Выбрать главу

Над галавою шумелі бярозы, а насупраць ляжала бясконцае, пад самае неба, поле, прыбранае і ўзаранае, па-восеньску пустое, маўклівае, знясіленае за вясну, лета і восень, халодна санлівае перад надыходам зімы, сумнае, як гэты магільнік. Сцяпан быў не чужы свайму полю, ведаў, колькі жыцця і светлых надзей давала яно селяніну. На ім заўсёды буяла жыта. Бацька араў яго ўсё жыццё і вечна хваліў. Але цяпер поле пустое, сумнае — пуста і сумна было на душы.

Дзень такі: зямля халодная, неба шэрае, нізкае, а яшчэ — вецер, гоніць і гоніць шэрыя хмары.

Калі Сцяпан вярнуўся, дома, на двары, Коля корпаўся пад капотам, зачышчаў наждачкай свечы, а жанчыны пакавалі машыну: бегалі то ў хату, то з хаты, насілі і ставілі ў багажнік сумкі, каструлі, вёдры.

— Дзе гэта ты ходзіш? — спытала пакрыўджана маці.

— Табе пасобіць?

— Ужо няма чаго пасабляць.

— А грушу? — знайшла работу Ніна.— Грушу хто будзе абіраць? Я ж на яе не ўзлезу! I маці не ўзлезе.

А маці і радая, што дачка ўспомніла:

— Праўда, сынок. Абярыце вы з Колем грушу. Можа, маразы ўдараць, снегу накідае. А я сама не абяру.

— Абяром,— буркнуў Сцяпан і сеў пад плотам на бервяно.

Вера прабягала міма са слоікамі — чаплянула:

— Што, братуха? Стаміўся?

Ён моўчкі глядзеў, як жанчыны таўклі ў багажнік вядро з мочанымі яблыкамі, а яно не ставілася, месца не хапала, нават слоікі не было як утачыць, а яшчэ на зямлі стаяла вядзёрная каструля з капустаю, ручніком абвязаная. Павымалі сумкі, пачалі ставіць нанава. Куткі нарэшце ўсяму пазнаходзілі, а зачыніць багажнік не маглі. Падышоў Коля — паглядзеў, накінуўся на жанчын:

— Што вы топчаце? Думаеце, калі машына жалезная, дык і тапчы колькі сілы?

А тут яшчэ маці прывалакла з хаты мяшэчак:

— Семачкі, гарбузікі. Андрэйка дужа любіць, лузгаць будзе. Куды паставіць, Коля?

— У салон укіньце, на сядзенне.

— Ну а грушы? Пайшлі, хоць вядро абяром.

— Куды ўжо? — узмаліўся зяць.

Але яму, пэўна, вельмі хацелася прывезці ў Мінск

груш, вялізных жоўтых вінёвак, і ён пайшоў следам за маці, якая падхапіла кош, пашыбавала ў сад. Вось толькі як іх дастаць? Падскочыў, за галіну схапіўся, трасянуў.

— Паб’юць грушы,— шкадуючы, уздыхнула Вера. I зноў на брата накінулася: — Ідзі пасоб, не сядзі. Драбіну пастаў.

Сцяпан пайшоў, але не ў сад — у хлеў, успомніўшы ўчорашнюю размову пра карову, цялушку, авечак.

З хлява бачыў, як Коля і маці панеслі да машыны паўнюткі кошык біцікаў. Яшчэ раз пагладзіўшы Пярэстую, зачыніў вароты.

Грушы высыпалі проста ў багажнік, заканапаціўшы ўсе дзіркі і шчыліны паміж сумкамі, вёдрамі. Багажнік не зачынілі — не змаглі,— і, каб не ляскатаў дарогаю, Коля звязаў яго дротам.

Ад’язджалі ўсе разам. Ужо сядзелі ў машыне, як раптам маці штосьці ўспомніла, пабегла ў хату. Вярнулася з гарбузом — здаровым, жоўтым, ледзь несла, аберуч прыціснуўшы да жывата. Сцяпан адчыніў дзверцы, узяў, пабурчаўшы, а куды дзяваць? Паклаў сабе на калені: паганяй, швагер!..

Ехалі па вёсцы — Сцяпан усё азіраўся назад: маці доўга стаяла каля адчыненых варот, сашчапіўшы на прыполе рукі, глядзела ўслед машыне. Ці таму, што вуліца выдалася пустая і маці на ёй стаяла адна, ці што вароты былі адчыненыя і, як адчыненыя, нікому зараз не патрэбныя, ці што дзень выдаўся шэры, пахмурны, постаць матчына здавалася сумная, як позняя-позняя восень.

А тут яшчэ — гарбуз. Ён ляжаў на каленях цяжкі, нібыта матчын папрок, яе сумная радасць, схаваная ад дзяцей бяда.

Машына паўзла на ўзгорак, за шыбаю замільгацелі белыя бярозавыя ствалы.

— Можа, спынімся? Да бацькі зойдзем? — спытаў Сцяпан.

Коля змоўчаў, а Вера, якая сядзела з ім побач, цяжка ўздыхнула, як згадаўшы бацьку, лагодна адказала Сцяпану:

— Іншым разам, Сцёпа. Трэба даехаць засветла.

Сцяпан зноў азірнуўся, але ўжо не на вёску — на магільнік. Зноў, ужо нейкай балючай памяццю вачэй, убачыў маці, яе самотную маўклівую постаць, рукі на прыполе, белы, абматаны анучкаю, палец, і... вось калі: да горла падкацілася хваля, тая самая, што душыла ўчора за сталом, калі глядзеў на шэрыя матчыны рукі, пасля ўранні, калі бачыў маці наўколенцах перад цыратаю з кучкамі мяса і сала, на дзяльбе кабанчыка, пасля, апошні раз, на магільніку. Заплюшчыў вочы — маці ўсё стаяла пасярод вёскі, сіратліва глядзела на дарогу...