Выбрать главу

— Вось гэтага вастралычага прыбяром. Вась-Вась!..— злавіла свінячае вуха, пачухала.— Гэты слабей есць. Абодва елі — толькі давай, хапалі, а пасля што з гэтым зрабілася?..

— Ну... пайду па Лёніка.

Сцяпан выйшаў на вуліцу. За веснікамі пастаяў, агледзеўся. Вуліца была пустая: ні людзей, ні сабак, ніводнай жывой душы. Падумаў, што ўжо даўно не раніца, трэба спяшацца, але пачуў, як за спіною звякнулі матчыны вёдры,— схамянуўся: трэба ж вады прынесці, каб маці хоць сёння не рвала хворыя рукі. Але яна ўжо заварочвала за хлеў, дзе калодзеж.

Вокны Лёнікавы на тым самым баку вуліцы, што і матчыны, праз тры двары. Сцяпан прасунуў руку між штыкецін, адкінуў зашчапку, прычыніў за сабою веснікі, па раўнюткім, з дошак, тратуарчыку прайшоў да новага ганка. Не спяшаючыся ў хату, агледзеўся, падзівіўся, як Лёнік, малады гаспадар, на якія тры гады старэйшы за Сцяпана, усё ля хаты давёў, панабудаваў хлевушкоў, нават лазенку. Без памочнікаў, сам. I цесля і сталяр.

Ён і цяпер рабіў: стаяў пасярод сянец ля стала, на якім ляжала шкло, прымерваўся доўгай лінейкаю, трымаючы паміж пальцаў алмаз.

— Здароў, вечны тружанік! — прывеціў Сцяпан.

Той спадылба, праз бялявыя валасы, звешаныя на вочы, паглядзеў на госця, не адрываючы рук ад шкла і лінейкі, бадзёра, Сцяпану ў лад, адказаў:

— Прывет рабочаму класу!

Шаркнуў алмазам уздоўж лінейкі, пасунуў шкло на край стала, лёгенька разламаў напалам. Павярнуў другім бокам, зноў прыклаў лінейку, зноў шаркнуў — шкло хруснула, дзынкнула, вузкі пасак раўнютка адскочыў. I толькі цяпер Лёнік паклаў алмаз, падаў госцю руку.

Пад вялізным, на паўсцяны, акном веранды стаяла такая самая фрамуга, яшчэ жоўценькая, свежая, нядаўна з-пад гэбля.

— Падвойныя ў сенцах? Здаецца, ніхто не ставіць,— заўважыў Сцяпан, здагадаўшыся, што задумаў сусед.

— А я пастаўлю.

— Адзін дома?

— З малым.

— З Віцем?

— Другога пакуль няма. Пад другога яшчэ толькі падмурак завёў,— з годнасцю ўсміхнуўся Лёнік.

— Валя дзе?

— На ферме. Ну заходзь у хату.

Лёнік шырака адчыніў перад Сцяпанам дзверы, але Сцяпан іх зноў зачыніў:

— Пойдзем да мяне.

— А што ў цябе? Чарка? Скварка?

— Трэба кабана закалоць. Швайка ёсць?

Сусед змоўчаў, але па тым, як паглядзеў на свае брудныя штаны, на далоні, як зняў са сцяны старую фуфайку, ускінуў на плечы, як узяў з падаконніка кепку, хвастануў ёю па калене, выбіў пыл з пілавіннем, ускінуў на галаву, Сцяпан зразумеў, што Лёнік ужо збіраецца, без лішніх слоў. Тут жа, у сенцах, адчыніў дзверы ў клець, зайшоў туды, у цямноту, заляскатаў жалеззем, нештачка шукаў.

— Паяльную лямпу браць? — спытаў адтуль.

— Ёсць у маткі.

— Дзвюма хутчэй. А бензін?

— Можа, ёсць, а можа, няма.

На дне ў каністры плёскалася — вынес з клеці і лямпу і каністру. Паставіў адно і другое ля парога, прынёс шыла не шыла, штых не штых, тую самую швайку, да белага бляску надраеную жывым свіным салам.

— Ох і даўно яна табе служыць!

— Каб жа мне аднаму. Усёй вёсцы. Хто кабана ні б’е, усе да мяне: дай, Лёнік, швайку. Вяртаюць — і свежы кавалак у прыдачу. Можна кабаноў не трымаць, швайка пракорміць.

Ён ужо выйшаў на двор, а Сцяпан не паспеў, затрымаўся ў сенцах, калі хатнія дзверы адчыніліся і на дзвярной ручцы, ухапіўшыся за яе абедзвюма рукамі, павіс Віця, шасцігадовы Лёнікаў атожылак, мурласценькі, як бацька, з абвіслымі ніжэй пупка штанамі — абармот абармотам.

— Здароў, дзядзька Сцяпан!

Дзе ж таму дзядзьку не запыніцца з пляменнікам? Запыніўся, а малы, доўга не думаючы, схапіў за руку, пацягнуў у хату, прыгаворваючы:

— Ідзі-ідзі, не ўпірайся.

Сцяпан малых любіў, з імі часам знаходзіў большае паразуменне, як з дарослымі, з імі ўдавалася палюдску пагаварыць, без хітрыкаў, хованак, і таму, можа, малыя да яго ліплі таксама. А з Віцем дружба асаблівая: нейкі ён не такі, як усе малыя. I сур’ёзны, часам, здаецца, мудры, нібы дзед, і смешны — душою з ім адпачнеш. Вось і цяпер пасадзіў Сцяпана за стол, сам сеў насупраць, падпёр галаву кулаком, пытаецца:

— Ты да каго прыйшоў? Да мяне ці да майго бацькі?

Паспрабуй сказаць, што да бацькі.

— Справа ў мяне, Віця,— пачаў выкручвацца.

— Эх, дзядзька Сцяпан! — пакутліва, нібы стары,

уздыхнуў хлопчык.— Цяжка мне тут жыць. Няма з кім пагаварыць. Думаеш, з бацькам пагаворыш? Маці качку зарэзала, дык ён кажа: дай абсмалю паяльнай лямпаю. Заліў у лямпу салярку і смаліць. Ну, галава старая? Качку тую да носа не паднесці, смярдзіць саляркаю. Во які ў мяне бацька. А маці лепшая? Узяла ды выкінула тую качку сабакам. Пытаюся: навошта ты качку сабакам выкінула? Ужо як-небудзь з’еў бы, давячыся. Не чуе быццам.