— Ты… ты…, - пачаў Янук iз такiм зьдзiўленьнем, што раптам мову адняло. У малой Бахмачовай галаве паўстаў пэўны хаос. Зачырванеўся. Мусiць, калi-б у лiпенi саджалка на аселiцы ягонага бацькi пакрылася ў пагодны дзень лёдам, то ня быў-бы гэтак зьдзiўлены, як цяпер, пабачыўшы ў гацкай сямiгодцы Макатунiшку. Зьбянтэжаны, ён павярнуўся й адыйшоўся, ды паглядаў на бакi, цi хто ня бачыў, што ён дзяўчыну ведае.
Усё было ў гэны дзень новае й неспадзяванае. Самых настаўнiкаў вучыць пятую клясу прыходзiла аж тры. Для Янука навiна гэта была не абы якая, было над чым падумаць. Але ў галаве ягонай адбывалася зусiм нешта iншае. Вунь у другiм радку на задняй лаўцы сядзела Макатунiшка. Янук часта касурыўся ў гэны бок.
Здавалася-б, што Янук i Дуня ў гэтым асяродзьдзi зь вялiкай перавагай сынкоў i дачушак розных паноў i падпанкаў мусiлi быць натуральнымi сябрамi. Хлапец ня здольны быў гэта адразу ўсьведамiць. Наадварот, ён думаў аб тым, што рабiць, каб гэта дзяўчына анi заўтра, анi пасьля сюды нагой ня ступiла. «Што-ж гэта скажа Стась, Уладзiк, Алёша, цi iншыя вясковыя хлопцы, як толькi дачуюцца, што яна ў гэту школу разам са мной ходзiць? — турбаваўся Янук. Яны-ж так сьмiяцца будуць, што праходу па вулiцы ня будзiць».
I ўжо ўяўляў, як гоняцца за iм хлопцы, асаблiва-ж тыя, што ягонай навуцы зайздросьцяць, выдумляюць мянушкi й небылiцы, бесьперапынна, як назойлiвыя сабакi, зьвягаюць. Якi сорам будзе, як разьнясуць-разьдзьмуюць: хоць ты на вочы людзям не паказвайся.
Янук зiрнуў iзноў у дзяўчынiн бок i чырванеўся ад злосьцi. Дуня сядзела спакойна, слухала настаўнiка, як быццам гэта ўсё так i быць мае, што яна ў пятую клясу побач яго, Янука, належыць. «Глянь ты на яе! Iж ты якая брыдота! Iншыя дзяўчаткi — дык паўбiраныя як лялькi, а яна такая нейкая простая й нiкудышняя каля iх», — думаў малы Бахмач. У гэны момант забыўся, што нiжнiя зрэбныя штаны яму скуру ледзь не да крывi кастрыцай па дарозе ў школу нацерлi, што ў старой сiняй кужэльнай кашулi папрацiраныя на локцях рукавы як сiта прасьвечвалiся, што адно новымi ботамi мог-бы пахвалiцца, калi-б, панюхаўшы сьмярдзючы дзёгаць, панскiя дзеткi сваiмi далiкатнымi насамi не круцiлi й ад яго нi адварочвалiся. Мацi, як на тую злосьць, зусiм новыя й неабношаныя штаны споднiя дала, каб яны прапалi. Так смылiць нацёртая скура, проста ступiць баiсься. Але тая першая думка — «як-бы што зрабiць, каб нага ейная тут болi нi ступiла» — усёроўна верх трымала.
Дуня трымалася ад Янука воддаль. Як забытая ўсiмi сiрата, стаяла яна падчас перапынку на калiдоры пры сьцяне, сочачы iншых дзяўчатак-шчабятушак, што шпацыравалi парамi цi тройкамi. Яны гаманiлi гулкiмi галасамi, залiвалiся буйным сьмехам. Калiдор быў паўнюсенькi, бо на дварэ ймжыў дожджык. Дзяўчына чулася ў гэтым новым асяродзьдзi зусiм дзiка. Мяркавала, што ў лiку вучняў павiнна быць якая вясковая дзяўчына, з каторай можна будзе пасябраваць, а таму пiльна ўглядалася ў твары й на вопратку. А Янук усё касурыўся на яе зь недалёкага кута.
Доўга цягнуўся першы дзень школьных заняткаў. Калi iх канец абвесьцiў апошнi званок, згубiў Янук Дуню з вачэй, ды аж засопшыся нагнаў яе ў полi за мястэчкам. Iшла борзда, ледзь заўважна пазiраючы назад церазь левае плячо, быццам чакаючы зь Януковага боку нейкае неспадзеўкi.
— Стой ты! — гукнуў хлапец, нагнаўшы. Дзяўчына звольнiла ходу й глядзела Януку проста ў вочы. Погляд гэны быў такi просты й сьмелы ды зусiм бязь нейкiх нязычлiвых адценьняў, што хлапец разгубiўся, адвёў унiз зрок.
— Што хочаш? — спытала.
— Я… хачу, каб ты са мной у школу нi хадзiла, — прамармытаў, апаноўваючы сваю разгубленасьць, пастух.
— Я з табой нi хаджу, — сказала Дуня ды зноў прысьпешыла кроку.
Янук, як аблiты варам, застаўся ззаду. «Ах, каб цябе халера, жаба ты! Яшчэ во носа задзiраiць. Я-ж табе!» — наважыўся ён.
