Выбрать главу

Іра Сакавічанка, дачка ляснічага, скончыўшы гімназію ў N., паступіла на пасаду земскай настаўніцы ў глухой правінцыі недалёчка ад Крупак, двара Абдзіраловічаў. Яна была на раздарожжы: хацелася ехаць на вышэйшыя курсы, хацелася памагаць бацькам вучыць малодшых дзяцей, значыцца, служыць, зарабляць грошы. Хацелася — от, так, неабмеркавана, няясна чаму — забіцца ў глухі кут, у бедную школку, вучыць дзяцей, чытаць кніжкі і думаць аб нейкіх неспадзяванках у жыцці. З беларускім рухам яна пазнаёмілася яшчэ на школьнай лаўцы: гімназісты давалі чытаць беларускія кніжкі. Перад службай Ірачка думала так: для адраджэння патрэбны людзі з вышэйшай асветаю, дык яна папрацуець год-два ў школцы, заробіць грошы, а потым паедзе вучыцца; дый ці мала чаго перадумала тагды дзяўчына… А выйшла зусім не тое. Ля Крупак яна пранастаўнічала чатыры гады — да той памятнай для яе вясны, калі ўлюбілася ў студэнта Абдзіраловіча. Пасля яна перавялася ў Гарэцкі павет, каб быць бліжэй да Горак: ёй шмат хто казаў, што ў гарэцкіх сельскагаспадарскіх школьных інстытуцыях ёсць надта многа свядомых беларусаў паміж вучняў. Яна хацела вырваць з успамінаў тую вясну, назаўсёды зрачыся ўсякіх любошчаў і ўсёй душою аддацца «толькі аднэй святой працы — працы на ніве беларускага адраджэння». Пераехаўшы ў новую школку, яна незабавам завязала зносіны з Горкамі. Там на першым беларускім спектаклю яна надта расчулілась ад прыемнасці і разам расчаравалася. Пабачыла, з якімі высілкамі працуе жменька ідэёвай маладзёжы, як мала зроблена і як шмат працы ёсць усюдых, усюдых. І яна завінулась ля гэтай працы, колькі дазвалялі сілы і час. Сеяла беларускую свядомасць сярод сялян і сялянскай інтэлігенцыі. Вучыла не толькі дзяцей, але й дарослых чытаць, пісаць, дэкламаваць і пяяць па-беларуску. А вучыла без беларускіх падручнікаў, бо іх няможна было дастаць з-за дэмаркацыйнай лініі.

Гэтая праца захапляла яе ўсю. Даўгі час Іра быццам не мела а ні той вясны, а ні тога кахання, а ні тых успамінаў. Быццам забылася на Абдзіраловіча.

Але цяпер, дачуўшыся, што ён жывець у N., што бацька хочаць памірыцца з ім, што можа быць шкода для справы ад яго несвядомасці, — Іра ўзноў згубіла спакой, толькі не мела смеласці прызнацца сабе ў тым. Ёй здавалася, што зусім не любіла Абдзіраловіча, што ў яе было нешта, што няможна было й любоўю назваць… Але чаму ж паміма яе волі думаецца аб ім, плывуць ужо ўспаміны аб той вясне і хочацца без концу ляжаць пад яблынкай у гамаку, зробленым з старога гаспадарскага пехцяра, паціху гутацца з заплюшчанымі вачмі і апалымі ад невядомай, беспрычыннай зморанасці рукамі?

І чаму першы раз во паўзуць у голаў такія нядобрыя думкі? Думкі аб тым, што працуе, працуе без концу, а дзе ж радасць асабістага жыцця? Было толькі раз, толькі з ім. І тады ж рабіла, працавала, чаму ж тады вясна была ўсцяж святам, сонечным, радасным святам? А цяпер? Ці ж так ужо й не будзе асабістага шчасця? А годы лятуць, лятуць… Яна ўжо не падобна да сябе на картачках, здыманых у N-скай фатаграфіі, у тую вясну. Ужо няма таго вясёлага, радаснага смеху ў дзявоцкіх вачох, няма той маладзенькай дзявочай свежасці. Сэрца сціскаецца ад засмучэння. І самой сабе сорамна за думкі гэтыя! То ж здрада святой справе. Ці можна шкадаваць сіл, прыгажосці, маладосці для адраджэння бацькаўшчыны?

Бегла ў хату, ставіла на расчыненае вакно грамафон і завадзіла нешта першае, што траплялась пад руку.

І сорам чула, што ў будзённы дзень, калі ўсе людзюхны працуюць у поце чала на жніве і сенакосе, яна парушаець сельскую цішу нібы святататным грамафонным крыклівым пяяннем:

Гарні, гарні бульбу з печы, У торбачку дый на плечы…

І нэрвовым, смешным ёй самой рухам рукі адкідала йголку і слухала звінячыя ў вушох раптоўныя моўчкі пустога пакоя. Не хацела абедаць. Бегла пад яблынку і клалася на гамак, тварам ніц на падушку. Быццам мімаволі патрошку гуталася і прыціхала.

Паўднёвае жніўнае сонейка пазлачала лісцё ў садзе і прабіралася скрозь яго навет да калыханай дзяўчыны. Гдзесьці гудзела пчала і далёка на шляху тарарахалі пустыя калёсы. Ківаўся лісцячак на яблынавым сучку, ківаўся ражок хвусцінкі на яе прыніклай да падушкі галоўцы. Спіць яна. Спіць не спіць, усё чуець, ведаець, а быццам спіць, не можа заснуць… Думае думы Іранька.

То ж не ў гамаку яна гутаецца, а ў люльцы сваёй дзяцінай, як была маленькая. Падпаўзаюць мухі, прыкра неадчэпныя, аж пад посцілку да дзіцёнка, робяць яму яшчэ душнен, і тады бабулька-нянька, чуючы варушэнне, барджэй налягаець на пачопкі і пяець-пяе нашу дзіўную музыку дзяціных гадоў:

А йдзі, коце, у лясок, Прынясі ты Ірцы паясок… А йдзі, коце, на рынак, Прынясі дзяўчынцы разынак[3] А йдзі, коце, ва таржок, Прынясі паненцы піражок…
вернуться

3

Ізюму.