Выбрать главу

— Ага, — адказаў ён нутраным, з дрыжачымі ноткамі голаеам і глядзеў на чорна-бліскучыя, курчавыя пасмачкі, і незвычайна ясна зразумеў, якая ж дзяўчына яму блізкая і як яна люба яму.

Князь рана пайшоў; ён гэта прыкмеціў.

Матка Алі быццам і не змяніла ласку, хоць і была якаясь ўжо не ранейшая.

Абдзіраловіч прагуляў вечар шчасліва і як ніколі. Скакаў з дзяўчынкамі, Алінымі сястрычкамі, сыграў для ўсіх штосьці на гітары з асаблівым мастацкім захапленнем; астаўся з Алечкаю на балконе, глядзеў на ясныя зорачкі на далёкім небе за чорнаю спячаю аграмадзінаю Бештаў. Апавядаў некалькі падзей з свайго жыцця; намаляваў ёй абраз свайго дзяцінства і маленства; развіваў планы на будучыню.

Яна, далікатненькая і кволая, са збялелым у цямноце тварыкам, з любасцю слухала яго, паклаўшы яму на плечы свае рукі.

Спачатку матка прыслала сястру з хвусткаю, а потым — каб гукнуць іх у пакоі, каб не застудзіліся.

VI

І пачаліся дні балючай рэўнасці, адчаю і смяротнай тугі.

Аля як быццам зусім забылася на яго. Яна бавіла ўвесь час у паездках з маткаю і князем то ў Кіславодск, то ў горы, то ў італьянскую калонію.

Яго месца каля Алі забраў сабе князь — гэта было ясна.

І навет няня Макасеяў у парку, калі дзеці хацелі гуляць каля лавачкі, дзе сядзеў Абдзіраловіч, вінаватая вяла іх ад яго.

На другую за той вечарынку ён не быў запрошаны.

І бесклапотныя прапаршчыкі, што хадзілі туды наядацца і піць віно, ласкава і па-прасцецку казалі яму:

— Эй, кіньце, прапаршчык Абдзіраловіч! Ці ж вы гэта запраўды? Бо яна ж яшчэ зялёная дзяўчынка, ветрык… І ведаеце, надта спатвораная. Як яна выказуецца! Курыць, п'ець віно, троху чаго ні пры ўсіх цалуецца з князем і з кім пападзя. Навет князю сорамна.

Абдзіраловіч хацеў бы забіць іх за гэткія прыкрыя гутаркі аб яго ідэалу, але толькі наўмысля ўсміхаўся і пільнаваў, каб як уцячы ад усіх і быць аднаму. І буркаў толькі ў адказ ім:

— Ну, вось яшчэ, любіце плесці нет ведама што, — не варта слухаць.

Аднак яны ведалі, што ён мучаецца, вельмі тым уражаліся і ніякай рады даць не маглі.

Аднойчы ўранні і надта рана, калі ён, змучаны бяссоннаю начою, туляўся ў пустым парку і бязмэтна трапіў на вакзал якраз к адходу першага ранняга поезда, яго вочы стыкнуліся там ля касы з няняю Макасеяў з кошыкам у руках.

Дзяўчына кінула спуджаным вокам убок і прамовіла:

— Аля тут… Мы паедзем на станцыю Бештаў па пірог: Валя сянні імяніннік.

Ён нічога не адказаў і паспяшыў да вагона, дзе стаяла Аля і махала новенькім гнуткім стэкам.

З весялосцю, як быццам нічога не здарылася, усё добра, прывіталася яна з Абдзіраловічам і пачала апавядаць, як цікаўна з'ездзілі яны ўчора.

— Аля! — у трывозе, і запыхаўся, і хапаўся скарэй сказаць усё, і дрыжачым голасам прамовіў ён. — Скажыце мне, Аля, што гэта ёсць? Няўжо ўсё скончана?

— Вы задаліся метаю папсаваць мне настрой, хоць некалькі дзён не бачылі мяне. Слухайце, Ігналік, мне ж не выпадае бегаць за вамі… Што могуць усе падумаць! Ці я вінавата, што вы нейкі, нейкі… — яна памаўчала, — самотны нейкі і ўважаеце ўхіляцца ад паязджання з намі.

Сэрца яго балюча зазнібела.

— Чаму ж вы не адказвалі на мае пісьмы?

— Ай, ну вось… Вы ўсім вінаваціце толькі мяне. Я не пісала таму, што спадзявалася сустрэцца з вамі. Спадзявалася кождага дня, і дні беглі адзін за адным.

— Падумайце, — без абы-якога звязку перапыхнула яна з радасным смехам, — падумайце: князь рыхтуецца прыйсці да мяне ў сваты! Чакаець толькі татусю. Ах, што за дурны чалавек, як усе мужчыны. Хоць, ведаеце, запраўды, ён паважна гэта робіць. Гэткі знялюбелы! Ну, што я адкажу яму? Падараваў мне стэк. Ляньце: срэбраная мышачка і якая прынадная манаграмка!

— Бывайце здаровы, Аля… так? — апаўшым голасам, абезнадзеіўшы, спытаўся ён.

— Слухайце, Ігналік, калі не хочаце пасварыцца канец з канцом, дык пакіньце сваю драматычнасць і злуванне, чуеце?

Паравоз запыхкаў і дзьмухнуў белаю параю. Сірэна чыстым, звонкім і зычным голасам прапела ў свежым горным паветры.

Яны рассталіся.

Доўга етаяў Абдзіраловіч і глядзеў туды, гдзе ў лесе хаваўся за дрэвы і кусты, уцякаючы, поезд.