Выбрать главу

Аляксей ведаў, што ўсе з раёна заязджаюць да Наталлі Іванаўны. Яна першая дае ўсім характарыстыкі i інфармацыю. Відаць, i Пушанкоў з ёю паспеў пагаварыць.

Аляксея Наталля Іванаўна ўзненавідзела з першых дзён яго работы ў школе: за ім талакою хадзілі дзетдомаўскія самыя «адорвы» i слухаліся яго, як не слухаліся нікога. Лавілі яму «Смажанага», падмазвалі колы, разам ездзілі па сена. Заўхоз ім расказваў пра партызанаў i пра вайну, пра кніжкі, якіх прачытаў, мабыць, тысячы. На ўроках хлапчукі задавалі настаўніцы такія пытанні, падкідалі такія задачкі, што не кожная магла адказаць i рашыць.

Вось i ўз'елася на Аляксея Наталля Іванаўна. «Падбухторваеце дзетдомаўскіх хуліганаў. Падсоўваеце ім правакацыйныя пытанні i задачкі, каб падарваць аўтарытэт выкладчыкаў!» Ён звычайна адказваў, што аўтарытэт нельга ні падняць, ні падарваць. Ён залежыць ад настаўніка. A дзеці вельмі дапытлівыя, яны ўсё хочуць ведаць, ва ўсім разабрацца i з нявырашанымі пытаннямі прыходзяць да яго. Аднойчы параіў быць да ix больш уважлівымі i ласкавейшымі.

«Вы лепш прывязіце дроў Аўдоцці Мітрафанаўне, а з выхаваннем мы самі ўправімся»,— адсекла яна. У тоне Пушанкова яму чуліся інтанацыі Наталлі Іванаўны. Відаць, па сакрэту ўжо сказала сяброўкам, што ім зацікавілася пракуратура, i папаўзлі па сяле шэпты: заўхоз служыў немцам, схаваўся ад кары ў ix глухім сяле, але яго i тут знайшлі.

Пакуль ішоў дадому, усё гэта прамільгнула ў Аляксеевай памяці. Начны халадок астудзіў лоб i шчокі. У дварах лена пабрэхвалі сабакі, пазяхалі i адыходзілі ад варот. Толькі ў адной хаце яшчэ гарэла лямпа. Не спала Вера Рыгораўна.

Аляксей прамінуў свае весніцы i праз вуліцу паглядзеў у яе акно. На сцяну падаў яе павялічаны цень. Вера ўстала, прайшлася па хаце, нагнулася, відаць, рассцілала пасцель. У завешаным газетаю акне паказаўся яе профіль, рукі высмыкнулі заколкі з пышных валасоў, крутнула галавою, i на плечы рассыпаліся пакручастыя пасмы. Лямпа патухла.

Аляксей пастаяў яшчэ некалькі хвілін, ціха шапнуў: «Дабранач» і паволі паплёўся на свой тапчан.

У сельсавеце яшчэ доўга свяцілася акно. Пушанкоў быў незадаволены размоваю з Буевічам. I пратакол складаў так, дзеля большай важнасці. Пракурор даручыў пагаварыць, а не дапытваць, але як тут утрымаешся, калі чалавек не адмаўляе сваю працу ў немцаў. Многае супадае з заяваю. Ён яшчэ раз выцягнуў яе, прачытаў, прыгледзеўся да канверта — ні адраса, ні прозвішча аўтара няма, i штэмпель не Ельніцы, а зусім другога горада. Можа, баяўся помсты? Але ж факт ёсць, значыць, трэба высвятляць. Ён усю дарогу сюды пераконваў сябе, што на пасадзе школьнага заўхоза хаваецца фашысцкі паслугач, вырашыў «раскалоць» яго i здзівіць пракурора, які не вельмі давяраў ананімшчыкам.

Пушанкоў закурыў, прайшоўся па пакоі, паклікаў дзяжурную i загадаў схадзіць па Міхаіла Усцігава.

— Не ведаю, як небарака даграбецца па такой багне. І днём ён ледзьве клыпае. A ў гэткую цемень сунецца ў канаву, i костачкі не збярэш. Ён жа ўвесь з кавалачкаў злеплены.

— А ты прывядзі яго. Адна нага тут, другая — там!

— От, каб вы маладыя ногі пазычылі,— ляпнула дзвярыма кабета.

Настасся ледзьве дастукалася да Усцігавых. Паранька запаліла бляшаны смаркачык, затуліла рукамі абвіслыя пад кашуляю грудзі i з трывогаю паглядзела на дзяжурную.

— Уставай, Мішачка, нейкаму начальніку спатрэбіўся,— у парозе ўздыхнула Настасся.

— Ці дня яму мала? Ноччу калеку цягае! Скажы — няздолее... Хворы, бязногі. За прыгон i то жонка водзіць,— запрычытала Паранька.,

— Што яму трэба? — Сеў на ложку ўскудлачаны, худы, аж сіні, гаспадар. Толькі блішчалі глыбока запалыя вочы ды ўздрыгвалі тонкія ноздры.

— Хіба ж ён скажа? Прывядзі, i ўсё тут,— прыперлася да вушака Настасся.— Дык чакаць ці ісці? — і, памаўчаўшы, дадала: — На дружка твайго, Ляксея, усё нешта крычаў, а цяпер кажа Усцігава падавай.

Міхал рвануў коўдру i пагробся на край ложка, зняў з біла зацухмоленыя штаны. «Э, не, брат, хоць ты i начальнік, Аляксея не чапай»,— аж заскрыгатаў зубамі. Паранька памагла нацягнуць ватнікі i мяккія старыя бродні. Міша накінуў целагрэйку, задам наперад уздзеў салдацкую шапку, спрытна падаткнуў пад паху мыліцу.

— Хадзем, Настасся. А ты, Паранька, кладзіся паспі яшчэ,— ляпнуў дзвярыма i пачыкільгаў.

У пакой Усцігаў увайшоў без стуку.