Выбрать главу

— Што Андрэйку не ўзяў з сабою? — спытаў.

— У школе, хай вучыцца. А Волька прыхварэла, бок ломіць. Прастыла, відаць. Мы з Вераю ўдваіх. Думалі, што і ты, Сцяпан, з намі паедзеш...

Сцяпан не любіў ездзіць у швагравай машыне. У аўтобусе едзеш — ніхто цябе не ведае, нікому ты на патрэбны, хочаш — глядзі ў акно, хочаш — спі, хочаш — думай сваё, ніхто нічым не папракне. I людзей наслухаешся, дазнаешся, хто чым жыве. А ў швагравай машыне і размовы даўно знаёмыя, адно таўкуць ды таўкуць штодня, і ўсё ім, яму і сёстрам. Сцяпан не такі, за іх дурнейшы, усе яго, малодшага, вучаць, як сказаць, як сесці, куды запалку ці недакурак кінуць, крый божа — пад ногі: з’ядуць. А калі і маўчаць, дык не лягчэй таксама, нудна.

Селі за стол.

— Ну?.. — маці паглядзела на сына, вачыма падказваючы, што рабіць, але першым яе зразумеў зяць.

— Замочым кабанчыка? — падхапіў.

— За ваша здароўечка,— маці ўзяла чарку.— Гэта ж я цябе, Коля, з лета не бачыла. А Веру ад вялікадня.

Лёнік паклаў на хлеб кавалак грудзінкі, крактануў, хітра ўсміхнуўся — да гаспадыні:

— Каб у вашым хляве, цётка Ганна, кабанчыкі не пераводзіліся. Як яны там будуць чухацца, дык будуць і госцейкі ў хаце. Паверце мне. Я па людзях валачуся са швайкаю, ведаю.

Яго ўсе зразумелі, маці і дзеці, але ўсе змоўчалі, ніхто не знайшоў, што адказаць.

— Ну а кабанчык хоць ладнаваты? — пацікавіўся Коля, выпіўшы і набіўшы поўны рот.

— А хто яго?..— няпэўна адказала маці.— Па кармёжцы і сала. Летам што я ім даю? Па траве ходзяць. Абы раслі здаровыя. З халадамі пачала парыць бульбу, буракі, жменю мукі сыпнеш, падмяшаеш. Дай больш хлеба, дык сала возьмеш. Казала, прывязіце, дзеткі, мех якой мукі, будзе вам сала. Дык жа ніхто не чуе. Але і так дзякуй богу. Пакуль хопіць, а пасля другога апрыходуем. Ужо яго я вам пастараюся адкарміць.

Яны ўсе такія, маці: што б ні казалі, на языку, як і ў галаве, вечна дзеткі. Часам смешна з іх клопатаў. А часам горка. Вось Лёнік і ўчапіўся, нават скварку адклаў:

— Навошта вам, цётка, столькі ўсяго? Два кабаны, авечкі, карова, качкі, куры.

— I цялушку гадую,— пахвалілася тая.— Карова, Лёнік, старая, хачу маладую выгадаваць.

— Вам адной вядро малака трэба?

— Ну што ты кажаш? Я ўсё жыццё кароўку мела, а цяпер звесціся? Ты што?.. Летам, можа, дзеці прыедуць, унучак. Сваё малачко — не куплёнае. Ды і смятанка, тваражок.

— Гэта ясна, не куплёнае. Але сена?

— З сенам... бяда,— цяжка ўздыхнула.

— I авечкі навошта вам? — не сунімаўся сусед.— Цяпер авечак няма каму пасвіць, няма дзе пасвіць. У людзей сем’і, а і то пазводзіліся.

Суседчына жыццё Лёнік ведаў, казаў — як у сук ляпіў, і яна апраўдвалася, адкрываючы ўсе свае козыры:

— Бачыш?.. Будуць аўчыны. Цяпер жа мода на кажухі. Веры хацела справіць дублёначку. I Коля просіць.

Ад яе шчырасці зяць папярхнуўся, закашляўся, павільгатнелыя вочы заблішчалі, замітусіліся, стралялі то на Сцяпана, то на дзяўчат, то на Лёніка: што яны цяпер думаюць, калі дазналіся, дзеля чаго матка трымае авечак? Дзяўчаты ціха жавалі, нібы тыя авечкі, нічога, здаецца, не думалі, уедлівы сусед таксама быццам не пачуў, закусваў моўчкі, а Сцёпка адразу кінуў жаваць, губу ніжнюю падабраў, як малы, наліўшыся крыўдаю, калюча зіркаў спадылба то на маці, то на дзевак, то на яго, швагра. I Коля не сцерпеў:

— А не трэба мне ніякія кажухі. Не хачу. Рэжце ўсіх сваіх авечак. Па мне, дык рэжце.

— Адну зарэжу,— разважала маці,— а дзве пакіну. Будуць ягняткі. Лета пагадую, да той зімы, вось і яшчэ аўчынкі, нідзе не валяюцца.

Яна рашучая, але і Сцяпан гэтакі, у маці:

— Трэба ўсіх рэзаць.

— Не, сынок.

— Сам парэжу. I карову старую завяду на ферму. Навошта кармы пераводзіць? На той год маладая будзе.

— Калі яшчэ?..

Вось гэтак, бывала, і пры бацьку ішла за сталом размова, звычайная для вёскі: пра карову, кабаноў, сена, авечак. I тады не аднолькава ў хаце думалі. Бацька, бывала, у адно, што бык, увапрэцца, не саступіць, а маці ў другое. I паспрачаюцца. Але ніколі, здаецца, ад тых спрэчак не нарастала на душы ў Сцяпана столькі гаркаты, прыкрасці. Лёнік — чалавек чужы, сусед, а і яму відаць: навошта старой гэтак упрагацца, знясільвацца, калі ўжо сіл няма, сям’я па гарадах рассеялася, не сабраць? Бяда ацірацца ў жыцці гультаём, сабе і людзям бяда, але і гэтак надрывацца, жывучы адной,— нічога разумнага. Ды і сёстры злавалі Сцяпана. Швагер злаваў. Усе пілі, елі, а маці што параілі? Збываць скаціну ці трымаць? Нічога не сказалі. I не скажуць. Сказаць, каб трымала, языкі не павернуцца, бо не сляпыя, бачаць, які гэта цяжар, асабліва старой хворай жанчыне: што тады пра яе іх сусед падумае, вёска? I сказаць, каб не трымала, не хочуць: чым кепска ўзяць з вёскі дармавы кавалак?