Выбрать главу

— Глядзi, Янучок, асаднiкавых каровак, а ня дудкi стругай, — усьмiхнулася дзяўчына, адкiнуўшы завязаны мех i мосьцячыся, каб прысесьцi побач пастуха.

— Каровак гэтых цяперака й дзiця дагледзiць. Вiдзiш вунь, як панажыралiся.

— Добры зь цябе, мусiць, пастух.

— Лацьвей пасьцiць, як ёсьцека на чым. От папасi ты ў нас удома, калi тэй карове хоць ты скапычаную голую зямлю грызi. То табе нi хаханькi. А што гэта ты ў мяшку тарабанiш?

— Адгадай.

Янук падцягнуў да сябе зрэбны парудзелы мех i браўся разьвязаць. Дуня лагодна стукнула яго па руках.

— Нi разьвязывай. А нос нашто?

Янук нахiлiўся над мехам, колькi разоў чмыхнуў носам, цягнучы водар духмянага зельля. Дуня схапiла яго за галаву й пачала таўчы носам у мех.

— Ну, адгадывай скарэй! — падахвочвала, хiхiкаючы.

— Нi адгадаю, лепi скажы.

— А от нi скажу.

— Ну, дык любiць цябе за гэта ня буду.

— I ня трэба, лепшага сабе знайду.

— Толькi-ж паспрабуй! — засьмяяўся Янук.

Настаў нязручны момант. Абодва аблiлiся чырваньню й глядзелi ў бакi, каб не сустрэцца вачамi. Шмат часу пазьней, прыгадваючы гэты момант, Янук пэўны быў, што, яшчэ аб тым ня ведаючы, яны тады ўжо былi закаханыя.

— Дык што? Многа назьбiрала ўжо? — спытаў Янук, каб спынiць нязручнае маўчаньне.

— Нямнога. Алi-ж усё лета наперадзе.

Гамонка не вязалася. Не пра тое хацеў Янук выпытаць дзяўчыну.

— Слухай, Дуня. Цi праўда гэта, што вашая Параска камунiстычныя афiшкi разносiць?

— Якiя?

— Бальшавiцкiя.

— А хто гэта табе казаў?

— Так многа хто гаворыць. Праўда гэта цi не?

— Я яе нi пыталася. Можа, дзе й носiць. Я-ж за ёй нi хаджу й нi падглядаю.

— А яна што робiць цяпер?

— Во цяперака во?

— Ага.

— У лiпавiцкага пана, мусiць, у вагародзе полiць цi што. Чаму пытаiсься?

— Знаiш, каго я ў Гараватцы на Яна вечарам вiдзiў?

— Каго-ж? Чарцей, можа…

— Чарцей, ды такiх, што й ты iх знаiш. Адзiн Шпунтоў Лявон, а другi цi ня быў Косьцiк Сабакевiч. Чуў як Лявон зь некiм гаварыў. А ў гэны-ж дзень каля гацкай царквы бальшавiцкiя афiшкi параськiдалi, дык палiцыя й шпiкi Косьцiка шукалi. Двух-жа на вiчарыня ў Кмiтавых было. Дык Лявон, мусiць, iз Косьцiкам адну руку дзяржыць, а празь яго й твая сястра дастаець. Як ты думаiш?

— Параска каб калi заiкнулася што. Сам знаiш, якая яна дзiўная бываiць…

Янук ведаў, што Дуня разумела пад тым словам «дзiўная», i далей не пытаўся.

— Што-ж тады Лявон табе казаў? — спытала Дуня.

— А што ён маiць казаць? Нi рад быў, што на мяне наткнуўся. Казаў мне, што нiкому анi слова пра тое, што ў Гараватцы вiдзiў, а то…

— А то што?

— А то, кажыць, нi жывацей. Так i сказаў: нi жывацей. I яшчэ адно, але нi знаю, цi табе прызнавацца…

— Чаму-ж не, кажы! — загарэлася Дуня.

— Раскажыш каму?

— Яй-Богу, не! Дадушы!

Янук зiрнуў у Дунiны вочы й пабачыў там шчырасьць.

— Гэты самы Лявон Шпунт мяне ў Кмiтавых сенцах, скора пiрад тым, як палiцыя прышла, злавiў. Я толька ўбег, а мяне нехта хап! упацёмку, дык я аж спужаўся. А ён мяне тады ў цёмны куток адцягнуў i пытаўся, цi я каму нi расказваў, што яго ў Гараватцы вiдзiў.

— Мусiць, баiцца, каб нi зналi…

— Няўжо-ж што…

— От-жа чорт лазовы. Гэта-ж цяперака добра было-б, каб яго ў цюрму ўпякаць, — сказала Дуня.

— Чаму?

— Ён маiх сясьцёр зьнявечыў. Дык нiхай-бы гнiў там, нiхай-бы вошы заелi падлу!

Дунiн голас шыпеў злосьцю.

— Ты знаiш, што гэта ён?

— А хто-ж? Я-ж нi глухая — чую, як яны гаворуць.

— От яно як.

— Што ты скажаш, Янучок, каб гэта пайсьцi ды палiцыi сказаць? Нiхай-бы ўзялi.

— Божа цябе баранi! Лепi нi чапай заразу. Яшчэ дазнаiцца, дык посьля нi дасьць жыць.

— Чорт яго бяры. От пайду ды й заяўлю.

— Калi ты гэта сур'ёзна, дык я табе нi пазволю.

— Як гэта так?

— Ты-ж мне бажылася, што нiкому слоўца нi пiкнiш, што я табе раскажу.

— Праўда. От лiха, чуць душой нi скрывiла.

IX

Гэны нядзельны дзень пачаўся для Пракопа Бахмача вельмi рана. Учора яшчэ мiж iм i Аленай Бахмачыхай адбылася такая гутарка:

— Схадзiлi-б, можа, заўтра ў малiны? — пачала жонка.

