Выбрать главу

Шыбіны затуманіліся i пакрыліся буйнымі кроплямі, на вушаку ламаўся халодны чырвоны прамень. Толькі акно на вуліцу было запнута газетаю, a ў астатнія, здавалася, мог кожны зірнуць на яе аголеныя плечы i рўкі. Вера, седзячы на ложку, дакранулася босымі нагамі да настылай падлогі, не здымаючы з каленяў коўдру, нацягнула злінялую паркалёвую сукеначку ў белыя гарошыны.

За сцяною ўжо даўно бразгала качэргамі Трахімаўна, ляскалі дзверы, пад ганкам радасна сакатала курка.

Вера прыгнулася перад маленькім люетэркам на сцяне — прычасаць хвалістыя валасы — i падумала, што трэба будзе нанач завязваць хусцінку, каб яны не так блыталіся, збіваліся. Зірнула ў акно i здзівілася ядранаму, чыстаму i ціхаму ранню. Туман курыўся над прырэчным лазняком i высокім гліністым берагам, пасмамі слаўся ўскрай лесу, а барвовае сонца ломкаю чырванню заліло стракатыя верхавіны тайгі, пажоўклыя бярозавыя грывы ў прыцінтаным полі. Халаднаватая празрыстасць вераснёвай раніцы, здавалася, трымціць шкляным звонам.

Суцэльнае кола тайгі агінала навакольныя палеткі. Паміж цёмнай хвоі стромкімі свечкамі залаціліся лістоўніцы, чырванню набрынялі купы асін, іржавеў рабіннік, трапяткой пазалотай на ўзлессі свяціліся бярозы.

Старанна прычэсваючыся, Вера глядзела ў гэтыя дзівосныя таежныя прасторы. На ганку пачуліся мяккія павольныя крокі, і, не стукаючыся, увайшла Трахімаўна ў кажушной безрукаўцы, зграбных, хоць i даўно ношаных, чырках, падпяразаная крамным зацыраваным фартушком. Сухенькая i рухавая, яна нечым нагадвала маці, але была старэйшая i цямнейшая за яе.

— Дык прыходзьце снедаць, Верачка. Хоць невялікія прысмакі ў нас, але лепш, як нічога. У вас жа ні гаршка, ні міскі. Так што пасталуйцеся, як не грэбуеце, з намі. А пабагацееце ды разжывяцеся — як сабе захочаце. Прыходзьце, пакуль не прастыла.

Вера аж пачырванела ад такога нечаканага запрашэння. Яна яшчэ i сама не ведала, як будзе харчавацца. Самой варыць складана i доўга. Сталоўкі ж ніякай у сяле няма. Думала, але набівацца ў сталаўніцы да Трахімаўны не адважылася. Таму i ўзрадавалася, што ўсё так проста выходзіла.

Трошкі затрымалася, пакуль прыбірала ў пакоі, засцілала ложак, нацягвала зацыраваныя на ступаках панчошкі. Трахімаўна настукала ў забітыя дзверы паміж пакоямі. Вера чакала гэтага стуку; бянтэжачыся, не вельмі смела, зайшла на яе палавіну. Увесь кут займала вялізная печ з палацямі пад столлю, пры сцяне стаяў драўляны ложак з тарою падущак, шырокая лава, каля яе стол, засланы кужэльным абрусам. Пасярэдзіне зіхацеў пукаты тульскі самавар, з краю стаяла патэльня з падсохлай яечняй, цэлая, падсмажаная перад полымем, пакарабачаная, з хрусткімі падпалінамі, бульба, у місцы — скрылі кіслага малака. Яго чамусьці Трахімаўна звала прастакішай.

Гаспадыня фартухом сцерла лаву.

— Садзіся, Верачка, з'еш, што бог паслаў,— проста i натуральна перайшла Трахімаўна на «ты».— На лепшае выбачай.

— А вы чаму не ясце? Садзіцеея.

— На мяне не зважай. Назбіралася, пакуль тупала каля печы. Дзень у мяне вялік, пакручуся трохі ды i падзяўбу чаго-кольвек. Колькі старому трэба? Еш, еш, галубка. Табе ж у школу бегчы. Зранку будзеш хадзіць ці па абедзе?

— У другую змену. А сёння дырэктар прасіў усіх зранку прыйсці,— адказала Вера.

— Ну i добра, калі па абедзе. Уга, як выспацца можна. А то ў нас пазалетась дзве жылі, дык да першых пеўняў сляпіліся i ўпоцемках у школу ляцелі. A зімою задзьме, замяце ды закруціць — свету божага не відаць. Калоцяцца, па пахі грузнуць, a ідуць.— Памаўчаўшы, спытала: — Пімы ў цябе хоць ёсць?

— Няма,— адказала Вера.

— Без пімоў i не думай зімаваць. Э-э, не! У гэтых панчошках ды боціках ногі ў першы мароз паадлятаюць.

— А што такое пімы, Трахімаўна? — пачырванела Вера.

— От табе i на! Пімоў не ведае. Ну, катанкі па-вашаму. Як чобаты, толькі з воўны бітыя. Без пімоў, галубка, толькі на печы сядзець. Старайся к зіме. Каб воўна была, Архіп i скатаў бы. Ну, паразіт, i майсцер. Як улье, ніхто не дакажа!

— Напішу, можа, мама прышле.

— Не-е, тыя не выдзюжаць. Архіп у кожны насок, можа, паўхунта воўны кладзе i абцасікі робіць. Адным словам, лялькі. Тры зімы дзюжаць, а там i падшыць можна. А мамка твая служыць дзе ці як?

— На гуце ў лабараторыі працуе, а бацька майстрам. У яго з грамадзянскай вайны вока паранена, дык у гэтую ўжо не ўзялі. Да вайны мы пад Гомелем жылі. Там вялікая гута была. Эвакуіраваліся за Яраслаўль i цяпер там жывём. Але бацькі ўсё назад збіраюцца...

Вера падзякавала за снеданне i пачала прыбіраць ca стала.

— Няхай стаіць. Сама ўпраўлюся. Табе ж бегчы трэба. Абед у гэтым чыгунку будзе i на патэльні. Калі часам куды выскачу, дык сама ўпраўляйся. Замок пацягні, i адчыніцца. Так, для прыклепу вісіць. У нас тут зладзеяў няма. Усе свае. Трэсачкаю прабой заткні — ніхто не зойдзе. Ну, бяжы.