— Пажджы! — гукнуў зноў на дзяўчыну. Дуня гэтым разам прыкiнулася, што яго ня чула. Iшла вальней, паглядаючы на яго бокам, трымаючыся напагатове, каб у выпадку небясьпекi, як тая курапатка, пырхнуць да раптоўнага ўзьлёту. Хлапец ня ведаў, што далей рабiць. Гэта каб Макатунiшка яго адразу спалохалася, пачала ўцякаць цi што, от тады-б ён кiнуўся за ёй наўздагон, злавiў-бы дый мо адразу так накамшыў-бы туды, дзе балiць, настрашыў-бы, што адхацелася-б ёй школы. Яна-ж наадварот: проста й сьмела яму ў твар адказ кiнула. Такога не спадзяваўся. За сваю разгубленасьць i няздарнасьць, за тое, што вось «гэтая жаба» да страты ягонай раўнавагi спрычынiлася, яшчэ больш злаваў i кiпеў Янук.
— Я хачу, каб ты саўсiм у гацкую школу нi хадзiла! Чуеш ты? — моцным i пагрозьлiвым голасам загаманiў Бахмач.
Дзяўчына зiрнула ад яго спадылба.
— Адчапiся! — сказала.
Хлапец зьбянтэжыўся канчаткова. Што тут рабiць? Набiць яе? Але-ж як гэта, калi не ўцякае? Вялiкую крыўду пачуў да яе за тое, што не захавалася так, як ён хацеў. Звольнiў кроку й застаўся ў роздуме. Дзяўчына-ж пасьпяшыла, быццам высьцерагаючыся, каб не пачаў абкiдаць яе каменьнямi.
Ад гэнага першага дня Дуня пазьбягала Янука. Мецiла заўсёды, каб выйсьцi раней iз школы й апярэдзiць яго. Вясковыя-ж падшыванцы, дражнячы Янука, быццам у вадну дудку трубiлi. Нават Макатуном яго клiкалi. Найперш хлапец гэна зьвяганьне мiма вушэй стараўся пушчаць. Ды iншым разам, бывала, так дапякуць-дасоляць, што ажно рукi сьвярбяць, каб катораму ў мурло заехаць.
— I што гэта за школа, што Макатунiшка туды ходзiць? Га-га-га! — кпiлi зь яго. Выглядала, што яны, якiя невукамi наважылi быць, сталiся цяпер разумнейшымi за яго адно таму, бо не наведвалi школы, куды хадзiла Дуня. Замiж таго, каб паспачуваць дзяўчыне, каб за зьвяганьне прылавiць i аддубасiць каторага, Янук яшчэ больш кiпеў злосьцю на Дуню: гэта яна вiною ўсiх кпiнаў была. Наважыў раз i назаўсёды адабраць у яе ахвоту да навукi.
Гэтым разам пасьля заняткаў выбег першы, борзда мiнуў местачковыя хаты й, убегшы ў лясны гушчар прытаiўся ля самай сьцежкi. Сядзеў упрысядкi й праз галiнкi кустоў сачыў, як Дуня, нiчога дрэннага не варожачы, спакойна йшла дахаты. Крыху раптоўней пачало бiць Янукова сэрца ў меру ейнага наблiжэньня.
Калi мiнала Янукова сховiшча, ён раптоўна выскачыў з-за куста. Дуня перапалохалася, манiлася падацца ўбок, але Янук хапiў яе за рукаў.
— Я-ж цябе правучу, крутушка ты! — сыкнуў. — Я табе казаў са мной у школу нi хадзiць!
Дзяўчына пачала тузацца. Сшыткi й кнiжкi ейныя вытрасьлiся з кужэльнай сiняй торбы на мокрае лiсьцё.
— Пусьцi мяне, ты… злы…
Адылi Янук уплёўся яшчэ мацней, падставiў нагу, пакацiў i пачаў таўчы яе кулакамi. Макатунiшка, спасьцярогшы, што левая Янукова рука трымала за каўнер ейнае палiто, моцна ўкусiла яе зубамi. Хлапец iз крыкам ад болю выпусьцiў каўнер, але адно на мiг. Яшчэ больш разьюшаны, пачаў бiць дзяўчыну па грудзёх i па твары. У яе паказалася кроў з носу, але хлапец не ўтаймоўваўся. Меў намер бiць, пакуль пачне прасiць лiтасьцi.
У гэнай гарачцы не пачуў Янук ззаду крокаў. Нейкая моцная рука падняла яго, як кволае шчанё, ды паставiла на ногi.
— Ты што гэта вырабляеш? Ах нягоднiк! За што яе б'еш? — злосна загудзеў бас дзядзькi Захарука, i перад самым Януковым носам гнеўна задрыжэлi даўгiя рудыя вусы. Дзядзька наскочыў, вiдаць, на iх неспадзеўкi.
Янук стаяў спалоханы й зьбянтэжаны, ды крыху пабойваўся, што яму цяпер ад дзядзькi ў каршэнь дастанецца. Балела ўкушаная рука. Макатунiшка ўскочыла зь зямлi, абтрасала лiсьцё, зьбiрала ў торбу сшыткi й кнiжкi. Твар ейны быў акрываўлены, у вачох стаялi сьлёзы. Захарук, быццам клешчамi, трымаў хлапца за правую руку.
— Дзядзька, пусьцi, — прасiўся Янук.
— Скажы, чаму дзяўчыну бiў, тады пушчу! — загадаў Захарук.
Янук маўчаў i тузаўся.
— Завошта ён цябе бiў, Дуня? — спытаў рудавусы дзядзька дзяўчыну.
— Нi пушчаiць у школу. Кажыць, каб зь iм нi хадзiла, — дрыжачым галаском скардзiлася пакрыўджаная Макатунiшка.
— Так? — зьдзiўлена зiрнуў проста Януку ў вочы здаравенны дзядзька. — Ты гэта што? Яна цябе пытацца маiць? Чаму-ж гэта?