Выбрать главу

Пушанкоў яго перабіў:

— Я пытаюся, чаму прыехалі іменна сюды, а вы ўхіляецеея ад прамога адказу, пятляеце, як заяц, i зноў расказваеце пра вайну i пра бамбёжку.

— Добра,— дзёрзка адказаў Аляксей.— Пішыце. Праводзіў са шпіталю цяжка параненага франтавога таварыша Міхаіла Усцігава. Застаўся на некаторы час, каб дапамагчы яго сям'і ўправіцца з прысядзібным участкам. Калі даведаўся, што мая вёска дашчэнту спалена i нікога з радні не засталося, вырашыў часова пабыць тут, папрацаваць, падтрымаць баявога таварыша. I самому хоць трохі адысці пасля ўсяго перажытага.

— Вы сцвярджаеце, што маеце вышэйшую асвету, а чаму пры вострай нястачы настаўнікаў працуеце заўхозам?

— Я адсюль звяртаўся ў сваё аблана з просьбай прыслаць мой дыплом. Нядаўна зноў адказалі, што ўсе архівы аблана i інстытута загінулі ў часе акупацыі. Людзі там цяпер новыя i пакуль што нічым памагчы не могуць.— Аляксей дастаў з кішэнькі кароценькае паведамленне i падаў Пушанкову. Той толькі зірнуў i адсунуў убок.

— Гаворыце вы складна, Буевіч, а вось з работай на немцаў няўвязачка: сведкі вашы або нябожчыкі, або неіснуючыя асобы. Дзе той ваш...— ён зірнуў у пратакол,— Сямашка? Хто можа яшчэ пацвердзіць, што вы служылі ва ўправе па заданні райкома?

— Начальнік разведкі брыгады былы ўпаўнаважаны райаддзела НКВД Піліп Васільевіч Юркевіч.

— Дзе ён цяпер?

— Каб жа я ведаў! Вайна раскідала людзей па свеце. Калі жывы, напэўна, недзе працуе.

— Па-шш-укаем, па-шш-укаем,— прамармытаў Пушанкоў i запісаў прозвішча.— Канечне, каб вы прызналіся ва ўсім, было б лягчэй i вам i нам,— уздыхнуў ён.— Службу ў немцаў вы не адмаўляеце, правал падпольнай арганізацыі таксама. Што ж выходзіць? Чатырох павесілі, а з вас i валасок не зваліўся. А? Лепш не круціце, Буевіч. Чыстасардэчнае прызнанне змяншае меру пакарання,— мякка ўгаворваў следчы.

Аляксей ускочыў з табурэткі.

— Гаварыце ды не загаварвайцеся! Каго вы хочаце абвінаваціць? Вы ніколі не нюхалі пораху, не ведаеце, што такое вайна i акупацыя. Толькі такі i можа паверыць паклёпу нейкага замаскіраванага ворага. Пакажыце мне гэты данос.

— Сядзьце! — ускрыкнуў Пушанкоў i ўстаў сам.— Бач ты, чаго захацеў! Пакажы яму... i не данос, а заяву сумленнага савецкага чалавека. Вось...— ён патрос пакамечаным канвертам.

— Калі так, паедзем i ўсё высветлім на месцы. Толькі вам будзе вельмі сорамна.

— Мы i самі разбяромся. Падпішыце пратакол.

Аляксей узяў два доўгія лісты, пачаў чытаць пытанні i свае адказы. Па сутнасці яны былі правільныя, хоць i не такія катэгарычныя, як даваў Аляксей. Следчы ў пачатку адказу звычайна пісаў «Гр-н Буевіч сцвярджае...» Настаўніцкая звычка сачыць за арфаграфіяй i тут не пакідала Аляксея. Ён тактоўна заўважыў: «Филипп» пішацца праз два «п», a ў слове «фашистский» суфікс «ст». Вось тут трэба коска». Пушанкоў пачырванеў i апраўдаўся: «Гэта дробязь, апіскі», акуратна папраўляў ix. Паклаў пратакол у папку i сказаў:

— Ідзіце i падумайце. Будзе вам i мне лягчэй.

— Вам, можа, i лягчэй, а я ў гэтай камедыі не ўдзельнік.

Аляксей ляпнуў дзвярыма i, не развітаўшыся, выбег з пакоя. Сяло даўно спала. Схіліўшыся над сталом, драмала цётка Настасся. Вецер варушыў пажоўклую чарэмшыну пад акиом. Сцежка пацвярдзела ад начнога прымаразку.

«Дурань бесхрыбетны»,— лаяў сябе Аляксей. Упэўнены ў сваёй невінаватасці, унутрана ён быў спакойны, ведаў, што разбяруцца, можа, нават дадуць па хвасце гэтаму порсткаму юнаку. Але хто б мог прыслаць гэты паклёп? Вядома, нехта знаёмы. Але хто? Чаму? За што?

Аляксей уяўляў, як усё магло атрымацца: ён некалькі разоў пасылаў запросы ў раён i ў сельсавет. Там іпукалі яго радию. Напэўна, калі прыйшло пісьмо, нехта дазнаўся, дзе ён, i вырашыў «накапаць». Але наношта? Каб пазбавіцца ад яго, каб не вярнуўся дадому. Значыць, яго нехта баіцца. А можа, напісаў занадта «нільны» чалавек, які бачыў яго ва ўправе, але i не ўяўляў, хто туды паслаў маладога настаўніка, дзе ён быў пасля. Або так? Або гэтак? Але ж яго не арыштоўваюць. Значыць, няма падстаў. Прыйшла заява, а заяву трэба разглядаць. Вось i стараецца гэты маладзён, але не разабрацца, a толькі абвінаваціць. Што б рабіў я на яго месцы?