Выбрать главу

Ідучы вуліцай, Вера заўважала, што на яе глядзяць з усіх вокан, сустрэчныя саступаюць сцежку i ўсе вітаюцца, а потым стаяць i глядзяць услед. З левай рукі грукала i звінела калгасная кузня. Над ёю тырчала невысокая пажарная каланча. Каля кузні ляжалі бароны, стаялі конныя граблі i тапталася чарада авечак. У шырокіх дзвярах стаяў высокі замурзаны каваль у доўгім скураным фартусе i старой кубанцы. За кузняю ў невялікім свіронку — сельмаг. На ганку сакатала некалькі маладзіц. Яны здалёк заўважылі Веру, павярнуліся да яе i разглядалі з ног да галавы. Калі падышла, павіталася першая. Адышоўшы некалькі крокаў, пачула:

— Баская вучыцелька.

— Відаць, гарадская.

— Палянь, палянь, якія боцікі. А?

— Што ж ты хочаш, каб у чырках хадзіла?

— Ці надоўга толькі?

Насупраць у вялікім доме пад цёсавым дахам быў сельсавет. Каля канавязі стаяла некалькі фурманак.

Школу Вера ўбачыла здалёк на голым узгорку. Яе здзіўляла, што ў сяле амаль не было ні прысадаў, ні дрэўца ў гародах, толькі там-сям у палісадніках пазвешвалі галовы пабітыя дажджом i раннімі прымаразкамі жоўтыя вяргіні. Успомніла, што сады тут гінуць ад марозаў, таму ix не садзяць.

Школа абгароджана нізкім парканам з доўгіх жэрдак, a трошкі воддаль стаіць дом з пабеленымі рамамі. Падыходзячы бліжэй, Вера захвалявалася. Як яе сустрэнуць? Што за людзі, з якімі прыйдзецца працаваць? Нават узяў страх — здалося, што яна нічога не ведае i не помніць. Ці будуць слухацца дзеці? Што скажа завуч пра яе першыя ўрокі? Сэрца тахкала, як перад самым адказным экзаменам.

На двары яна ўбачыла Аляксея Іванавіча i ўзрадавалася. Каля нізенькай старой завозні Аляксей стругаў аглоблю. Без шапкі i папругі, з расчырванелым тварам, ён быў нейкі асабліва ладны i інтэлігентны ў кожным руху. Вера адчула, піто i ён заўважыў яе, але ад работы не адарваўся, a калі падышла — весела ўсміхнуўся i паказаў чорныя i ліпкія ад смалы далоні, нібы прасіў прабачэння, што не можа падаць рукі.

Павітаўся i спытаў, як адпачывала, ці ўсё добра ў яе пакоі.

— Дзякуй. Усё добуа. Толькі б дастаць якую вешалку i хоць маленькую тумбачку.

— Скажыце Анатолю Паўлавічу. Чалавек ён уважлівы i добры... Чакае вас, i настаўнікі ўсе ў зборы.

Вера хуценька прабегла двор, узышла на шырокі ганак. Сцены з тоўстага. кругляка парэпаліся доўгімі вузкімі расколінамі, сукі заплылі жоўтымі кропелькамі засохлай смалы. У маленькім тамбуры стаялі вёдры i дзеркачы на доўгіх кіях. Толькі што вышараваная ў калідоры падлога яшчэ не прасохла. Вера прайшла па ёй на дыбачках i пастукала ў дзверы настаўніцкай. Некалькі галасоў адказала «можна». Яна ўвайшла, павіталася i спынілася ў парозе. За доўгім сталом, накрытым чырвоным, сядзела некалькі жанчын, i ўсе глядзелі на яе. З-за століка каля акна падняўся невысокі мужчына з зачэсанымі набок светлымі валасамі, у кіцелі, i выйшаў ёй насустрач.

— Рады вас бачыць, Вера Рыгораўна! — падаў руку i назваўся: — Пуцінцаў Анатоль Паўлавіч. Дырэктар.— Падвёў да стала.— Знаёмцеся. Наш завуч Наталля Іванаўна Быкова.

Высокая чарнявая жанчына з доўгім смуглявым тварам i маленькімі вочкамі, з расчэсанымі на роўны прабор валасамі, стрымана ўсміхнулася i падала моцную сухую руку. Каля яе сядзела бялявая кабеціна з вялікім круглым тварам, светлымі вачамі i жаўтаватымі валасамі, закручанымі на патыліцы ў вялікую куксу.

— Варвара Іванаўна,— сказала яна i падала круглую мяккую руку з кароткімі пальцамі.

Віталіся з ёю яшчэ чалавек пяць жанчын розных узростаў, з рознымі абліччамі. На канапе, збітай з дошак, з высокаю выразанаю спінкаю сядзеў сціплы бялявы, яшчэ малады, мужчына ў чорнай кашулі i наглянцаваных юхтовых ботах — Міхал Іванавіч Акунёў.

Не ўсе імёны i прозвішчы расслухала i запомніла Вера i збянтэжылася, што можа ix пераблытаць. Шчокі заліліся чырванню, яна прымасцілася на краёчку канапы.

Дырэктар сеў на сваё месца.

— Шкада, што вы не былі на раённай канферэнцыі i наогул затрымаліся. Вось ламаем галаву над раскладам, а заўтра першы званок. Якія класы вы хацелі б весці?

Вера ў яго голасе пачула папрок, у горле заказытала, яна сашчаміла пальцы i моцна сціснула рукі. Заўважыла, што ўсе жанчыны ўважліва i з цікавасцю разглядаюць яе. Адна, што сядзела спіною, павярнулася і, прыжмурыўшы вочы, учэпіста сочыць за ёю. Значыць, трэба апраўдвацца.

— Прабачце, Анатоль Паўлавіч, але раней прыехаць не магла. У мяне вельмі цяжка хварэла мама. Шэсць дзён я дабіралася да Новасібірска ды там два дні праседзела, пакуль накіравалі сюды. Хацелі паслаць у Сузунскі раён, а я папрасілася ў самую глыбінку. А да вас дарога... самі ведаеце якая. А класьк.. глядзіце самі. Апрача інстытуцкай практыкі, вопыту ў мяне — ніякага. Тут такія спрактыкаваныя настаўнікі... Я папрасіла б што-небудзь лягчэйшае. Ну, там пяты, шосты клас.