Выбрать главу

У печы выгарала, i ад гарачага вуголля на сцяне дрыжала толькі малінавая пляма, а кволы агеньчык каганца ледзь асвятляў стол. Зрабілася цёпла i ўтульна. А за сцяною шумеў дождж i шоргала па страсе вецце старое елкі; чуваць было, як мякка тупае i ўздыхае прыпнуты конь.

— Усё гэта так незвычайна. I хатка гэтая, i вы нейкі загадкавы. Можа, я нават трошкі напалохалася.— Яна дакранулася да яго рукава, так шчыра, так добра ўсміхнулася i паглядзела Аляксею ў вочы, што ён нават крышку разгубіўся.

— Што вы, што вы, Вера Рыгораўна! Вы ўжо прабачце, калі што не так. А вас я добра разумею i магу запэўніць, што ўсе трывогі дарэмныя... У вас яшчэ ўсё наперадзе. Калі прыжывяцеся тут, не ўцечаце... Адным словам, будзе добра. I загадак сабе ніякіх не загадвайце — усё на свеце прасцей, як мы думаем i ўяўляем...

Аляксей дастаў з палічкі два гліняныя кубачкі, наліў чаю, паставіў Веры i сабе.

Яна кінулася да чамадана, адзін замок доўга не адчыняўся, пакорпалася, дастала злінялы халацік, а на стале разгарнула паперку ад сшытка з ружовымі зліплымі «падушачкамі».

— Бярыце, калі ласка,— падсунула паперку бліжэй да Аляксея.

Яны пілі, шумна студзячы i сёрбаючы гарачы чай. Запахла духмяным маліннікам i гаркаватай шыпшынай.

Пасля вячэры Аляксей памыў чыгунок i паставіў сушыцца на прыпечак, прыбраў на стале. На палацях раскруціў саламяную мату, другую кінуў на падлогу.

— Паслаць у вас ёсць што. Кладзіцеся i спіце як дома, а я схаджу паглядзець каня, бо, барані божа, сарвецца, дык прыйдзецца нам тупаць пехатою.

Ён накінуў распараную на печы целагрэйку i выйшаў з хаты. Вера хуценька дастала просціну, маленькую падушачку, паслалася на маце, зняла плацце i панчошкі, накінула халацік. Хацела ўсё схаваць пад падушку, але сукенка памнецца. Паклала побач на палацях, закруцілася ў коўдру да самае шыі. Хоць было мулка, але адразу адчула цяпло i прыемную стому.

Праз некалькі хвілін пастукаўся Аляксей i зайшоў у хату. Зняў целагрэйку, аб парог сцягваў мокрыя боты. Праз адчыненыя дзверы выразна пачуліся хлюпанне i шум дажджу, шорганне вецця.

— На чым жа вы будзеце спаць? — запытала Вера.

— Не турбуйцеся: салдат умее спаць i стоячы.

Аляксей паглядзеў на акуратна складзеную шэрую сукенку: па падушцы рассыпаліся светлыя Верыны валасы, ад ix ішоў слабы пах парфумы.

Усе гэтыя дробязі хвалявалі Аляксея, будзілі даўно прыглушаныя пачуцці радаснай пяшчоты i замілавання. Вера заплюшчыла вочы, але, відаць, не спала. У хаце было горача.

Аляксей фукнуў на газоўку, хуценька зняў кашулю i пачаў умошчвацца на маце, кінутай на падлогу, накрыўся нагрэтым на чарані, але яшчэ вільготным плашчом.

За печчу зацвынькаў, затрашчаў цвыркун. Па страсе шумеў дождж, за дзвярыма хлюпалі буйныя кроплі.

Як толькі патухла газнічка, Вера інстынктыўна сціснулася ў камячок, прыслухалася да роўнага Аляксеевага дыхання i аднастайнай цвыркуновай песні. Павекі зліпаліся i шчымелі, як ад ветру, але яна адольвала сон, пакуль не засне Аляксей. На памяць наплывалі ўспаміны. То бачыла на пероне заплаканую маму, домікі i дахі далёкага пасёлка, высозны комін гуты, то плыў i гайдаўся тлумны i цесны вагон, поўны дэмабілізаваных вайскоўцаў з блішчастымі ордэннмі i медалямі на новенькіх гімнасцёрках, з акардэонамі i губнымі гармонікамі. Усю дарогу ў вушах звінела:

Синенький скромный платочек Падал с опущенных плеч, Ты говорила, что не забудешь Ласковых радостных встреч...

Успомніўся чарнявы марачок, што да самага Кунгура не даваў ёй праходу, а, развітваючыся, усё прасіў адрасок. Адраса яна не ведала i сама — ехала ў распараджэнне Новасібірскага аблана. У памяці мільгалі сівыя, падобныя на патрэсканыя абрэзы старасвецкіх фаліянтаў Уральскія горы з адзінокімі бярозамі i paбінкамі, што ўхапіліся карэннем за голыя камяні, але жылі i зелянелі.

Успаміны круціліся, як вялікае, размаляванае жывымі карцінамі кола, i закалыхвалі яе.

Аляксей чуў, як часам уздыхае i варочаецца Вера. Мабыць, не спіцца на мулкіх нарах. Ён стараўся нічым не напомніць пра сябе, не застагнаць, калі заныла прабітае плячо. Нацягнуў на галаву плашч, каб хутчэй заснуць.

А за печчу не сціхаў цвыркун.

II.

Вера ішла ў школу па доўгай гразкай вуліцы. Толькі па баках трошкі прывялі сцежачкі ў адзін след. Чэрствая гразь наліпала на чаравікі, як смала. Доўгая нуліца цягнулася па высокім беразе вузкай пакручастай рачулкі, якая булькала на перакатах недзе далека ўнізе. На другім крутым гліністым беразе стаяла пекалькі хат пад дзёрнавымі стрэхамі, калматых ад ііеляніны. На адной страсе нават гайдаўся спелы сланечнік.