самі ўмошчваліся на ложках, у куце навальвалі цэлую rapy сёдлаў i амуніцыі. Усё мястэчка прапахла конскім потам i дымам паходных кухань.

Знятыя з фронту часці ад'ядаліся i адсыпаліся перад паходам на Рудабелку. У мястэчка прыязджалі на маляваных вазках дзябёлыя шляхцянкі ў доўгіх футрах з жоўтымі лісінымі каўнярамі, у высокіх боціках на гузіках i да раніцы скакалі з афіцэрамі мазуркі i паланезы, гулялі ў фанты з пацалункамі, стараліся размаўляць «па-польскему», хоць ix польскую гаворку варшавякі i пазнанцы разумелі толькі пятае цераз дзесятае.

A Іван Мазалеўскі з шавецкім начыннем зноў пайшоў па сёлах. Цяпер ён ламаў галаву, як прабіцца ў Рудабелку, каб пераказаць, што збіраецца вялікая сіла жаўнераў. Бадзяючыся па хутарах, ён сустрэў Марыльку, Салаўёву сястру.

5.

Цэлы месяц з рэшткамі свайго батальёна Аляксандр Салавей маршыраваў па вуліцах маленькай Сычоўкі. Днём чырвонаармейцы паролі штыхамі мяхі з саломаю, стралялі па мішэнях, a вечарамі латалі гімнасцёркі i шынялі, падэшвы густа падбівалі цвічкамі з пляскатымі галоўкамі i сгіявалі песні латышскія, венгерскія, беларускія i польскія. З латышамі Салавей гаварыў на матчынай мове, з беларусамі — на бацькавай, польскую трохі помніў з маленства ад шляхцюкоў. Цяжэй было з венграмі. Яны добра разумелі каманду, ведалі, што трэба рабіць, калі ім што даручаюць, а вось пагаварыць з кожным байцом па душах камандзір не ўмеў. А як жа камандаваць, калі не ведаеш, хто чым жыве, пра што думае, чаго сумуе ці радуецца. Салавей часта ездзіў у Смаленск у штаб Заходняга фронту i ва Упрафарм [18] патрабаваў, каб хутчэй батальён адпраўлялі на фронт, даводзіў, што нельга ў такі час адседжвацца ў ціхай Сычоўцы.

— Не спяшайцеся, таварыш Салавей,— супакойвалі яго ва Упраўленні фарміравання,— вы яшчэ пакажаце сябе.

— Я ж не клоун, каб паказваць сябе. Я бальшавік i не маю права страляць па мішэнях i патрашыць сеннікі, калі гінуць нашы людзі.

— Скажу па сакрэту,— гаварыў начальнік упраўлення, лысаваты мужчына з выпраўкаю i манерамі бы лога афіцэра,— мы фарміруем полк чырвоных камунараў. Ён адправіцца на барацьбу з белалатышамі. Якраз вашы стралкі i будуць вызваляць родную зямлю. Камандзірам палка прызначаны ваш зямляк, бабруйчанін Іван Варфаламеевіч Царук. Вось так, Аляксандр Раманавіч.— Начальнік ветліва ўсміхнуўся i ўстаў.— Зайдзіце ў штаб фронту i атрымайце загад аб пераводзе ў Смаленск.

вернуться

18

Упрафарм — Упраўленне фарміравання арміі.