Выбрать главу

Вера хуценька адзела шэрае гладкае плацце з белым каўнерыкам, накінула лёгкі жакецік у клетку, зірнула ў люстэрка, паправіла валасы. Праз акно паглядзела на вуліцу: сцежачкі пацвярдзелі i падсохлі. Абула лёгкія чорныя лодачкі i пабегла ў школу.

Па вуліцы ішлі натоўпы дзяцей. Хто босы, хто ў маленькіх чырочках на голых нагах, дзяўчынкі ў доўгіх злінялых сукеначках i хустачках, хлопчыкі ў штоніках i расхлістаных кашулях. Валасы за лета павыгаралі i бялелі, як маленькія сланечнікі-самасейкі.

Вера была адметная ад усіх, нават нейкая таямнічая сваёй нетутэйшасцю. Да астатніх настаўніц усе даўно прывыклі. Яны былі мясцовыя: летам басанож палівалі грады, даілі кароў, разам з усімі хадзілі ў ягады. А новая — зусім незвычайная, з горада. А плацце якое! A лодачкі! Дзяўчынкі глядзелі як зачараваныя. Смялейшая падбегла да Веры, павіталася.

— Вы нас вучыць будзеце?

— A ў якім ты класе? — спыталася Вера.

— У чацвёрты перайшла.

— Тады толькі ў наступным годзе.

— Вы i на той год будзеце ў нас?

— Абавязкова.

Дзяўчынка адстала ад Веры i шапнула сяброўкам «будзе». Вера пачула i азірнулася. Хлопчыкі i дзяўчынкі весела ўсміхаліся i падтыкалі адно аднаго локцікамі. Кніжкі i сшыткі неслі ў руках, некаторыя ў палатняных торбачках, некалькі хлапчукоў важна размахвалі вайсковымі сумкамі, ішлі ў бацькоўскіх шапках з чырвонымі, сінімі i чорнымі аколышамі. На маленькім хлопчыку быў танкісцкі шлем з тугімі рэбрамі.

Вера ўспомніла, як некалі да вайны хадзіла ў школу сама. Усе дзеці беглі на першы ўрок у новенькіх касцюмчыках i сукеначках, рыпелі i паблісквалі чаравічкі i партфелі. Калі гэта вернецца зноў? Вайна многіх асіраціла i ва ўсіх адабрала радасці дзяцінства, i сюды, за тысячы кіламетраў, яна дакацілася агульным горам i нястачамі.

Каля веснічак стаяла рудзенькая рабаціністая Фенька, маці ёй нешта наказвала i ківала пальцам. Прыхінуўшыся да плота, стругаў лыжку бледны мужчына з мыліцаю пад пахаю. Паранька павіталася з Вераю, як з даўняю знаёмаю, i загарэлы абветраны твар засвяціўся ўсмешкаю.

— Унь колькі вы назбіралі, Як гусяняты, тэпаюць следам. Гэта ж i наша школьніца першы раз ідзе.

Да веснічак падышоў Феньчын бацька i пакланіўся Веры:

— Прывествуем вас i праздраўляем, таварыш педагог! Гвардыі яфрэйтар у запасе Міхаіл Усцігаў,— прыклаў руку да шапкі.

Жонка пяшчотна штурхнула яго ў плячо:

— Ой, гвардзіі яхрэйтар! Тожа мне, трыногі камандзір. Ну, бяжы, дачушка, з усімі. Глядзі ж мне, каб слухалася!..

Вера ўзяла Феньку за руку, i яны павярнулі на ўзгорак. Дзеці абкружылі настаўніцу i вялікім натоўпам увайшлі на школьны двор. Там ужо бегалі, даганялі адзін аднаго, круціліся на турніку i весела смяяліся вучні.

Сонца добра прыгравала i кідала ад будынкаў i платоў доўгія цені. За школьным гародам яшчэ зелянеў невялікі луяадк з купкаю парудзелага алешніку, а за ім да самага лесу пабліскваў на сонцы жнеўнік i стаялі сцірты свежай саломы. З палёў веяла асеннім сумам.

Вера пайшла ў настаўніцкую. У калідорах было пуста. На чыста вымытай падлозе яшчэ не ўсе прасохлі маснічыны, на табурэце сядзела чарнявая тэхнічка з вялікім званком на каленях.

За доўгім сталом настаўніцы ўтрасалі свае класы, пакуль што ў сшыткі ўпісвалі новых вучняў.

Вера ціха павіталася i села на доўгую драўляную канапу. На другім канцы яе сядзеў невысокі крутаплечы дзед з дагледжанаю светлаватаю барадою, у сіняй сацінетавай касаваротцы i доўгім чорным пінжаку. Ён нешта расказваў Міхалу Іванавічу Акунёву, той толькі ўсміхаўся i час ад часу ківаў галавою. На двары бегалі i крычалі дзеці.

Дзверы прачыніла тэхйічка, зірнула на гадзіннік i голасна спытала:

— Ці не пара званіць, Анатоль Паўлавіч?

— Звані, Мінадора. Пакуль збяруцца, якраз будзе палова дзевятай.

Тэхнічка выйшла i ўдарыла ў зычны звон.

— Ну, пайшлі, таварышы! — звярнуўся дырэктар да настаўнікаў, абсмыкнуў даўгаваты пінжачок, i ўсе следам за ім рушылі на ганак.

Тэхнічка ішла па двары, трасучы вялікім званком, вучні пераскоквалі цераз платы, хлопчыкі штурхаліся, даганялі адзін аднаго, тузалі дзяўчатак за косы, сцягвалі хусцінкі. Дзяўчаткі адбіваліся ад нахабнікаў i беглі да ганка. Наталля Іванаўна «камандавала парадам» : меншых ставіла наперадзе, большых — за імі. Натоўп гаманіў i ніяк не мог супакоіцца.

Дырэктар падйяў руку, i ўсе пачалі сціхаць.