Выбрать главу

— Выклікалі?

— Садзіцеся, таварыш Усцігаў,— далікатна запрасіў Пушанкоў.

— Мне толькі стаяць або ляжаць. Сядзець, зараза, не дае,— паляпаў разбіты клуб.

— Пагаварыць з вамі хацеў...

— Калі да дня не церпіцца, пагаворым,— буркнуў Міхаіл.— Пытайцеся,— закінуў нагу на нагу, абапёрся на мыліцу i павіс, як на плоце.

Пушанкоў пабарабаніў пальцамі па стале, думаючы, як пачаць далікатней, але доўга трымаць стоячы пашчапанага франтавіка не выпадала.

— Дзе вы пазнаёміліся з Буевічам?

— Вайна пазнаёміла i душу, як панчоху, вывернула. Адразу скажу, таварыш... як вас там... Аляксея не чапайце. Ведаю, як самога сябе. З жонкай бывае век у адной пасцелі пракачаешся, а яна вазьмі ды байструка прынясі, а на вайне ні галаву, ні душу не схаваеш. Калі б усе ваявалі, як Буевіч, ардзяноў не хапіла б. А тое, што партызанам быў, не сумнявайцеся. Усе даведкі — у яго на целе. Няхай раздзенецца, паглядзіце — пячатка на пячатцы. Я яго каля мястэчка Смольня нежывога вынес. Думаў, хоць у зацішку закапаю ды магілку прымечу. А ён вазьмі ды замармычы, сказаць нешта сіліцца, але крывёю захлынаецца. Бачу, не ў хвойнік, a ў медсанбат трэба. Не думаў, што пабачымся калі. Аж не, шчасце ў няшчасці звяло: у Новасібірскім лазарэце сустрэліся, i цяпер ужо ніяк не разлучыцца. Ён жа вучаны-перавучаны. Дзве галавы складзі — проці яго аднае не дакажуць. А ён мяне, сівалапага чалдона, як малое дзіця, у хату прынес, Параньку суцешыў. Соткі ўзараў i пасеяў, Феньку няньчыў, казкі ёй расказваў i мяне пелянаў, пакуль сукравіцаю сыходзіў. Кажа: «Міша, друг, не пакіну, пакуль «Падгорную» не ўрэжаш». I не кідае. А ты такога чалавека — памыямі. За што? Скажы, ты сібірак?

— Алтайскі,— нехаця адказаў атарапелы Пушанкоў.

— Што ён падумае пра нас, сібіракоў, калі ні за што ні пра што ў чыстую душу плюнеш?

Усцігаў расчырванеўся, вочы гарэлі дзікім бляскам, па разорах апалых шчок цуркамі сцякаў пот. Ён выцер твар шапкаю i заківаў галавой.

— Эх ты, сысунок. Ага, сысунок. Я цябе не баюся. Я ўвесь тут,— i ён расхінуў худую, рабрыстую грудзіну...

Пушанкоў закіпеў, але стрымаўся.

— Прашу не абражаць пры выкананні абавязкаў... — i кінуў свой галоўны козыр: — А вам вядома, што Буевіч быў прыслужнікам у фашыстаў, сам схаваўся, a падпольшчыкаў павесілі? А? Што вы на гэта скажаце, Усцігаў?

Следчы спадзяваўся аглавушыць заступніка нечаканай навіной, а той зарагатаў:

— А як жа, ведаю. Увесь наш узвод ведае, як ён немцаў за нос вадзіў, як дакументы партызанам перадаваў. Ці раз расказваў! I ў смершы пра гэта ведалі. У самую хітрую разведку толькі яго i пасылалі. Прыкінецца, што ні адзін арціст не дакажа.

— Во, во, сапраўды артыст. Ён i цяпер прыкідваецца, а ты i вушы развесіў. Дакументы ў нас ёсць на яго.

— Часам не па-нямецку пісаныя?

— Не разумею,— паціснуў плячыма i развёў рукамi Пушанкоў.

— Дзе-е табе! Відаць, непанятлівы. А яшчэ ўпаўнамочаны,— расцягнуў апошняе слова Усцігаў.— Варажына нейкая падкінула той дакуменцік, а ты i клюнуў, абы за лытку пашкуматаць. Ці мала яго шкуматалі! Адчапіся. Так i скажы начальству. Калі ёсць за ім хоць от такая парушынка,— ён вялікім пальцам ткнуў у кончык мезенца,— скажы, Усцігаў на сябе ўсё бярэ. Толькі прашу, адступіся!

— Супакойцеся, таварыш Усцігаў. Вы франтавік, i вам трэба быць больш прынцыповым. Буевіча ведаеце нядаўна. Пра яго дзейнасць пры немцах мяркуеце толькі з яго слоў. Так? А сведак няма. Не хвалюйцеся. Разбяромся, усё высветлім, i калі не вінаваты ваш Буевіч, няхай жыве на здароўе, a калі праўда, што пішуць, i ваша істэрыка не паможа.— Памаўчаўшы, спытаў: — Значыць, сцвярджаеце, што Буевіч Аляксей Іванавіч згадзіўся даставіць вас дадому i памагчы абрабіць прысядзібны ўчастак? Так я вас зразумеў?

— Так. Чалавеку няма куды галаву прыхінуць. Вы ведаеце, што там засталося пасля немцаў? Каміны ды галавешкі. Я бачыў. A ў яго ні хаткі, ні маткі. Хай тут трохі акрыяе на малацэ ды на бульбе. А там яшчэ i прафесарам стане.

Пушанкоў устаў з-за стала i хацеў правесці Усцігава з ганка.

— Я сам. Не трэба,— крутнуў рукою, абы-як накінуў шапку, хітра ўсміхнуўся.— Добрай раніцы вам,— i застукаў мыліцаю па ўсходцах.

IV.

Вера прачнулася рана i адразу не магла ўцяміць, дзе яна: пустая неатынкаваная хата патыхала халадком, на столі, пакладзенай унахлёст, паабсыпалася пабелка, i пралысіны здаваліся дзіўнымі ўзорамі i малюнкамі, як у дзяцінстве летнія кучаравыя воблакі.

Вылазіць з-пад коўдры не хацелася. Яна яшчэ пахла домам. Хоць i той дом быў чужы i не вельмі ўтульны, але там, дзе маці, там i дом, а цёплы, саладкаваты дух абжытага кута яшчэ доўга не вытыхаецца з рэчаў i з памяці.