Выбрать главу
Вясновая ліра, чароўная ліра, На раніцы грала аб сонцы; І струны спявалі аб зорачнай шыры, І струны спявалі бясконца; І вабілі згукі зямныя абшары, І песні ліліся ў хвалі, І рэха будзіла таёмныя мары, І плакалі людзі ад жалю…

Мікола пачуў, як зняцейку капнулі з вачэй слёзы, і мяніў сябе ў думках неўрастэнікам, і бязвініў, што гэта добра, што плачыць па без пары згасшаму песняру, і рад быў, што яны ў цямноце не бачаць яго слёз. А дзяўчына дэкламавала далей:

Во нельга не плакаць, як блізкі з чужыны А бедных ратаях гавора; Бо нельга не плакаць аб роднай краіне, Дзе здзекі, пакута і гора. Паэта душа супакою не знала, Бо думкі да высі імчаліся; Імчалісь да пушчы, да рэчнага вала. Іграў ён, а струны ўсё рвалісь… Ўсё рвалісь, бо спеваў магутныя клікі Замоцны былі, завялікі… Са струнамі ліры і струны душы Парвалісь. . . . . . . . . . . . . . . . Далёка ад роднай мяжы Пашоў наш паэт той адвечнай дарогай, Што йдзець аж да самага бога. Бо полымя сэрца паліла — не грэла, Ў тым полымі сэрца згарэла…

І, не скончыўшы верша, звычайна жыццярадасная дзяўчына ўся апусцілася да іх, засмучоных, маўклівых. Маўчаць, подаўга маўчаць.

— Адкуль вы, Іраіда Аўгенаўна, дасталі гэты верш? — пытаецца вучыцель.

— Няхай кажа сябра Сухавей, бо я змарылася, — адказуець яна, — я хачу маўчаць і слухаць.

— Сказаць вам, дзядзька, адкуль гэты верш, значыцца, распачаць гутарку аб усіх справах, — пачаў хлапец. — Але я ўважаю, што нас ніхто тут не падслухае, дык казаць можна смела. Дык во ж, бачыце, адзін наш вучань прыйшоў з Менска, з-за дэмаркацыйнай лініі, і прынёс крыху літаратуры…

І хлопец каротка пераказаў усе навіны.

— А глаўнае, дык во што, — дадаў ён у канцы: — На ваша імя вучань наш прынёс пісьмо з Вільні ад нейкага надта багатага пана для перадачы яго сыну, нейкаму быўшаму прапаршчыку Абдзіраловічу. Пісьмо пры мне, у кішэні, аддам, як прыйдзем да вас, бо тут усё роўна цёмна. Калі аб пісьме вучань той сказаў у Горках, на агульным пасяджэнні, робячы даклад аб сучасным беларускім жыцці за дэмаркацыйнай лініяй, там была Іраіда Аўгенаўна. Аб чым піша стары Абдзіраловіч сыну, нам усім вядома. Ён чуець блізкую смерць і хочаць памірыцца з сынам, а разам з тым адказаць яму ўсё сваё багацце. Даведаўшысь аб усім гэтым, Іраіда Аўгенаўна зрабіла заяву, што яна калісьці раней была блізка знаёма з Абдзіраловічамі і што ёй не ймецца веры, каб той прапаршчык Абдзіраловіч адгукнуўся на запрашанне бацькі. Грошы, а гэта грошы як-ніяк беларускія, дабытыя беларускім мазалём і на беларускай зямлі, могуць пагінуць, калі не ўмовіць маладога Абдзіраловіча ўзяць іх хоць бы цаною прымірэння з нялюбым, ненавідным бацькам. Трэба, каб ён узяў іх!.. Калі не для сябе, то на справу адраджэння бацькаўшчыны… Разумееце? Ува ўсякім разе, грошы гэтыя ўсе ці толькі частка іх павінны цераз рукі прапаршчыка і вашы, дзядзька, трапіць на справу…

Вучань не мог выказаць свае думкі так, як бы хацеў. Ён змоўк, спадзяваўсь, што дзяўчына паможаць яму расказаць усё вучыцелю, бо яна ж — болей за ўсіх у курсе гэтых спраў і сама падала тую думку. Але яна ўпорчыва маўчала. Маўчаў і Канцавы ад неспадзевак і нечаканых і радасных думак, абхапіўшых яго. Вучань мусіў гаварыць далей:

— Дык во ж, дзядзька, мы прыйшлі да вас ад усіх сяброў, каб яшчэ ляпей абмеркаваць гэтую важную справу, бо вы, мы спадзяваліся, больш за ўсіх нас будзеце цяміць, што й як рабіць. Мы прасілі Іраіду Аўгенаўну, каб яна разам з вамі паехала да маладога Абдзіраловіча, як свайго даўнага знаёмага, для перагавораў, але яна чамусьці надта цвёрда адмаўляецца. Згадзілась толькі адправіцца да вас.

— Для беларускай справы я на ўсё згодна, але прасіла і прашу не намаўляць мяне на перагаворы з Абдзіраловічам… — троху нэрвова сказала дзяўчына. — Я ўважаю, што мне ехаць зусім няма чаго… Справіцца й адзін Мікола Навумавіч. А калі ўжо тое, чаму з Міколам Навумавічам не паехаць яшчэ вам, сябра Сухавей?

Сухавей не любіў даўгіх гутарак там, дзе яму здавалась усё ясным і канешне патрэбным для справы. Але тут ён мусіў сабраць усю сваю цярплівасць і далікатнасць.

— Дык во ж бачыце, сяброўка, — афіцыяльным голасам, на смешна-паважанай ноце пачаў ён давадзіць ёй, — вам не толькі, як старай знаёмай яго, ведаючай усе патрэбныя дэталічнасці абстаноўкі, але проста як дзяўчыне больш выпадае паехаць. Вы ляпей за мяне, ляпей за абы-каго з нас, хлопцаў, і, можа, навет ляпей за дзядзькі Канцавога здолееце з належнай далікатнасцю і асцярожнасцю намовіць Абдзіраловіча… Калі яго злосць на бацьку за тое, што той пан і дрэнны пан, дагэтуль не ўціхла і не дазволіць яму ўзяць бацькінага панскага багацця, вы, з сваей жаночай далікатнасцю, якраз найляпей патрапіце намовіць яго, пэўне, зусім несвядомага беларуса ці рэнегата, узяць грошы для беларускай справы. Калі ж нічога падобнага ў яго настрою не будзе, і яму, магчыма, здасца дзікім навет нашае ўварванне ў яго асабістыя справы, і ён будзе рад, што дастанець бацькіна багацце, вы ізноў жа найляпей патрапіце ў сваю пару адступіць і толькі папрасіць у яго хоць што-небудзь на нашу, напрыклад, тэатральную секцыю за нашу помач яму ў зносінах з бацькам і наогул за нашу турбацыю.