— Куды гэта?

— У казну, куды-ж яшчэ…

Пракоп прамаўчаў. Ён i жонка былi ў саракавых гадох, у самай сiле й росквiце.

— Калi тут, цi заўчорака гэта, вiдзiла вуньдзiка, як Брунiськi дзьве, каждая па вялiкiм кошыку малiн тарабанiлi. А такiя сочныя, вялiкiя, духмяныя. Людзi павызьбiраюць, пакуль мы сабяромся.

Пракоп ведаў, што хаця-нехаця, заўтра ў сьвяты нядзельны дзень трэба будзе йсьцi ў лес па малiны. Трэба якога-ж варэньня, каб хоць на лекi.

— Можна было-б, — адказаў, марудзячы. — А як-жа гэта з талонамi будзiць?

— Абойдзiцца неяк. Дзе-ж грошы…

Мова была пра талёны, што трэба было выкупляць ад мяйсцовага солтыса, што тут выступаў як агэнт лясьнiцтва, або ў самай лясьнiчай «панствовай» канторы ў Гацях. Без талёну нельга было ў скарбовым лесе зьбiраць грыбоў, арэхаў, розных ягадаў. Адзiн талён каштаваў 50 грошаў — паўдня жаночае працы ў лiпавiцкага пана цi ў суседнiм фальварку.

Мяйсцовай лясной дзялянкай загадваў бальшынi вакольных людзей нялюбы руды, каржакаваты колiшнi легiянер Зьдзiсек Бжончэк. Ён, якi лiс, вечна стрыг вушамi й чмыхаў-нюхаў носам. Быў зь яго выдатны службiсты. Калi пойдзеш у лес, не трапляйся яму лепш на вока. Меў двох памочнiкаў, што рабiлi аб'езды. Тыя былi куды лагаднейшыя.

Агульна ў Заходняй Беларусi былi чатыры апiрышчы польскага акупацыйнага апарату: палiцыянт, каталiцкi польскi ксёндз, солтыс i настаўнiк. Для лiтоўскiх i суседнiх быў яшчэ й пяты слуп у васобе пана Бжончыка. На яго баку была ўлада. Ён нават чынiў гвалт над сялянамi, што без дазволу старалiся сарваць якую ягадзiну, арэх цi грыб. А ўжо нiколi не папускаў злодзеям, што якое дрэва высячы паквапiлiся.

Каму-ж гэта не рупiла ў лес! Цяжка нават уявiць Беларуса бязь лесу. У яго самога карэньнi, можна сказаць, ад веку вякоў лясныя. У лесе такое багацьце ўсякага дабра, такое вялiкае й неабдымнае хараство! Але тут вось на дарозе вырас пан Бжончэк, i анi кроку! Ён тут гаспадар!

Аб гэтым усiм думаў Пракоп Бахмач у нядзелю ранiцы. Устаў з пасьцелi цiханька, усьпялiў на сябе зрэбныя порткi, падношаную сiнюю кужэльную сьвiтку й, перш за ўсё, упоцемку стануўшы перад абразамi на покуцi, змовiў раньнюю малiтву.

Бахмачыха чула, што ўстаў муж, але знаку аб сабе, што прачнулася, не падала. «Нiхай-жа думаiць, што сплю», — падумала. Рыпнулi ў сенцах дзьверы, i Пракоп ступiў на сухi панадворак. Даўно не было дажджу, прыгадаў Пракоп. Нахiнуў пры калодзезi вядро, сьцюдзёнай вадой апаласнуў твар, выцер ручнiком, што вiсеў на плоце.

Ужо золак. Пабляднелi зусiм зоркi на чыстым небе. Неўзабаве будзе вiднець. Трэба, не марудзячы, вывесьцi й напасьвiць па канавах ля дарогi Чарнулю. Там, як сонца на пядзю вышынi з-за балота вызiрне, дык можна будзе падаiць, а тады й у «казну» па малiны пайсьцi. На сваiм-жа папары каб табе дзе травiнка гэтак усё высахла. Ды й колькi там гэнага папару — як добрай кабеце сесьцi. Гэта во, каб не вадзiў пасьвiць па канавах ля дарог, ля могiльнiку цi дзе трапiцца сьвежае лапiкла травы, то й напарстку не надаiлi-б. А жыць-жа трэба, працаваць трэба. На круглагодняй посьнiцы ногi выцягнеш.

Ледзь дакрануўся Пракоп клямкi варот у хляву, як ад сярэдзiны дайшло да вушэй нiзкае й задаволенае мыканьне. Чарнуля ведала, куды павядзе яе гаспадар — не першыня-ж гэта. Кабылы не было ў хляву, яна начавала за гумном у загарадзi.

Пракоп асьцярожна ступiў босымi нагамi ў хлеў. Саломы на посьцiлку ў гаспадарцы даўно каб табе калiва засталося. Пад нагамi стаяў рэдкi гной. Пракоп закiнуў Чарнулi павадок на рогi, вывёў да карыта й напаiў. На вулiцы затрымаўся ля плоту, нарваў крапiвы й выцер карове запэцканыя гноем бакi й чэрава. Рушыў праз аселiцы ў кiрунку могiльнiка, а там павярнуў на бальшак, што з усходняга боку Лiтоўцаў бег праз чыгунку ў кiрунку Галавачоў, а на поўднi хаваўся ў скарбовым лесе й там лучыўся iз гасьцiнцам. Па ўзбочынах бальшаку мейсцамi было шмат травы. Не марудзячы, Чарнуля пачала скубсьцi, а Пракоп пачаў прыслухоўвацца раньнiм гукам i прыглядаўся, як нараджаецца новы дзень.