Выбрать главу

Адсутнічалі многія: пасвілі авечак i коней, веялі збожжа на таках, выбіралі бульбу, падмянялі матак на фермах. Да зімы кожнаму хапала больш пільнай работы, чым хадзіць у школу.

— Што рабіць з гэтым Тартынам, Анатоль Паўлавіч? Увесь урок нешта стругаў. Куча смецця пад партаю. Я ўжо яго не чапала, каб іншым не перашкаджаў,— абуралася чарнявая Соф'я Міхайлаўна.

— A ў мяне Коўган з Кармачовым пабіліся за пяро. Ледзьве разбараніла,— жалілася Аўдоцця Мітрафанаўна.

«Што рабіць, калі зачнуць бойку ў мяне?» — аж сцепанулася Вера.

Зазваніў званок. Па калідоры жвавей затупалі абутыя i босыя ногі, заляпалі дзверы, але гармідар не сціхаў.

На школьным двары апрача асноўнага будынка стаялі яшчэ два невялікія дамы з тоўстага кругляка, сцены абмазаны глінаю i так-сяк пабелены. Ix адны звалі «заімкамі», другія — «хутарамі». На такі «хутар» праз двор ішла Вера на свой першы ўрок. Яе пераганялі дзеці i крычалі: «Ідзе! Ідзе!» З калідора выглядалі дзяўчаткі, а як толькі Вера ўзышла на ганак, усе сыпанулі ў клас i зачынілі дзверы. Сэрца затахкала зноў, здавалася, яго ўдары гучаць у апусцелым калідоры, а скрэмзаныя крэйдаю дзверы ўяўляліся прорваю, у якую трэба сігануць i не разгубіцца, перамагчы няўпэўненасць i страх, сціснуць усю волю ў кулак i не паказаць хвалявання. Здзівіла цішыня ў класе, напружаная, насцярожаная, трывожная. Як толькі адчыніла дзверы, усе стаялі за партамі, a заднія цягнуліся на дыбачкі, каб лепш разгледзець яе. Вера паклала на стол падручнік, крэйду i сшытак, што замяняў класны журнал, спакойна i ціха павіталася. Клас дружна адказаў.

— Сядайце, дзеці,— з усмешкаю сказала настаўніца.

Заляпалі вечкі старых, зрэзаных імёнамі i літарамі партаў.

— Перш за ўсё давайце пазнаёмімся. Завуць мяне Вера Рыгораўна. Я буду называць прозвішчы i папрашу кожнага падняцца, каб ведаць i вас. Добра? — яна разгарнула сшытак i пачала выклікаць усіх па алфавіту.

Ускоквалі стрыжаныя хлапчукі, дзёрзка паблісквалі чорныя i блакітныя вочы, усмешкамі расплываліся вусны. Спакойна падымаліся за партамі старанна зачэсаныя дзяўчынкі з беленькімі каўнерыкамі, з каснічкамі ў валасах.

Па прозвішчах i па абліччах Вера заўважыла, што сярод яе выхаванцаў ёсць татары i чувашы, украінцы i беларусы, нават адзін асцяк. На перадапошняй парце сядзела рослая дзяўчынка з доўгаю грыўкай над шыракаватым пунсовым тварам. Яна прыкметна згіналася, каб не вытыркацца над усімі i не замінаць хлапчуку, што сядзеў за ёю. Веры запомнілася яе прозвішча — Аня Анікеева.

Калі апошні вучань сеў на месца, Аня падняла руку.

— Што, Анікеева? — спытала Вера.

Вучні пераглянуліся, здзіўленыя, што настаўніца ўжо ведае ix прозвішчы.

— Вам схлусілі, Вера Рыгораўна. Замест Тартынскага падняўся Бойка, a Тартынскі замест яго.— Аня пагразіла пальцам хлапчукам, што сядзелі ў куце на апошняй парце.

Вера Рыгораўна прайшла па праходзе, паклала руку на плячо хлапчуку з дробным тварам, густа ўсыпапым рудымі рабацінкамі.

— Віця проста пажартаваў. Праўда? Я раней ведала, які ён вясёлы, i адразу пазнала ў класе.

Тартынскі апусціў галаву i вінавата ўсміхаўся.

Чарнявы хлапчук тузаў ззаду Анікееву i сыкаў на яе: «Шпіёнка, ябеда!»

Вера бачыла ўсё i разумела, што свавольнікі, як кажуць, «робяць прыстрэлку»: разгубіцца настаўніца — будуць чаўпці, што захочуць, паставіць сябе цвёрда, праявіць волю — будзе гаспадыняй у класе.

Але як паетавіць сябе? Як знайсці неабходны такт? Перагнеш — зломіш, недагнеш — цябе ж па лбе хвастане дубец.

Вера павольна падышла да стала, абвяла позіркам клас i ціха сказала:

— Я прывыкла верыць людзям. A схлусіць хто — тады ўжо не верыш, калі ён i праўду скажа. З хлусам ніводзін салдат не пойдзе ў разведку. Чаму? Таму што хлус — самы апошні баязлівец, хлуснёю ён прыкрывае свой страх. Лепш горкая праўда, чым салодзенькая хлусня. Дамовімся гаварыць толькі праўду. Добра?

Клас маўчаў.

— Калі маўчыце, значыць, згодны,— знайшлася Вера, каб толькі парушыць маўчанне.

Вера раскрыла хрэстаматыю, правяла рукою па старонцы, загаварыла спакойна, але выразна, бо памятала: каб слухалі, ніколі не трэба крычаць.

Яна расказала пра народныя песні i быліны. Спыталася, чаму Ілью завуць Мурамец.

— Таму, што ён здаровы, як мур,— адказаў ціха Сцёпа Альхімовіч.

Клас засмяяўся. Усміхнулася i Вера:

— Ты з Беларусі, Сцёпа?

Пачырванелы хлопчык кіўнуў i нагнуўся над партаю.

— Дык чаму Ілью звалі Мурамец, хто скажа?

Руку падняў надзьмуты, з вузкімі вочкамі хлапчук з апошняй парты.