Выбрать главу

Пётра САДОЎСКІ

Дзьве душы: Русскій мір і Беларускі сьвет у слове

Частка І

Литвин и мертвый дзекнет...

Литвин не доспавши сено косит

Литвин, как линь.

Биться, как с Литвой (зло и упорно) ...

(Владимир Даль. Пословицы русского народа, в 2-х томах)

Бульба дробная, як у маскаля

Маскаль зачаў ляды, ды ня даў рады

Гуляй, пакуль маскаль не прыйшоў

Татка, чорт у хату лезе! –

Дармо, сынку, абы не маскаль ...

І на чужы Сьвяты не кідай у ніты

(беларускія прыгаворкі)

Гэты тэкст – вельмі пэрсанальны, таму аўтар у сваіх назіраньнях пазьбягае формы pluralis auctoris зь дзейнікам “мы” ды іншых безасабова-абагульняльных прыёмаў кшталту “традыцыйна лічыцца, што ...”. Форма выкладу ў форме 1-й асобы падкрэсьлівае і магчымасьць таго, што некаму напісанае падасца некарэктным ці нават недарэчным. Гэта заўвага для тых, хто жыве ў каардынатах “рускага сьвету”.

Я зьбіраюся паразважаць пра тое, як у мове у сэмантыцы асобных словаў, у словазлучэньнях, сказах (прымаўках, прыбабуньках), песьнях, гімнах, ваярскіх маршах, тэкстах (у мадэрным разуменьні) можа адлюстравацца культурная антрапалёгія народу, што можна прыблізна назваць нацыянальным кодам.

Асобнае слова (ілюстрацыі-прыклады)

Расейскае “преступнік” і наша “злачынец”. У цяперашнім расейскім афіцыйным тэрміне “преступление” праглядаецца празрыста больш фармальны сэнс – перакрочваньне лініі літары закону, нешта блізкае да нямецкага Verbrechen. Актор гэтага дзеяньня і ёсьць “преступник”. У нас такога чалавека называюць “злачынец”, -- той, хто чыніць зло. У нашым тэрміне акрамя фармальна-юрыдычнай даецца і маральная ацэнка, нешта блізкае да двучлена Дастаеўскага.

“Лихой парень”. У сучасных расейскіх “тэкстах” панятак дабра і зла набывае выразна рэлятывісцкі характар: праўда, дабро, зло, парушэньне закону, мэтазгоднасьць, канцавы вынік ператвараюцца ў кантыніум безь берагоў. У папулярным сэрыяле “Брыгада” “лихой парень», сімпатычны герой Саша Белый, у мінулым – круты без сантымэнтаў бізнэсмэн, “по-русскі” справядлівы, з сваім разуменьнем дабра і зла (як, дарэчы, і галоўны герой фільма “Брат”), балатуючыся ў Дзярждуму ў рэклямным роліку фармулюе крэда новага “рускага міру”(цытую па памяці): “Да, я нарушал закон, нарушал его крепко, я не щадил своих конкурентов, но я построил два храма от фундамента до купала ...”. З гэтага ж клону і “станоўчы”, галоўны герой “Брата” і “Брата -2”. Помсьцячы за падманутага земляка-хакеіста, якога абакраў амерыканскі мэнэджэр, расейскі рэмба-праведнік з самаробнай бярданкі косіць шараговых амэрыканцаў ды кажа: “Мы рускія, за намі праўда”. Расейскія публічныя асобы, аналізуючы крымінальныя эканамічныя рэформы пачатку 90-х гадоў, гавораць: “В лихие девяностые ...”.

Наш Леў Сапега, прэзэнтуючы Статут 1588 г. падкрэсьліваў: “Мы напісалі гэты статут, каб не было ліхасьці”.

“Иван Грозный» -- “Іван Жахлівы”. Расейскае “Іван Грозны” знаходзіцца ў “цярпімым” полі, -- суворы, але неабходны, мэтазгодны. У мастацкім асацыятыўным полі – нешта зусім белае і пушыстае: “Уж больно ты грозен, как я погляжу!” (Некрасаў, “Мужичок с ноготок») або: “Не ругай меня, мамаша, не ругай так грозно / Ты была сама такая, приходила поздно” (из шаловливой песни). Гадоў 30 таму мы яшчэ не ўжывалі выраз “Іван Жахлівы”, як гэта рабілі эўрапэйцы увесь час: Iwan der Schreckliche, Ivan the Terrible, Ivan le Terrible ... Мне здаецца, што я быў першы, хто ўвёў у наш час ў зварот выраз “Іван Жахлівы”, калі напісаў адмысловы нарыс пра Івана Грознага для часопіса “Беларусь” у 80-х гадах. Там я, разглядаючы выпадкі эўрапэйскіх “перакладаў” уласных імёнаў, разважаў і пра норавы. Часопіс той у мяне згубіўся. Помніцца, я разважаў, што калі б зь беларускім шляхціцам эпохі ВКЛ абышліся так, як Іван Жахлівы/Грозны трактаваў сваіх баяраў, то шляхціц-літвін, пэўна б, застрэліўся ці засіліўся б якім іншым чынам. Галоўным рэдактарам часопіса быў тады Аляксандар Шабалін. Уладзімір Арлоў тады яшчэ ўжываў расейскі варыянт. Першы раз я сустрэў выраз Iwan der Screckliche ў 1956 годзе ў нямецкім размоўніку, калі вычыўся ў 8-й клясе Мн СВУ. Зьдзівіла і штурханула да роздуму. Вось вам і ўплыў замежных моваў на фармаваньне асобы.

Далей яшчэ будзе гаворка пра сэмантыку асобных словаў ды іх сувязь з навакольным асяродзьдзем.

Мастацки тэкст: “рускі” сьвет у Максіма Гарэцкага

Словазлучэньне “Дзьве душы” ў кантэксьце задуманых разважаньняў навеялася мне, натуральна, ў першую чаргу аднайменнай назваю аповесьці Маскіма Гарэцкага і ягонага ж кароткага апавяданьня “Рускі”.( З другога боку, хацелася б нам таго ці не, у кожным з нас, сучасных беларусаў, жыве частка расейскай душы). У аповесьці маладзіца, якую ўзялі “за мамку” для панскага дзіцёнка, “трохмесячнага першачка Ігналіка (амаль аднадзёньнічка зь ейным сынам Васільком”), асірацелага пасьля разбойнага нападу на ягоных бацькоў, “паноў сярэдняга багацьця” Абдзіраловічаў, падмяняе свайго сыночка на панскага, каб зрабіць яго багатым і шчасьлівым. Для мяне асабіста гэта, акрамя традыцыйнай інтэрпрэтацыі твора, – трагічная спачувальная алегорыя самаадмаўленьня дзеля прывіднага шчасьця, пра што дасьледчыкі мала гавораць.