Наша ўсходняя суседка, якая публічна заявіла, што вяртаецца ў геапалітыку 18-га стагодзьдзя, зноў дала імпульс для рэанімацыі зьдзеклівых мянушак сваім слабейшым і бяднейшым на прыродныя рэсурсы суседзям, сярод якіх жыве шмат расейцаў, якія паводле дактрыны “Русского міру” ёсьць носьбітамі асобнай цывілізацыі. І зноў ажылі, некалі пазначаныя як архаізмы, жиды, пшеки, ляхи, кержаки, рагули, тиблы, чухонцы (узгадайце ў Пушкіна у “Медным всаднике”: приют убогого чухонца …), раски, хачики, абреки, азерики, душманы, чурки, хохлы, лабусы, бульбаши и г. д.
Так, у сучасным расейскім слоўніку беларус ужо не “літвін”, які сьлізкі, як лінь і нават мёртвы будзе дзекаць (гл. эпіграф да 1-й часткі тэксту), а бульбаш, зь якога можна беспакарана кпіць: “Бульба е, балота радам, дров нарубим -- и парадак... Бульбу жарим, бульбу варим, бульбу так себе хуярим ....” Гэта – слоўнікавы артыкул . Назва выданьня: “Словарь народной фразеологии “Жгучий глагол” . Складальнік Б. В. Кузьмич, ілюстрацыі Андреэ Більжо, г. Люберцы, 2000 г., тыраж 5000 экз., с. 20. Тлумачэньні: “Передразнивание белорусской речи, характерного говора “бульбашей”…“О гастрономических пристрастиях и говоре белорусов”. Некаторым сьмешна. Мне – не. Я яшчэ не перакрочыў у постнацыянальную эпоху. І чаму гэта ўсе павінны гаварыць на расейскай мове без акцэнту?
У нас мала хто ведае, што апелятыў “жыд” набыў адмоўнае значэнне на нашых землях толькі праз расейскі антысэмітызм. Да 2-га і 3-га падзелаў Рэчы Паспалітай, калі “нашыя” часткі ВКЛ і “Рэспублікі абодвух народаў” не належалі да Расіі, на іх тэрыторыі ужываўся апелятыў “жыды” ў нейтральным значэнні, як ва ўсёй Еўропе: “жыдзі” (польск.), “юдэн” (ням.), “жюіф” (фр.), “джу” (англ) і г. д. Пасля падзелаў гэтае слова пачало паступова ўспрымацца праз моўныя паводзіны прышлых расійскіх грамадзян і ў нас як абразлівае. Так, у 1787 годзе пры наведванні Кацярынай ІІ горада Шклова паводле пратэкцыі Пацёмкіна ёю быў прыняты Ёшуа Цэйтлін з просьбай ад шклоўскіх іудзеяў не ўжываць у афіцыйных дакументах прыніжальнага ў штодзённых моўных паводзінах расійцаў слова “жыды”. Кацярына дала згоду, загадаўшы выкарыстоўваць у афіцыйных паперах Расійскай імперыі толькі слова “яўрэі”, тым самым ускосна адрэзала нашы абшары ад еўрапейкай традыцыі і закансервавала бытавы антысемітызм, навязаны расецамі. У першыя гады існавання БССР рабілася спроба вярнуцца да еўрапейскай традыцыйнай назвы “жыды”, аднак савецкая ўлада не захацела развітацца з традыцыямі расійскага антысэмітызму.
Наколькі я памятаю з свайго маленства, у нас у вёсцы з яўрэяў, як і зь йіншых суседзяў-небеларусаў маглі толькі пацешна пакпіць, зрэдку зь лёгкім негатыўным падтэкстам. Мая маці, асуджаючы маё сяброўства з хлопчыкам, які лазіў у чужыя гароды, курыў ці яшчэ рабіў што дурное, магла сказаць: “Ну ты і “драўгу” сабе знайшоў!”. Хлопец неабавязкова павінны быў мець літоўскае паходжаньне. Карла Бруквін, наш недалёкі сусед, зрэдку гаварыў з сваімі сямейнікамі на людзях па-латыску. Сусед, усьміхаючыся, мог сказаць: “Па-вашаму лёгка гаварыць: вазьмі гарачую бульбіну ў рот і загялдэчыш па-латыску!”. “Твой сачас – як Хаймаў зараз” – ты не сьпяшаешся абяцанае зрабіць, усе нешта маракуеш-маракуеш, каб важнасьці напусьціць.
Пра яўрэяў расказвалі вясёлыя нязлыя гісторыі, дзе яны – як бы з сваёй хітрасьці – заўсёды аказваліся ў незайздросным становішчы. Адна з такіх гісторый называлася “Як мужык зь яўрэем мяхамі біліся”. Я асабіста чуў, як гэтую гісторыю расказваў “наш жыд” – гандляр з Шаньдзялоў. Яна такая.
Хайм з мужыком дзялілі, каму які мех несці. Хайм схапіў лягчэйшы. Па дарозе пасварыліся і пачалі мяхамі біцца. У мужыка ў мяху быў цяжкі прас і яшчэ нешта, а ў Хаймавым мяху – трошкі хмелю. Вось Хайм і будзе гаварыць: “А ў маім мяшку было трохі хмелю ў ражку. Дык я па мужыку як упяру ! – дык ён і пабег, як сабака. А ён па мне бац! – дык я і ляжу, як той пан”.