Выбрать главу

Налазішся па тайзе, наслухаешся, нагледзішся касачоў на такавішчы. A ласіны гон! От дзе рык, от дзе сіла, от дзе любошчы! А з мядзведзем стрэнешея — страх i радасць, што не ты, а ён цябе баіцца i прэцца ў валежнік... Чуеш, як ціха? Дзе яшчэ так ціха, а?

На селавой вуліцы яны развіталіся.

— Заходзь вечарам паталкаваць. А часам прыжывешся — лесам паможам i зрубім хату талакою.

Аляксей падзякаваў i пайшоў па пругкай сцежцы. У хатах было цёмна, толькі з вокан пяцісценкі Наталлі Іванаўны на вуліцу i ў двор падала святло, чулася гамана, у двары стаяў нечы выпражаны конь. Да Быковых часта заязджалі раённыя ўпаўнаважаныя i рэвізоры: муж Наталлі Іванаўны пасля фронту не вярнуўся ў школу, a ўзначаліў куставую кантору спажывецкай кааперацыі.

Ціхманы чалавек i цяпер часта хварэе, а гандлем фактычна камандуе Наталля Іванаўна. У магазіне яе слова — закон. Яна ведае, каму што даць, каму не даваць, каму якія карткі, з каго спагнаць пай, да якога тавару дадаць «нагрузку». Яна прыходзіць у кантору, садзіцца за мужаў стол i пачынае: «Ягор Кірылавіч кепска сябе адчувае. Адпусціце сягоння Ульяне ў магазін яечны парашок, макаронаў i манкі. Надзі выпішце корту i паркалю». Калі трэба было падпісаць ведамасць або нарад, каб не турбаваць мужа, яна часам гаварыла: «Роспісь у нас аднолькавая, давайце сюды»,— i падпісвала акурат як Ягор Кірылавіч.

III.

Гаспадары ўсёю сям'ю спалі на вялікай, разасланай на падлозе кашме. На чыстай палавіне хаты стаяў драўляны ложак, засланы стракатаю саматканаю посцілкаю з высокаю пірамідаю падбітых падушак. Але на ложку ніхто не спаў. Пакуль цёпла, слаліся на падлозе, a ў вялікія маразы лезлі на палаці. Аляксеева месца было на шырокай лаве каля дзвярэй. Клаліся, як толькі змеркне, бо скупа было з газаю, a ў такую далеч па бездаражы не навозішся, ды не вельмі яе i выстарчала тады.

Аляксей толькі ўмасціўся на сенніку, заплюшчыў вочы, каб заснуць, як нехта пастукаў у дзверы. Ён падхапіўся, выскачыў у сенцы.

— Буевіча ў сельсавет,— адказаў жаночы голас.

— А хто выклікае, цётка Настасся? — па голасу назнаў Аляксей суседку.

У сельсавеце начамі дзяжурылі па чарзе: выклікалі, хто быў патрэбен, адказвалі па телефоне, а часцей драмалі над сталом да рання.

— З раёна нейкі новенькі. Загадаў, каб сей мінут быў,— i патупала па рыплівых прыступках ганка.

Аляксей, не спяшаючыся, апрануўся, скруціў на дарогу цыгарку i ціха выйшаў за дзверы. Была ядраная ноч. Вялікія зоры ўсыпалі цёмнае неба, наўскаеяк светлаю паласою працягнуўся Млечны Шлях, недзе на другім канцы, падвываючы, брахаў сабака. На цёмнай вуліцы там-сям мільгаў слабы дрыготкі агеньчык, i толькі з вокан Верынага пакоя яркае святло кідала цень ад аконнай рамы на гразкую дарогу. Пахла вялым, гаркавата-салодкім бульбоўнікам i кропам, свежае, аж колкае, паветра казытала ў носе i халадком абдзімала шчокі. Аляксей цаляў ступаць па тугой вузкай сцяжынцы, каб не ўцерабіцца ў гразь, а душу смактала прадчуванне чарговай непрыемнасці. Ён ведаў, што вакол яго снуюць нейкія плёткі. I сапраўды, дзіўна — адукаваны чалавек круціць быкам хвасты, возіць дровы недавучкам. Даўно трэба было плюнуць на ўсё, паехаць дадому, хоць дома таго i няма, напэўна, засталіся людзі, якія помняць i ведаюць яго. Што яго тут трымала? Міша Усцігаў. Яго бяда, жаданне памагчы таварышу трохі агледзецца. Спадзяваўся папрацаваць, каб збольшага акрыяць, стаць на ногі i вярнуцца ў свой зруйнаваны раён.

Святло з вокан сельсавета падала на пажоўклыя кусты ў гародчыку. Дзверы на ганку расчынены насцеж, у пярэднім пакоі каля жоўтай скрынкі тэлефона за маленькім столікам сядзела цётка Настасся i драўляным кручком спрытна вязала тоўстую рукавіцу. Аляксей аж зажмурыўся пасля цемнаты, агледзеўся i толькі хацеў спытаць, каму ён патрэбен, як дзверы ў пакой старшыні адчыніліся, з ix выткнуўся тонкі, зусім яшчэ маладзенькі чалавек. На ім тапырыўся, відаць з чужога пляча, кіцель, з шырокіх кірзавых халяваў выдзімаліся шырокія галіфэ. Дробныя рысачкі твару адразу i не запомніш.

На Аляксеева прывітанне ён адказаў папрокам:

— Колькі ж можна чакаць? Ну i дысцыплінка! Заходзь.

У пакоі прыезджы падкруціў кнот у лямпе, прысунуў шэры мармуровы прыбор, сеў за стол, Аляксею паказаў на табурэтку каля дзвярэй. Памаўчаў. Адсунуў шуфлядку, пагартаў у ёй нейкія паперкі, выцягнуў чысты аркуш, падумаў, увагнуўся i даволі доўга нешта пісаў.

— Назавіце ваша прозвішча, імя i па бацьку.

— Раз выклікалі, значыць, ведаеце. А хто вы? I навошта я вам ноччу спатрэбіўся?