Выбрать главу

— Дарагія дзеці! Мы пачынаем другі пасляваенны навучальны год. Савецкі народ пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі перамог фашызм, прынёс вызваленне i мір Еўропе. Многія салдаты не вярнуліся з франтоў Вялікай Айчыннай вайны, многія з вас не дачакаліся сваіх бацькоў. Яны аддалі жыццё за вашу свабоду, за ваша шчасце. Паміраючы, яны верылі, што ix дзеці вырастуць сапраўднымі савецкімі патрыётамі, будаўнікамі камунізма, а каб будаваць камунізм, кожны павінен авалодаць усімі ведамі, якія набыло чалавецтва.

Мы спадзяёмся, што вы будзеце старанныя i дысцыплінаваныя, паслухмяныя i дружныя, ніколі не будзеце забываць ленінскі запавет — «Вучыцца, вучыцца i вучыцца!».

Вучні дружна запляскалі ў далоні.

— Слова мае стары бальшавік, партызан грамадзянскай вайны Андрэй Андрэевіч Жураўлёў.

Наперад выйшаў дзядок, якога Вера ўпершыню ўбачыла ў настаўніцкай. Лёгкі ветрык варушыў яго светлую бараду i рэдзенькія валасы.

— Таварышы! — пачаў ён.— Што мы мелі ў нашай Біязе да рэвалюцыі? Нічога мы не мелі. Ніякай культурнай жызні мы не ведалі. Суседзямі нашымі былі мядзведзі ды сахатыя. Апрача ўрмана, нічога мы не бачылі. Школа была царкоўна-прыходская на чатыры класы i два настаўнікі. Цяпер у нас восем класаў i вунь колькі настаўнікаў. А хутка будзе i ўсе дзесяць класаў. Калгас на будучы год абяцае электрыку пусціць. От тады мы зажывём! За гэта мы біліся ў грамадзянскую вайну з бандамі Калчака i іншай белай навалаччу. За гэта вашы бацькі паміралі i ў гэтую вайну, Панятна?

— Панятна! — азвалася некалькі галасоў.

— Нас некалі настаўнік на гарох ставіў i лінейкаю «лапу» даваў. Крыўдна было, але памагала. Цяпер вас не б'юць, дык i вы будзьце людзьмі. Дадумаўся ж нейкі варначына Варвары Іванаўне на крэсла шкурат з цвічкамі падкласці. Што выйшла, самі разумееце. Панятна?

— Панятна! — зарагаталі вучні.

— А раз панятна, глядзіце ў мяне, каб бацьку ў сельсавет не выклікаць! Я скончыў! Ура, таварышы!

Дзіцячая рознагалосіца падхапіла дзедава «ўра!». Ён задаволена разгладзіў бараду i адышоў убок. Вузлаватыя пальцы дужых рук прыкметна дрыжалі ад хвалявання.

— Ці-ха! — зычна крыкнула Наталля Іванаўна.— Першая змена, разбярыцеся па класах i разам з настаўніцамі ідзіце займацца. Толькі арганізавана i ціха. Старэйшыя класы прыходзяць у гадзіну дня. Званок у гадзіну трыццаць.

Дзеці замітусіліся. Аднакласнікі пачалі клікаць адзін аднаго, настаўніцы падштурхоўвалі ix i ставілі парамі.

Вера сышла з ганка i стала ўбок. Яе адразу абступіў натоўп дзяўчатак у аднолькавых карычневых сукеначках, у хлапчуковых чаравіках, з аднолькавымі банцікамі ў косках. Гаваркія i несарамлівыя, яны з ног да галавы разглядалі настаўніцу з непрытоенай цікаўнасцю, заўважалі кожную драбніцу ў яе адзенні i засыпалі пытаннямі: «Вы нас вучыць будзеце?», «Па якім прадмеце?», «А як вас завуць?», «Адкуль вы прыехалі?» Вера адразу здагадалася, што гэта выхаванкі дзіцячага дома i ўсе пераросткі. У ix постацях i тварах праступала дзявочая прывабнасць, i трымаліся яны падкрэслена незалежна i смела. Падбегла i стала за дзяўчынкамі некалькі хлапчукоў, астрыжаных машынкаю, бо галоўкі вясковых дзяцей былі ў «драбінках» ад нажніц.

— У Маскве вы былі?— запытаў чарнавокі расчырванелы ад беганіны хлапчук.

— А Крэмль бачылі?— запытала кірпаценькая прыгожая дзяўчынка.

— Месяц назад была ў Маскве i бачыла Крэмль. Я жыла i вучылася недалёка ад сталіцы.

— Вера Рыгораўна, раскажыце, раскажыце,— падскокваючы на месцы, прасілі дзетдомаўскія дзяўчынкі.

— Мілыя дзяўчаткі, яшчэ раскажу вам пра Маекву, i пра Крэмль, i пра Волгу. Год толькі пачынаецца, i мы з вамі нагаворымся пра ўсё, можа, i паспрачаемся, але давайце дамовімся ніколі не сварыцца i не крыўдзіць адно аднаго. А цяпер ідзіце дадому, i я пайду рыхтавацца да заняткаў.

Гурт дзяўчатак праводзіў Веру Рыгораўну да вуліцы. Калі яна павярнула налева, спыніліся, памахалі ёй услед i пабеглі зноў на школьны двор.

А Вера ніяк не магла зразумець, чаму яе палохалі вучнямі з дзіцячага дома, чаму гэтых смелых, гаваркіх i цікаўных дзяцей пабойваліся вопытныя настаўніцы. Яна хвалявалася, як пройдзе першы дзень. Страціш кантакт з класам, не зацікавіш вучняў, пакажаш слабасць перад свавольнікам — i, лічы, пра пала ўсё. Дысцыпліна -— гэта павага да настаўніка. А каб цябе паважалі, трэба быць аднолькаваю да ўсіх, справядліваю i цярпліваю, добраю i неадступнаю ў сваіх прынцыпах i патрабаваннях. Вера ўспамінала парады інстытуцкага выкладчыка педагогікі. Яго паважалі i лгобілі ўсе, яму зайздросцілі калегі, а ён з кожным быў натуральны i шчыры. У яго сорамна было праваліць экзамен або залік, таму i вучылі, таму i здавалі, хоць i «ганяў» ён бязлітасна. Як няпроста быць натуральным i шчырым!